Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над яшчэ адным “польскім шпіёнам”


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскоўскім акруговым вайсковым судзе пачаўся суд над маёрам расейскай арміі Сяргеем Юрэням. Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве ў форме шпіянажу. Паседжаньне праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Сяргей Юрэня праходзіў сьведкам па справе “польскіх шпіёнаў” зь Беларусі.

Паводле сьледзтва, расейскі вайсковец разам з чатырма афіцэрамі беларускага войска перадаваў польскай выведцы дадзеныя пра стратэгічныя аб’екты аб’яднанай сыстэмы проціпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Чацьвёра “польскіх шпіёнаў” зь Беларусі ўжо асуджаныя Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду Беларусі. Афіцэраў Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка суд пакараў пазбаўленьнем волі. Пяткевічу і Карнілюку далі 7 гадоў кожнаму, Богдану – 9, а Рускіну – 10 гадоў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Рускіна і Богдана затрымалі 5 студзеня, а Пяткевіча і Карнілюка — 31 студзеня. Нагадаем, што КДБ паведаміла пра затрыманьне “польскіх шпіёнаў” толькі ў ліпені, незадоўга да адстаўкі старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі.

Шпіёнаў затрымалі пасьля таго, як маёр расейскай арміі Сяргей Юрэня нібыта прыйшоў з пакаяньнем у расейскую Фэдэральную службу бясьпекі і апавёў пра сваё супрацоўніцтва з польскай выведкай.

Паводле газэты “Коммерсантъ”, С.Юрэня прызнаўся, што актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі афіцэрамі цягам 2005-2006 гадоў, але быў расчараваны памерам матэрыяльнага заахвочваньня за шпіянаж. З-за гэтага ён і вырашыў здацца.

Сяргей Юрэня поўнасьцю прызнаў сваю віну і пакаяўся.

Асуджаныя “польскія шпіёны” зь Беларусі праходзяць сьведкамі па справе С.Юрэні.

• “Польскіх шпіёнаў” пакаралі. Адвакаты адмовіліся ад камэнтароў, 14.09.2007 • “Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма, 04.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG