Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось як знішчаюць беларускую мову ў нас у Бярозаўцы”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 18 верасьня ў розныя гады мінулага.

Пад рубрыкай “Нам пішуць” у “Беларускай вёсцы” за 1927 год за подпісам Міхась можна прачытаць: “У м. Пухавічы кожную нядзелю бываюць кірмашы. Зьбіраецца шмат народу. Гэта добра, але кепска тое, што калі піць захочаш, дык хоць да дому ідзі. На базары квас гандляры прадаюць, ды толькі гэтага квасу як вып’еш, так у “рыгу” і паехаў”. Сялькор Носка: “І шэф-жа наш, няхай яго трасца — кажуць у в.Баравой, Койданаўскага раёну. Організаваў гэты шэф у нашай вёсцы гурток па ваенізацыі, запісаў моладзь, ды на гэтым справа і кончылася. “Беларуская вёска”, штурхні ты нашага шэфа”.

“Знамя юности” ў 1987 годзе да 75-годзьдзя Максіма Танка друкуе вялікі фотарэпартаж Віктара Жука і нізку вершаў паэта, сярод якіх — наступны:

Калі сваё пяро Я зазямляю У розных асабістых Справах і клапотах І пачынаюць, быццам Па громаадводу Бліскавіцы слоў Па ім сплываць На белы ліст паперы, — Усё часцей Лаўлю сябе на думцы: Ці ў гэты час — Трывожны і адказны Пра тое я пішу, Што трэба І як трэба?

“Народная воля” ў 1997 годзе друкуе ліст зь Бярозаўкі: “Калі ласка, надрукуйце мой ліст, няхай свет пасмяецца над тым, што ў нас творыцца. У першы дзень верасня мая дачка-сямікласніца прыходзіць са школы. Я пытаюся: “Ну, як справы?” “Нармальна, — адказвае, — толькі ўсе прадметы будуць выкладацца на рускай мове”. “Ну, няўжо ўсе?” — здзіўляюся. Тады дачка дадае: “Не, урокі па беларускай мове і літаратуры будуць весціся на беларускай...” “А летась?” — міжволі запыталася я і адразу ж успомніла — год таму толькі руская мова і літаратура былі на рускай мове. Вось як знішчаюць беларускую мову ў нас у Бярозаўцы”.
XS
SM
MD
LG