Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае Аляксандар Лукашэнка лецішча ў Сочы?


Ігар Карней, Менск У расейскім курортным горадзе Сочы, які будзе прымаць зімовую Алімпіяду 2014 году, ажыятаж вакол куплі-продажу зямлі і нерухомасьці. У мінулую суботу ў праграме “Рускія сэнсацыі” на канале НТВ у тэматычнай перадачы, прысьвечанай сочынскай нерухомасьці расейскіх палітыкаў, алігархаў, зорак кіно і сцэны, прагучала інфармацыя, што ў горадзе будучай Алімпіяды мае лецішча і Аляксандар Лукашэнка.

У перадачы НТВ не прагучала ніякіх доказаў існаваньня ў Краснай Паляне пад Сочы лецішча кіраўніка Беларусі. Адно толькі сочынскі рыэлтар Дзьмітрый Гобараў заявіў пра нейкіх людзей, якія, маўляў, кажуць, што сусед у іх – сам “бацька Лукашэнка”. Спаслаўшыся на надзвычай высокі ўзровень сакрэтнасьці, на экране здалёк паказалі невялікі дом зь беларускім дзяржаўным сьцягам і надпісам лацінкай “Belarus”.

Беларуская нерухомасьць на арандаванай расейскай зямлі

Спробы спраўдзіць інфармацыю наконт існаваньня прэзыдэнцкай нерухомасьці ў Краснай Паляне асаблівага плёну не далі. У адміністрацыі прэзыдэнта так і не знайшлі, хто б мог пракамэнтаваць паказаны расейскім тэлеканалам сюжэт. У цэнтрах нерухомасьці Сочы таксама не ўзяліся пацьвердзіць інфармацыю. Аднак адзін зь мясцовых рыэлтараў Дзяніс Кручкоў, які спэцыялізуецца ў зьдзелках у згаданай Краснай Паляне, расказаў, што беларускія пабудовы там сапраўды ёсьць і падчас адпачынкаў на поўдні Расеі Лукашэнка насамрэч спыняецца ў Краснай Паляне. Аднак наконт лецішча інфармацыю не пацьвердзіў:

“Ды не, маецца на ўвазе гэтак званы “прэзыдэнцкі домік” на тэрыторыі Краснай Паляны. Такі ж корпус як для турыстаў, толькі ў шмат разоў меншы. І там абсталяваны прэзыдэнцкі нумар, і там кожнага ахвотнага ня селяць. Домік стаіць побач з галоўным корпусам. Гэта ўвогуле 3,5 гектараў арандаванай беларусамі зямлі, на якой стаіць некалькі дамкоў. Адзін вялікі корпус – для гарналыжнікаў, спартоўцаў, алімпійцаў; адзін маленькі, абсталяваны для прэзыдэнта, і куча такога ж памеру збудаваньняў – лазьня, пракат лыжаў. Але канкрэтнага лецішча няма. Дый няма сэнсу яго там мець, таму што ёсьць вось такі асобны дамок”.

Міні-гатэль Лукашэнкі суседнічае з рэзыдэнцыяй Пуціна

У чэрвені, на пачатку сэзону адпачынкаў, дэлегацыя з журналістаў афіцыйных СМІ наведала Красную Паляну. “Недзяржаўным” сярод іх быў дырэктар турыстычнага парталу “Holliday.by” Андрэй Барашка. Ён таксама кажа, што журналісты НТВ дзеля “піару” пакарысталіся шыльдамі зь беларускімі сымбалямі, убачанымі з дарогі. Аднак рэжым сакрэтнасьці на арандаванай зямлі не такі моцны, як кажуць расейцы:

“Што тычыцца ўласнасьці Беларусі, ды гэта пакуль яшчэ і ня ўласнасьць. Гэта ўзятая ў арэнду зямля, доўгатэрміновы лізінг. На тэрыторыі гэтых трох гектараў знаходзіцца гатэльны комплекс, які складаецца з шэрагу невялікіх гатэляў. Гэта, можна сказаць, нават міні-гатэлі. Якраз зараз здадзены 4-зоркавы гатэль на 70 месцаў. Побач будуецца клясай ніжэйшы, больш даступны (3-зоркавы). І тут жа маецца, скажам так, віла, якая абсталяваная прэзыдэнцкімі нумарамі. То бок, статус абавязвае, ня толькі ў беларускіх гатэляў ёсьць прэзыдэнт-нумары, але і ў іншых. Да таго ж, недалёка і пуцінская рэзыдэнцыя.

Што да асаблівага “фэйс-кантролю”, звышаховы, дык за час знаходжаньня ў Краснай Паляне такога заўважана не было. Дый увогуле апошнім часам, дазволю сабе выказаць думку, НТВ патыхае “жаўцізной”.

У Сочы ажыятаж на зямлю і нерухомасьць

Пабудаваны на загад Лукашэнкі ў Краснай Паляне гарналыжны цэнтар належыць санаторыю "Беларусь", які знаходзіцца ў самім Сочы і, як і іншыя беларускія здраўніцы ў замежжы, падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Сёлета ў сакавіку практычна ўсё вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ў атачэньні сьпевакоў і спартоўцаў сабралася на адкрыцьцё цэнтру. Ужо тады Лукашэнка заявіў: шматмільённыя інвэстыцыі ў гарналыжны комплекс апраўданыя, паколькі даюць дзесяціразовую аддачу. І меў рацыю. Ужо ў жніўні на паседжаньні Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Гватэмале Сочы быў абвешчаны сталіцай зімовай Алімпіяды-2014, ад чаго стаў на сёньня адным з самых дарагіх гарадоў ня толькі ў Расеі, але і ў Эўропе.

Ужо на другі дзень цэны на паслугі і нерухомасьць у Сочы падскочылі на 30%. Цягам месяца кошты працягваюць расьці і радаваць уладальнікаў нерухомасьці і надзелаў. Праўда, на тым тле ўсё болей зьвестак пра крымінальныя разборкі і спробы высяленьня мясцовых жыхароў. Экспэрты прагназуюць, што чым меней часу будзе заставацца да Алімпіяды, тым больш праблематычна будзе знайсьці ў Сочы вольны кавалак зямлі.

Ва ўласнасьці Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта на поўдні Расеі таксама маецца санаторый “Белая Русь” у Туапсэ, які карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў беларускіх міністраў і дэпутатаў. Як і ў выпадку з санаторыем у Сочы, узьнікае магчымасьць зарабіць, бо ўстановы могуць выклікаць увагу замежных спартоўцаў, якія захочуць патрэніравацца ў набліжаных да алімпійскіх умовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG