Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

П. Рудкоўскі: “Ад улады найбольш церпяць нефармальныя рэлігійныя ініцыятывы”


Віталь Цыганкоў, Менск У якой стадыі знаходзяцца цяпер узаемадачыненьні паміж уладай і рэлігіяй у Беларусі? Якія рэлігійныя суполкі і чаму найбольш адчуваюць ціск з боку ўладаў? На гэтыя пытаньні адказаў сьвятар і філёзаф Пётра Рудкоўскі.

Цыганкоў: “Якімі словамі найлепш ахарактарызаваць дачыненьні паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфэсіямі ў Беларусі? Гэта супрацоўніцтва, падпарадкаваньне ці нешта іншае?”

Рудкоўскі: “Гэтыя адносіны можна назваць станам такой хісткай раўнавагі. Раўнавагі, бо нейкіх хранічных канфліктаў не назіраецца, і пакуль што, відаць, ня будзе. Часам назіраюцца пэўныя эксцэсы накшталт памятнага артыкулу намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоля Рубінава антырэлігійнага характару альбо антыкаталіцкага артыкулу ў чэрвені ў газэце “Рэспубліка” “Новые крестоносцы”. Але ў абодвух выпадках рэдакцыі паспрабавалі зьмякчыць гэты выступ альбо нават выбачыцца”.

Цыганкоў: "Але дзяржава ўсё ж па-рознаму ставіцца да рэлігійных канфэсіяў... Ці гэта нармальная зьява і вызначаецца тым, што адны канфэсіі ў Беларусі больш масавыя і ўплывовыя за іншыя? Дзяржава ня можа аднолькава ставіцца да праваслаўнай царквы і пратэстанцкіх цэркваў?"

Рудкоўскі: “Так, было б труізмам чарговы раз сьцьвярджаць, што ў найбольш прыхільнай сытуацыі знаходзіцца Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, на другім месцы – Каталіцкая царква, і на трэцім – пратэстанцкія супольнасьці.

Хаця калі больш пільна прыгледзецца да функцыянаваньня канфэсіяў, то можам знайсьці шмат падабенстваў. У кожнай канфэсіі найбольш ад уладаў церпяць якія-кольвечы нефармальныя, “падпольныя” ініцыятывы альбо рухі. Згадаю хаця б выпадак з жыцьця Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. У сакавіку супрацоўнікі КДБ зрабілі налёт на малітоўную сустрэчу аднаго з праваслаўных брацтваў, якія ўваходзяць у Праабражэнскую садружнасьць малых брацтваў. Усе менш фармальныя, менш афіцыйныя рухі, якія характарызуюцца пэўным моладзевым дынамізмам – яны выклікаюць у дзяржаўных органаў пэўную падазронасьць”.

Цыганкоў: “Дзяржава хоча, каб “спакой і парадак” быў нават на рэлігійным узроўні... Каб іншыя рэлігійныя суполкі не вылучаліся з агульнай плыні?”

Рудкоўскі: “Так. Тут лёгіка даволі простая. “Мы ня маем нічога супраць рэлігіі пры ўмове, што там пануе стабільнасьць, там усё пад кантролем. Моладзевыя ініцыятывы, інтэлігенцкія спатканьні – гэта ўжо падазроная справа, невядома, у што гэта можа пераўтварыцца”. Прыблізна гэтак можна рэканструяваць лёгіку прадстаўнікоў дзяржаўнай улады”.

Паводле сацыялягічных зьвестак, каля 50 працэнтаў грамадзян Беларусі адносяць сябе да той ці іншай канфэсіі, аднак беларускія ўлады настойваюць, што 80 адсоткаў жыхароў краіны зьяўляюцца праваслаўнымі, 14 – каталікамі, 2 – пратэстантамі. Паводле стану на студзень 2007 году ў Беларусі было зарэгістравана 3103 рэлігійныя грамады 25 канфэсіяў, у тым ліку 1399 – праваслаўных, 493 – эвангельскіх хрысьціян, 440 – католікаў, 267 баптыстаў, 74 – адвэнтыстаў, 29 – іўдзеяў, 27 – лютэран, 24 – мусульман.


• Дзярждэпартамэнт ЗША: "Беларускі ўрад абмяжоўвае свабоду рэлігіяў", 14.09.2007
XS
SM
MD
LG