Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбургу выйшла кніга вершаў Ніла Гілевіча “Бунт непрыкаянай музы”


Іна Студзінская, Менск Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных беларускіх СМІ за 18 верасьня.

Тыднёвік “Белорусы и рынок” у артыкуле “Зьмена штампаў і паняткаў” тлумачыць, у чым сэнс указу прэзыдэнта аб замене прапіскі рэгістрацыяй. Аўтар артыкулу Вадзім Хадасоўскі канстатуе: “Перайсьці на выключна паведамляльны парадак уліку грамадзянаў пакуль не ўдаецца”. Дарэчы, Беларусь адна з апошніх у Эўропе і нават сярод краінаў СНД скасоўвае інстытут прапіскі (прапіска дагэтуль ёсьць толькі ў Туркмэністане).

Беларусь ня мае намеру прадаваць расейскім інвэстарам кандытарскую фабрыку “Спартак”, -- паведамляе гэты самы тыднёвік са спасылкай на старшыню канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Івана Данчанку, які заявіў, што гэта “наш нацыянальны гонар, наш нацыянальны брэнд”.

У газэце “Новы час” зьмешчаны фотарэпартаж “Катэджы ў прыродаахоўнай зоне”. Распавядае галоўны рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль:

“На беразе Вялейскага вадасховішча на месцы вёскі Кучкі расьце элітны катэджавы пасёлак. Прыродаахоўная зона – 30 мэтраў ад вадасховішча, а яны будуюцца за 150 мэтраў”.

У “Новым часе” таксама апублікаваны нарыс Аляксандра Тамковіча з сэрыі “Найноўшая гісторыя ў асобах” — “Генэрал-дэмакрат Мечаслаў Грыб”, зь якога чытач даведаецца і пра сумнавядомую “віцебскую справу”, і пра палітычную дзейнасьць экс-сьпікера і “бацькі” беларускай Канстытуцыі.

Тыднёвік “Наша слова” паведамляе пра новую кніжку вершаў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, якая выйшла па-за межамі краіны. Распавядае галоўны рэдактар тыднёвіка Станіслаў Суднік:

“Выйшла кніжка “Бунт непрыкаянай музы”, дзе сабраныя вершы апошніх гадоў, якія друкаваліся ў газэтах. На вокладцы праглядваюцца выявы газэт “Наша ніва”, “Наша слова” і “Новы час”. Кніжка выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве “Невский простор”.

Інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць” зьмяшчае фотарэпартаж “Рыцарскі турнір на “лініі Сталіна”. Газэта робіць выснову: “Міжнародны рыцарскі фэст на справе аказаўся мясцовым “міжсабойчыкам”. Прычынай адмовы замежных клюбаў з Польшчы, Чэхіі ад удзелу ў фэсьце стала месца яго правядзеньня – так званая “Лінія Сталіна”. Акупіць затраты на арганізацыю турніру плянавалі за кошт продажу квіткоў. Аднак замест некалькіх тысяч гледачоў прыйшло каля сотні чалавек. Газэта піша: “Аргкамітэт, так бы мовіць, “у пралёце”, першы блін аказаўся комам”.
XS
SM
MD
LG