Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе 17 верасьня чырвоным днём календара?


Ігар Карней Праўладна арыентаваныя гісторыкі і грамадзкія дзеячы выступаюць з ініцыятывай абвясьціць 17 верасьня Днём беларускага адзінства. Чырвоны дзень у календары яны прапануюць адзначаць ад 17 верасьня 2009 году, калі будзе сьвяткавацца 70-гадовы юбілей “вызвольнага паходу” Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Незалежныя экспэрты спасылаюцца на факты, якія, на іх думку, не дазваляюць называць 17 верасьня Днём адзінства.

Амаль 70 гадоў далучэньне Заходняй Беларусі да БССР выклікае шэраг супярэчлівых меркаваньняў. На афіцыйным узроўні цягам усёй савецкай гісторыі канстатуецца, што 17 верасьня 1939 году адбылася гістарычная для беларусаў падзея: савецкія войскі вярнулі тэрыторыю, якая 20 гадоў знаходзілася пад уладай Польшчы.

Пры гэтым нячаста здараецца, каб афіцыйныя чыноўнікі па памяці цытавалі відавочцу падзеяў Максіма Танка, які па гарачых сьлядох пісаў: “Ніякія рэляцыі, ніякія зводкі, ніякія пазьнейшыя сьведчаньні гісторыкаў ня могуць перадаць таго энтузіязму і той радасьці, зь якімі працоўныя Заходняй Беларусі віталі Чырвоную Армію”.

Ці будзе адзначаць 17 верасьня зьбіральнік славянскіх зямель?

Намесьнік дырэктара НДІ тэорыі і практыкі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Леў Крыштаповіч перакананы, што “гістарычная праўда” патрабуе неадкладных карэктываў і ў каляндарных сьвятах:

“Калі з гледзішча ўнутрыпалітычнага, то ніякіх альтэрнатываў быць ня можа. 14 лістапада 1939 году быў прыняты закон Вярхоўным Саветам СССР аб прыёме Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. І – як у працяг было патлумачана – тым самым адбылося ўзьяднаньне вялікага беларускага народу ў адзіную беларускую дзяржаву. Вось, як мне падаецца, ключавы момант, зь якім мы павінны падыходзіць да гэтых падзеяў і адлюстроўваць іх з пункту гледжаньня гістарычнай праўды”.

Напярэдадні адзначэньня чарговай гадавіны яднаньня народу Беларусі ў Менску адбыўся “круглы стол”, прысьвечаны падзеям 17 верасьня 1939 году. Тэму сфармулявалі адназначна: “Праўда і хлусьня пра ўзьяднаньне Заходняй Беларусі з БССР”. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Беларускага саюзу афіцэраў, вайскова-навуковага камітэту Міністэрства абароны, Беларускага прадстаўніцтва выканкаму Сабору славянскіх народаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны, аб’яднаньняў “Русь”, БРСМ і КПБ.

Удзельнікі выступілі з прапановай разгледзець на чарговым паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы пытаньне аб наданьні Дню беларускага адзінства сьвяточнага статусу, а таксама аб унясеньні яго ў каляндар памятных датаў саюзнай дзяржавы. Адпаведная прапанова накіраваная Аляксандру Лукашэнку, якога славянафільскія арганізацыі даўно называюць “зьбіральнікам славянскіх зямель”. Рэфрэнам да гэтага гучыць і канцоўка ліста: “У верасьня 1939 году пачаўся вызвольны паход Чырвонай Арміі, які забясьпечыў узьяднаньне беларускіх земляў”.

Не вызваленьне, а гандаль паміж таталітарнымі дзяржавамі?

Удзельнікі паседжаньня выступілі з рэзкай крытыкай замежных і ўнутраных сілаў, якія напярэдадні круглай даты імкнуцца паказаць “у скажоным выглядзе падзеі, зьвязаныя з гераічнай барацьбой народу Заходняй Беларусі за аб’яднаньне з БССР і роляй СССР у вызваленьні беларускіх земляў”.

Аднак незалежныя аналітыкі акцэнтуюць увагу на тым, што падзеі верасьня 1939 году мелі ня толькі станоўчае значэньне для беларусаў. Як кажа гісторык Аляксей Кароль, пасьля аб’яднаньня на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалася масавая калектывізацыя, што карэнным чынам зьмяніла жыцьцё тысяч людзей. Апроч таго, нельга забывацца пра падзеі, якія прычыніліся да вызвольнага паходу:

“Узьяднаньне беларускіх зямель гістарычна апраўданае і справядлівае. Але 17 верасьня 1939 году – сама па сабе зьява, якая цалкам упісваецца ў пакт Молатава-Рыбэнтропа, то бок у падзел сфэраў уплыву дзьвюх таталітарных дзяржаваў.

Аб’яднаньне беларускіх земляў – справядлівая справа ў несправядлівых рамках. І сёньня ўздымаць пытаньне аб тым, каб надаць гэтаму дню значэньне даты сьвяточнай, даты аб’яднаньня, ня толькі няправільна, але па сутнасьці і спрэчна з гістарычнага пункту погляду. Гэтая ініцыятыва – у працяг аднаўленьня ці стварэньня “Лініі Сталіна”, якой у сапраўднасьці ў паднесеным кантэксьце не было. Ідэалягічныя рамкі тыя ж самыя”.

Савецкі канец кантрабандысцкага Эльдарада

Мястэчка Ракаў колісь было фарпостам на савецка-польскай мяжы з боку Заходняй Беларусі і лічылася ўзорам капіталізацыі. Мастак Фэлікс Янушкевіч, які зьбірае ў прыватнай “Галерэі Янушкевічаў” сьведчаньні дасавецкай гісторыі Ракава, расказвае: прывольнае жыцьцё ракаўцаў скончылася разам зь іхнай саветызацыяй:

“Што такое Ракаў да 1939 году? Гэта 134 крамы, 96 рэстаранаў, 4 бардэлі. На золата ў нас у казіно не гулялі, але ў Ракаве пагульвалі ў карты і хадзілі царскія капейкі: кожны цягнуў мяшок залатых, чэрпаў адтуль сподачкам. У тагачасных кнігах Ракаў называецца “кантрабандысцкім Эльдарада”, залатой сталіцай.

Натуральна, што мы гэтага золата тут не намылі. Гэта проста Ленін выконваў абавязаньні перад эўрапейскімі фінансавымі групамі, і чэкісты гналі праз Ракаў золата. Зрэшты, адсюль і легальна вагонамі кантрыбуцыя зьяжджала: чэкісты падганялі сюды абозы з золатам, тут на сябе браў абавязаньні польскі бок. Але ўрэшце бальшыня гэтых грошай трапляла ў ценевыя банкавыя структуры. У тым ліку па дарозе частка золата разыходзілася і па кішэнях мясцовага насельніцтва”.

Карэспандэнт: “Колькі да 1939 году ў Ракаве было народу?”

Янушкевіч: “6,5 тысяч. А цяпер 2,5 тысячы, як і падчас адступленьня немцаў. Бо пасьля адступленьня нас “дабілі” другія саветы. Прыяжджалі брыгады КДБ, абзывалі нас палякамі і шмат людзей праз гэтага зьехалі на Польшчу. Былі і тыя, хто сымпатызаваў, дык маладых хлопцаў і дзяўчат, хто чыста па-польску размаўлялі, папярэджвалі, каб добрыя грошы клалі ксяндзу і “умотваліся” адсюль: “Альбо вас чакае Сібір і Казахстан”. І ня дзіўна, што 2 тысячы запісаліся палякамі і зьехалі”.



Фэлікс Янушкевіч дэманструе атрыбуты жыхароў дасавецкага Ракава (фота аўтара)

• Афіцыйныя гісторыкі – за абвяшчэньне 17 верасьня дзяржаўным сьвятам ,
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG