Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 17 верасьня


Севярын Квяткоўскі Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заяву Аляксандра Лукашэнкі ў часе сустрэчы з грузінскім міністрам унутраных справаў Іване Мэрабішвілі пра “рашучы настрой на добрыя ўзаемадачыненьні з грузінскімі братамі”. Камэнтары:

“Гэта вельмі мудра. Галоўнае ня быць злапамятнымі”;

“Супраць каго будзем сябраваць?”;

“Пачынаецца гандаль з Расеяй за газ”.

Блогер Аляксандар Брэчэк напярэдадні 17 верасьня сфармуляваў сваё стаўленьне да Дня ўзьяднаньня Беларусі: “На пачатку ХХ стагодзьдзя Польшча, паводле ўмоваў вельмі несправядлівага для нас, так званага «Рыскага міру» захапіла заходнія беларускія землі – гэта гістарычны факт. Падпісалі гэтую дамову ў Рызе 18 сакавіка 1921 году як Варшава, так і Масква, прычым без найменшага намёку на прызнаньне беларускіх інтарэсаў. Але ўсё ж, падзеі верасьня 1939 году дазволілі павялічыць нашу тэрыторыю амаль удвая, насельніцтва ўзрасло з 5 мільёнаў 562 тысяч да 10 мільёнаў 239 тысяч чалавек, і такім чынам беларускі народ цалкам апынуўся ў складзе адной, праўда, вельмі таталітарнай дзяржавы.

...Галоўным сьвецкім сьвятам году для любога беларуса быў, ёсьць і будзе дзень 25 сакавіка 1918 года, калі ўпершыню ў гісторыі была абвешчаная незалежнасьць Беларусі. З гэтага моманту мы ведаем – хто мы, і дзе наша зямля. Усё астатняе – другаснае”.

Блогер xenos_by піша ў сваім дзёньніку пра беларускую мову: “Нататкі маскоўскіх ЖЖстаў, што заехалі неяк у Менск, накшталт "большінство жітелей говоріт по-русскі", "практіческі все говорят по-русскі" выклікалі ў мяне на твары толькі ўсьмешку і думку: куды гэта іх у Менску так занесла. А тут бац: за тыдзень сустрэў у горадзе 3 чалавек: два школьніка ў трамваі, ды яшчэ дзяўчынку, што размаўляла па тэлефону “непанармальнаму...”

Жыве Беларусь! :)”.

У сеціве зьявіўся сайт Беларускіх аўдыёкніг. Тут можна паслухаць у фармаце MP3кавалкі са зборнікаў “Максім Багдановіч. Вершы”, “Беларускія народныя казкі” , “Уладзімер Арлоў. “Час чумы” у выкананьні Віктара Манаева, Галіны Кухальскай, Уладзімера Цэсьлера і Леаніла Дзяркача. Багдановічавы “Матылёк” у выкананьні Віктара Манаева.
XS
SM
MD
LG