Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як Францішка захапілася Францішкам (Хроснай маці чэскай беларусістыкі – 70)


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня калегі, сябры, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе віншавалі зь юбілеем беларусістку, перакладчыцу, ганаровага доктара Полацкага ўнівэрсытэту Францішку Сокалаву. Рэдакцыя Радыё Свабода таксама далучылася да гасьцей, якія прыйшлі ў бібліятэку з кветкамі і падарункамі.

Большую палову жыцьця Францішка Сокалава працуе ў Славянскай бібліятэцы, дзе ў яе рукі патрапілі многія ўнікальныя беларускія старадрукі – напрыклад, віленскае Эвангельле Пятра Мсьцсілаўца. А пасьля таго, як у канцы сямідзясятых у Празе знайшлася невядомая скарыніяна - фрагмэнты “Кнігі Судзьдзяў” — лёс беларускага першадрукара стаў пажыцьцёвай дасьледчыцкай тэмай спадарыні Сокалавай. Адметна, што па-чэску яе імя ёсьць жаночым адпаведнікам таго ж Францішка.

Яна дачка філёзафа Яна Патачкі, аднаго з заснавальнікаў “Хартыі-77”. Сталая слухачка “Свабоды”, адкуль чэрпае перадусім інфармацыю пра сваіх сяброў у Беларусі. Для сваіх перакладаў яна абірала творы Быкава, Арлова, Барадуліна...

На пытаньне, што б яна пажадала беларускім бібліятэкарам, Францішка Сокалава адказвае: верыць, што заўсёды будзе патрэба пашыраць свой уласны і грамадзкі кругагляд. І дадае: не лічыце гэту працу сумнай і мэханічнай.
XS
SM
MD
LG