Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Польшчы выйшла кніга пра Лукашэнку


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Часопіс “Newsweek Polska” выдаў сёньня разам з апошнім нумарам кнігу “Лукашэнка-дыктатар у калгасе Беларусь”. Наклад часопіса а разам зь ім і кнігі – каля 200 тысячаў асобнікаў.

Аўтар кнігі – журналіст часопісу “Newsweek Polska” Міхал Кацэвіч, якому беларускія ўлады пасьля шэрагу публікацыяў пра Беларусь адмовілі ў акрэдытацыі, а таксама ў атрыманьні турыстычнай візы.

Кніга “Лукашэнка-дыктатар у калгасе Беларусь” напісаная ў форме сэрыі рэпартажаў, прысьвечаных розным бакам жыцьця цяперашняй Беларусі. Значная ўвага надаецца кар’еры кіраўніка краіны – ягонаму паходжаньню, шляху да ўлады, працэсу ўзмацненьня “прэзыдэнцкай вэртыкалі”, рэпрэсіям супраць грамадзянскай супольнасьці.

Аднак найбольш цікавыя нататкі з падарожжаў Міхала Кацэвіча па Беларусі – рэпартажы з Горадні, дзе зьнішчаецца частка старога гораду, а таксама зь беларускай глыбінкі.

Кацэвіч апісвае радзіму Марка Шагала – Віцебск, “дзе галоўная культурная падзея цяпер гэта “Славянскі базар”.

“У Віцебску шмат замежнікаў. Чаму яны едуць у гэты горад зь Нью Ёрку, Лос Анджэлесу? Як гэта чаму – гэта горад Шагала! Але амэрыканцы, якія ведаюць творчасьць славутага мастака па нью-ёркскіх галерэях, крыху расчараваныя. Шагал хацеў пазьбегнуць такіх расчараваньняў, таму ў Віцебск не прыехаў. А сёньняшні Віцебск нават ня вельмі стараецца памятаць пра Шагала.. Віцебск мае іншага ідала, які сам лепш ведае і акрэсьлівае, што ёсьць культурай, а што толькі шкодным уплывам з-за мяжы”.
XS
SM
MD
LG