Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: ці перакваліфікуюцца прарэктары ў міліцыянтаў?


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць моладзевага актывіста Андрэя Цянюты. У суд яго прывезьлі з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе моладзевы актывіст правёў амаль трое сутак.

Андрэя Цянюту вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы й незаконным распаўсюдзе ўлётак у падтрымку выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнкі, якога выключылі з унівэрсытэту імя Скарыны за грамадзкую актыўнасьць.

Затрыманьне Андрэя Цянюты адбывалася ля будынку ўнівэрсытэту.

“Выйшаў прарэктар ўнівэрсытэту Ханеня, схапіў мяне за руку і павёў у кабінэт да сябе. Завёў у кабінэт, пачаў казаць, каб я паказаў яму свой пашпарт. Я адказаў: “Ня ведаю — хто вы? Можа, бандыт?” І ён, як выклікаў міліцынтаў, пачаў ужо казаць, што я лаяўся. Калі я спрабаваў выйсьці, ён схапіў мяне за горла”, — апавёў Андрэй Цянюта.

У тлумачэньні міліцыі прарэктар Ханеня сьцьвярджаў, што ведаў пра забарону расклейваць улёткі ў неналежным месцы, таму й затрымаў маладзёна.

Да ізаляцыі моладзевага актывіста прычыніўся й першы прарэктар Юры Кулажанка, які выклікаў міліцыю. Праўда, у тлумачэньнях спадар Кулажанка ня згадваў, што моладзевы актывіст лаяўся. Казаў толькі, што ён размаўляў зь некім па мабільным тэлефоне і спрабаваў выбегчы з кабінэту, але ня змог, бо ў дзьвярах стаяў унівэрсытэцкі ахоўнік Гарбачоў.

У судзе спадар Цянюта патлумачыў, што размаўляе пераважна на беларускай мове, у якой няма брыдкай лаянкі. Таму ён лаяцца проста ня мог.

Андрэю Цянюту дваццаць гадоў. Ён завочна навучаецца ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Расеі.

Судзьдзя Марыя Дамненка, якая разглядала два пратаколы на Цянюту, пра лаянку й распаўсюд улётак у падтрымку выключанага з унівэрсытэту студэнта матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнкі, перанесла суд на заўтра. Зьвязана гэта з патрэбай выклікаць у суд дзеля тлумачэньняў прарэктараў Ханеню й Кулажанку, а таксама ахоўніка Гарбачова.

Адвакат моладзевага актывіста Пётар Барысаў лічыць, што кіраўнікі ўнівэрсытэту незаконна затрымалі Андрэя Цянюту.
XS
SM
MD
LG