Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сюды пазьней савецкая ўлада прыйшла, таму тут больш цывілізавана”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якая розьніца сёньня паміж усходняй і заходняй Беларусьсю? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Сталы спадар: “Паміж заходняй і ўсходняй? Увогуле, усё-ткі ёсьць адрозьненьне. Калі пабыць у Магілёве і тут, то можна гэта адчуць. Я нават ня ведаю, як сказаць: сюды пазьней савецкая ўлада прыйшла, таму тут больш цывілізавана ўсё”.

Спадарыня: “Я хачу сказаць, што розьніца даволі вялікая ёсьць, адрозьніваемся мы ад усходніх беларусаў. Той факт, што “вялікая заваёва Кастрычніка” да нас прыйшла практычна толькі ў 1946 годзе, адыграў пазытыўную ролю. Усё. І я на гэтым буду стаяць нават пад катаваньнямі”.

Малады спадар: “Там такія ж нармальныя людзі, як і ў нас, краіна ў нас добрая, я ніякай асаблівай розьніцы ня бачу”.

Маладзён: “Канечне, розьніца ёсьць, яе можна адчуць па мэнталітэце. У заходняй Беларусі людзі паводле мэнталітэту больш падобныя да палякаў, а ва ўсходняй — да расейцаў. Розьніца гэтая ўсё ж існуе”.

Спадар: “Розьніцы ў нас няма, а толькі больш культурна жывуць на захадзе”.

Маладзён: “Мне здаецца, што цяпер ужо розьніцы не існуе. Глябалізацыя ўсёй Беларусі прыводзіць да таго, што нашая радзіма робіцца адным маналітным цэлым”.

Сталы спадар: “Розьніца, можа, толькі існуе ў культурных адносінах. Заходняя культура больш эўрапейская, а ўсходняя культура ёсьць усходняя, вось у гэтым уся розьніца”.

Малады спадар: “Адрознасьць існуе ва ўзроўні жыцьця, у стаўленьні да працы. Усходняя Беларусь, якая спрадвечна мяжуе з расейскімі тэрыторыямі, заўсёды будзе адчуваць іхны ўплыў, гэта натуральная рэч. А мы будзем мець уплывы з боку суседніх каталіцкіх краінаў. Гэта звычайныя, нармальныя адрозьненьні кожнай часткі краіны”.

Спадар: “Я ня так добра знаёмы з усходняй Беларусьсю. Магу толькі сказаць, што Гарадзеншчына ў пэўным сэнсе зьяўляецца даволі асаблівым рэгіёнам Беларусі. Можна было б рызыкнуць сказаць, што гэта неабавязкова адрозьненьне ў лепшы бок…”

Спадар: “Традыцыі, гісторыя проста так не праходзяць. Усходняя Беларусь знаходзілася больш за семдзесят гадоў пад савецкай уладай, таму дагэтуль розьніца паміж дзьвюма часткамі краіны застаецца”.

Маладзён: “У жыхароў Гарадзеншчыны заходні мэнталітэт. Карацей, ёсьць адрозьненьні ў мэнталітэце, з гэтай прычыны і ўзровень жыцьця таксама адрозьніваецца — на ўсходзе і на захадзе”.
XS
SM
MD
LG