Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе вайна з Іранам?


Юры Дракахруст, Прага Міністар замежных спраў Францыі Бэрнар Кушнэр учора заявіў, што сьвет павінен рыхтавацца да вайны з прычыны ядзерных амбіцый Ірану. Ён заклікаў да ўвядзеньня Эўразьвязам больш жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да Ірану ў параўнаньні з тымі, якія ўсталяваныя ААН.

“Мы павінны рыхтавацца да найгоршага, а найгоршае – гэта вайна”, – заявіў міністар замежных спраў Францыі Бэрнар Кушнэр, выступаючы ўчора ў нацыянальным радыё і тэлебачаньні. На ягоную думку, Іран зь ядзернай зброяй уяўляў бы “рэальную пагрозу ўсяму сьвету”.

Стваральнік арганізацыі “Лекары бязь межаў”, аанаўскі кіраўнік Косава ў 1999-2001 гадах у гэтым выпадку ў больш жорсткай форме паўтарыў словы прэзыдэнта Сарказі, які месяц таму заявіў, што Іран зь ядзернай зброяй – гэта непрымальны варыянт. Францускі прэзыдэнт тады таксама ня выключыў магчымасьць ваеннага канфлікту, хаця і падкрэсьліў, што такі варыянт быў бы катастрафічным.

У сваім учорашнім выступе кіраўнік францускага МЗС патлумачыў, што ваенны варыянт уяўляецца вельмі імаверным, калі перамовы зойдуць у тупік.

Заява была зробленая напярэдадні чарговай нарады ў МАГАТЭ з удзелам прадстаўнікоў Тэгерану наконт іранскай ядзернай праграмы.

Паводле экспэртаў, заява Бэрнара Кушнэра азначае, што Парыж лічыць эканамічны ціск і санкцыі недастатковымі, яны павінны быць спалучаныя з пагрозай ужыцьця сілы. Хаця і што да санкцыяў, то спадар Кушнэр прапануе зрабіць іх больш жорсткімі.

“У той час, калі перамовы працягваюцца, мы вырашылі падрыхтаваць пакет санкцыяў па-за межамі санкцыяў ААН. Гэта прапанавалі немцы, нашы добрыя сябры”.

Рада бясьпекі ААН двойчы ўводзіла супраць Ірану абмежаваныя санкцыі, але з-за пазыцыі Кітаю і Расеі не дала санкцыі на ўжываньне сілы.

Бэрнар Кушнэр таксама паведаміў, што ўрад зьвярнуўся да буйных францускіх кампаній, у тым ліку да нафтавай кампаніі Total, з просьбай не пачынаць ніякіх дзелавых апэрацыяў зь Іранам.

Іран заяўляе, што ягоная ядзерная праграма носіць выключна мірны характар, але што ён ня спыніць яе, нягледзячы ні на які ціск. Урадавае іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA назвала заявы францускіх кіраўнікоў спробай “скапіяваць Белы дом”.

Злучаныя Штаты таксама ня выключаюць магчымасьці ваеннай апэрацыі супраць Ірану, калі дыпляматычны шлях ня дасьць плёну.
XS
SM
MD
LG