Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасьць Расея крэдыт афіцыйнаму Менску?


Алесь Дашчынскі, Менск Да 23 верасьня Беларусь мусіць зноў заплаціць “Газпрому” за пастаўлены ў краіну расейскі газ. І зноў беларускі ўрад пачынае шукаць грошы. Як паведамілі ў расейскім міністэрстве фінансаў, афіцыйны Менск, як і раней, просіць крэдыт на 1,5 мільярда даляраў.

У расейскім Мінфіне паведамілі, што неўзабаве плянуецца накіраваць папраўкі да сёлетняга бюджэту ў цэлым. Гэта можа закрануць і пытаньне крэдыту. Бакі працягваюць тэхнічную працу і ўзгадняюць тэкст адмысловага пагадненьня.

Паводле намесьніка кіраўніка расейскага дэпартамэнту міжнародных фінансавых стасункаў Канстанціна Вышкоўскага, пытаньне крэдыту для Беларусі і не здымалася.

Але ці ёсьць у ім патрэба, калі афіцыйны Менск аплаціў усе даўгі за газ?

“Крэдыт запытваўся ў цэлым на пераадоленьне складанага пэрыяду, зьвязанага з новым парадкам разьлікаў за энэрганосьбіты. Тое, што выплачаныя сродкі, не азначае, што сытуацыя нармалізавалася.

Пэўныя часовыя складанасьці могуць быць. Ёсьць зварот беларускага боку, і мы ў гэтым зьвязку працуем, каб тэхнічна падрыхтаваць, стварыць перадумовы для выдачы такога крэдыту”, - зазначыў К.Вышкоўскі.

У мінфіне Расеі заяўляюць, што крэдыт могуць даць толькі на камэрцыйных умовах. Аднак, наагул, для гэтага патрэбнае рашэньне расейскага ўраду, аформленае распараджэньнем. Пакуль такога распараджэньня няма.

Канстанцін Вышкоўскі сказаў:

“Тут шмат фактараў усялякіх. Трэба знайсьці крыніцу гэтых сродкаў. Зьмены ў бюджэт, гэта азначае, прадугледзеўшы гэтую суму для выдаткаў на крэдыт Беларусі, трэба недзе гэтыя сродкі знайсьці. Сума вялікая, у бюджэце яе няма. Тэарэтычна гэта магчыма, а практычна — гэтую працу трэба правесьці”.

А для беларускага ўраду набліжаецца чарговая дата, да якой трэба разьлічыцца за энэрганосьбіты.

Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў нагадаў, калі Беларусь павінна разьлічыцца:

“Да 23-га чысла кожнага наступнага месяца”.

Ці паступілі ўжо грошы на рахунак “Газпрому”?

“Мы не раскрываем гэтай інфармацыі”, — адказвае Сяргей Купрыянаў.

На пытаньне, якія цэны будуць у наступным годзе за газ для Беларусі, спадар Купрыянаў сказаў:

“Цэны памяняюцца адпаведна з формуламі, запісанымі ў кантракце. Вось і ўсё”.

Кіраўнік Цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук не ўхваляе палітыкі беларускага ўраду, скіраванай на атрыманьне замежных крэдытаў:

“За два-тры гады мы можам павялічыць наш доўг з 15% валавога ўнутранага прадукту да 50. Такім чынам, тое, што мы будзем браць у Расеі, будзе выкарыстоўвацца не на мадэрнізацыю, дапасаваньне нашай эканомікі да стандартаў сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты, а проста на праяданьне. На кансэрвацыю той мадэлі, якая ўжо дае збой.

Такое крэдытаваньне — вельмі небясьпечная гульня. Мы заплацім за гэтыя крэдыты інфляцыяй, стратай дэпазытаў і тым, што страцім канкурэнтаздольнасьць на расейскім і ўсясьветным рынках”.

• Расея пераходзіць на рынкавыя дачыненьні. З усімі, 11.06.2007 • Расейскі Мінфін ня дасьць Беларусі льготнага крэдыту, 31.07.2007
XS
SM
MD
LG