Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія памежнікі й мытнікі пакінулі “Варшаўскі мост”


Вячаслаў Кулік, Менск На самым буйным у Беларусі памежным пераходзе “Варшаўскі мост” спынены сумесны з польскім бокам памежны ды мытны кантроль. Пятнаццаць гадоў, ад 1992 году, тут побач працавалі кантрольныя службы краінаў-суседак. Цяпер Польшча, на патрабаваньне Шэнгенскага пагадненьня, мае выконваць кантрольныя функцыі толькі на сваёй тэрыторыі.

Толькі праз 105 дзён Польшча афіцыйна далучыцца да Шэнгенскай зоны. Але польскія памежнікі ды мытнікі ўжо пакінулі “Варшаўскі мост”.

Вось што паведаміў сёньня наш карэспандэнт зь Берасьця:

“На памежным пераходзе “Варшаўскі мост” чэргаў няма. На пляцоўцы №1 выезду ў Польшчу — каля дваццаці аўтамабіляў, пераважна з польскімі нумарамі. На выезд працуюць восем кантрольных палосаў. Абслугоўваюць іх толькі беларускія службы. Польскія мытныя службы сышлі ў Тэрэспаль. Сумеснага дагляду больш няма. Мяжа з Польшчай стала яшчэ больш стандартнай. Яшчэ больш упарадкаванай”.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, праз“Варшаўскі мост” сёлета перамясьціліся больш як 2,5 мільёны чалавек і амаль 600 тысяч аўтамабіляў.

Ці ўдасца пасажырам цяпер праходзіць мяжу хутчэй?

Меркаваньне дзяжурнага мытніка Ігара Козыра:

“Гэтага яшчэ добра ніхто ня ведае. Працэс толькі пайшоў, разумееце? Да поўнага рэчышча яшчэ далёка”.

У польскім кансуляце ў Берасьці паведамілі, што чэргаў ля памежнага пераходу ў Тэрэспалі сёньня няма. Аўтамашынаў зь Беларусі прайшло толькі сорак.

Для берасьцейца Барыса Горбача паездкі ў Польшчу па-ранейшаму застаюцца крыніцай папаўненьня сямейнага бюджэту. Раней прывозіў адзеньне і харчы. Цяпер вывозіць паліва. Яго меркаваньне:

“А што можа зьмяніцца? Што было на гэтым баку, тое будзе й там. Я лічу, што зьменіцца нешта, пачынаючы з таго часу, калі польскіх візаў нельга будзе за пяць даляраў атрымаць”.

Камэнтуе сытуацыю міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў:

“З аднаго боку, можна крыўдаваць на Эўропу, што яна ўводзіць такія меры, а з другога боку — трэба крыўдаваць і на наш урад. Ён не ідзе насустрач Эўропе і не выконвае яе ўмоваў дзеля паляпшэньня дачыненьняў. Як мне падаецца, усё залежыць ад нашых грамадзянаў. Калі ім гэта нязручна, то няхай выстаўляюць прэтэнзіі да беларускіх уладаў таксама”.

Сумесны памежны і мытны кантроль на “Варшаўскім мосьце” пачаўся ў 1992 годзе. У 2003 годзе памежны пераход “Варшаўскі мост” рэканструявалі. Яго прапускная здольнасьць — да 2700 аўтамабіляў на суткі. Польскі памежны пункт пропуску “Тэрэспаль” знаходзіўся на рэканструкцыі ад 2002 году.


• Берасьце: супольная праца беларускіх і польскіх мытнікаў cкончыцца, 15.09.2007 • Чым выкліканае абмежаваньне на ўвоз мяса з-за мяжы?, 14.08.2007 • Новаўвядзеньні беларускіх памежнікаў пакуль не закранулі мяжу з Польшчай, 2.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG