Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сярод расстраляных у Катыні былі этнічныя беларусы


Ганна Соўсь, Менск 17 верасьня прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі мае наведаць Катынь на Смаленшчыне, месца масавых расстрэлаў польскіх афіцэраў. Міністэрства нацыянальнай бясьпекі Польшчы прыняло рашэньне аб тым, што ўсе польскія вайскоўцы, расстраляныя карнікамі НКВД у Катыні, Харкаве і Медным, будуць пасьмяротна павышаныя па службе. Гэта датычыць амаль 15 тысяч чалавек, паведамляе “Эхо Москвы”.

У Катыні загінулі ад рук катаў з НКВД ня толькі палякі, але і беларусы, якія служылі ў польскім войску, лічыць гісторык Ігар Кузьняцоў.

“Як мяркуецца, у польскім войску сярод афіцэраў было і этнічныя беларусы, альбо беларусы, якія запісваліся палякамі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да ўваходжаньня ў склад БССР у верасьні 1939 году”.

Дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў выказвае гэткую вэрсію:

“Што тычыцца расстрэлаў польскіх афіцэраў ў 1940 годзе ў Катыні, Харкаве і Медным, то на сёньня Расея і Украіна прадставіла Польшчы дадзеныя да сьпісаў расстраляных. І ў гэтым сьпісе не хапае каля 4 тысячаў афіцэраў польскага войска, якія былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з гэтай апэрацыяй 1940 году. Месца пахаваньня дакладна не вядомае.

Як я мяркую, у сувязі з тым, што яшчэ падчас сьледзтва па Курапатах былі знойдзеныя дакумэнты пра тое, што зь Берасьця і Горадні этапавалі афіцэраў з пунктам прызначэньня Менск, я магу сказаць з дакладнасьцю 99 працэнтаў, што яны расстраляныя ў Менску альбо яго ваколіцах. Гэта альбо Курапаты, альбо Парк Чалюскінцаў, альбо Лошыца. На жаль, за ўсе гэтыя гады ніякай добрай волі з боку КДБ ці іншых органаў, якія маглі мець пра гэта інфармацыю, не было. Наколькі я ведаю, усе звароты польскага боку засталіся без адказу”, - кажа Ігар Кузьняцоў.

Паводле гісторыка, грамадзкасьць прапаноўвала КДБ на грамадзкіх пачатках узяць удзел у гэтай працы, аднак гэтыя звароты таксама засталіся без адказу.

Дырэктыўныя дакумэнты КДБ савецкага часу зьявіліся ў Інтэрнэце, 5.09.2007 “Мартыралёг Беларусі”
XS
SM
MD
LG