Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі адвакат Пётр Барысаў судзіцца са сваім начальствам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля пачнецца разгляд пазову мясцовага адваката Пятра Барысава да прэзыдыюму гомельскай абласной калегіі адвакатаў і яе старшыні Валянціны Катко. Адвакат дамагаецца ад калегаў адмены вымовы, якую на яго наклалі, як ён лічыць, за прынцыповасьць і палітычную актыўнасьць.

Чаму адвакат Пётар Барысаў паскардзіўся ў суд?

За шэсьць гадоў працы ў гомельскай калегіі адвакатаў у яго не было ніводнай скаргі ад кліентаў ці спагнаньня ад калегіі адвакатаў. Але нядаўна Пятру Барысаву абвясьцілі вымову за “парушэньне рэкамэндацый у вядзеньні крымінальных спраў”. Між тым адвакат мяркуе: насамрэч яго пакаралі за палітычную актыўнасьць, у прыватнасьці за спробу балятавацца ў дэпутаты абласнога савету. Таксама малады адвакат адкрыта агітаваў за перавыбары старшыні прэзыдыюму калегіі Валянціны Катко.

“Раз на тры гады ў нас праходзяць выбары прэзыдыюму калегіі і яго старшыні. На апошніх выбарах я падтрымліваў кандыдатуры іншых адвакатаў, агітаваў за іх. Старшыня Валянціна Катко спрабавала мяне адгаварыць, але я казаў ёй ў твар, што тыя кандыдаты больш годныя”.

Пётар Барысаў падаў пазоў супроць прэзыдыюму калегіі. Але будзе хадайнічаць і пра тое, каб да адказнасьці прыцягнулі старшыню Валянціну Катко – нібыта тая ініцыявала вынясеньне яму незаконнай вымовы.

Спадарыня Катко камэнтаваць гэтыя прэтэнзіі адмовілася. Яна не выключае, што ўвогуле ў суд ня з’явіцца.

“Я прадстаўляю інтарэсы калегіі паводле статуту, але ў суд можа пайсьці і нехта іншы, як вырашыць прэзыдыюм”.

Пётар Барысаў мяркуе, што выйграе суд:

“Рэкамэндацыі па вядзеньні дасье крымінальных спраў, ёсьць толькі рэкамэндацыі. Я імі карыстаюся наколькі неабходна. А заўваг да мяне ад кліентаў няма, дык ў чым праблема? “—тлумачыць сваю пазыцыю адвакат.

Пётар Барысаў шмат разоў бараніў у судох актывістаў гомельскіх грамадзкіх арганізацый. Апазыцыянэры менавіта з гэтым зьвязваюць ціск на адваката, аднак мяркуюць, што ягоная перамога на працэсе зусім не гарантаваная.
XS
SM
MD
LG