Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці ў Менску прайшоў без затрыманьняў


Алесь Дашчынскі, Менск 16 верасьня ў Менску прадстаўнікі дэмакратычных сілаў адзначылі Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і зьніклымі палітыкамі. Роўна 8 гадоў таму ў гэты дзень былі выкрадзеныя віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, лёс якіх дагэтуль невядомы.

Дзесяткі моладзевых актывістаў прыйшлі ўчора а другой гадзіне дня на менскі галоўпаштамт і накіравалі лісты падтрымкі палітзьняволеным Зьмітру Дашкевічу, Аляксандру Казуліну, Артуру Фінькевічу, Юрыю Лявонаву і Мікалаю Аўтуховічу. Акцыю праводзіў моладзевы рух “Ініцыятыва”. Таксама ўдзельнікі акцыі накіравалі віншавальныя паштоўкі палітзьняволенаму Андрэю Клімаву, у якога сёньня дзень народзінаў. Адна з удзельніц акцыі Кацярына Ткачэнка сказала:

“Калісьці, можа, год таму, калі Андрэй яшчэ адбываў пакараньне на “хіміі” мы задалі яму пытаньне, як ён сьвяткуе дзень народзінаў у турме? Ён сказаў, што гэта вельмі сумнае сьвята. І ніякай асаблівай радасьці ад гэтага не адчуваеш, калі ты сустракаеш свой дзень народзінаў за кратамі.

Таму, я лічу, што гэтыя сьвяточныя паштоўкі, якія Андрэй атрымае ад розных людзей, неяк падымуць ягоны настрой і дадуць магчымасьць яму зразумець, што ён не забыты, што аб ім клапоцяцца, аб ім узгадвае моладзь”.

За ўдзельнікамі акцыі сачылі супрацоўнікі міліцыі, а ля будынку паштамту дзяжурыў аўтазак, Але нікога з удзельнікаў міліцыянты не затрымалі.

Яшчэ адна акцыя адбылася ў менскім мікрараёне “Усход”. Яе ладзілі актывісты грамадзянскай кампаніі “За свабоду”.

85 удзельнікаў акцыі ўтварылі калёну і прайшлі ад станцыі мэтро “Усход” па вуліцы Каліноўскага. Наперадзе калёны яны несьлі краты, да якіх была прымацавана расьцяжка “Сёньня яны – заўтра вы!”

Таксама актывісты трымалі ў руках сінія стужкі з партрэтамі зьніклых палітыкаў і палітзьняволеных. Напрыканцы акцыі яе ўдзельнікі паставілі краты каля дарогі і на парэнчах мосту павесілі стужкі з партрэтамі палітзьняволеных.

Супрацоўнікі міліцыі прыехалі, калі акцыя ўжо скончылася. Ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы. Адзін з арганізатараў Дзяніс сказаў:

“Мэтай акцыі было нагадаць людзям, што ў нас існуе ў краіне такое паняцьце як палітычныя зьняволеныя. Людзі рэагавалі станоўча, нават самі падыходзілі, прасілі інфармацыю. Аўтамабілі, якія праяжджалі, сыгналілі. Хацелася б, каб 16 чысла ўсё беларускае грамадзтва было салідарным. Бо народ можа быць моцным, калі ён салідарны”.

Каля двух дзесяткаў чалавек учора ўвечары сабраліся таксама каля касьцёла сьвятога Язэпа ў Менску. Яны запалілі сьвечкі і пачалі чытаць малітву. Аднак адразу да іх падбеглі спэцназаўцы і некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны выціснулі людзей з плошчы, але нікога не затрымлівалі.

Аналягічныя акцыі да дня салідарнасьці прайшлі ў іншых гарадах і краінах, у тым ліку Кіеве, Празе, Маскве Варшаве, Вашынгтоне.
XS
SM
MD
LG