Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пушкін: "Пасьля арышту я мусіў наведаць поле Аршанскай бітвы"


Радыё Свабода, Ворша Сёньня ў Воршы з ізалятара часовага ўтрыманьня выйшлі на волю мастак Алесь Пушкін і моладзевы актывіст Аляксей Янушэўскі. Яны адбылі 7 сутак арышту паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве пасьля затрыманьня на бардаўскім фэсьце "Аршанская бітва-2007".

Аб 11-й раніцы актывісты зь Менску й Воршы прыйшлі сустракаць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушкевіча да ізалятару часовага ўтрыманьня.

Але міліцыянты, вырашыўшы не дапусьціць гэтае сустрэчы, загадзя вывезьлі мастака і моладзевага актывіста на аршанскі чыгуначны вакзал. Адшукаць іх удалося ўжо ў цягніку.

На просьбу Алеся Пушкіна сябры адвезьлі яго на Крапівенскае поле, дзе ў мінулыя выходныя мусіў адбыцца бардаўскі фэст "Аршанская бітва-2007".

Сёньня праезд да гістарычных мясьцін, дзе ў 1514 годзе адбылася пераможная Аршанская бітва, быў ужо вольны. І ніякіх адзнак таго, што там тры дні запар працавала група разьмінаваньня, прысутныя не заўважылі.



Алесь Пушкін распавёў, што знарок імкнуўся ў гэтыя мясьціны перад ад’ездам дадому.



Пушкін: У кожнага з нас ёсьць жонка, дзеткі, але ёсьць яшчэ Беларусь, ёсьць прыярытэты якія кожны для сябе абірае. Таму найперш -- на Крапівенскае поле. А потым паеду да жонкі, дзяцей, капаць бульбу, пісаць карціны, рабіць вітраж у Талачынскім касьцёле.



Адмыслова да сустрэчы са зьняволеньня Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага аршанская паэтка Яўгенія Казлова напісала верш – таксама пра Радзіму і пра вернасьць Беларусі:

Наша праўда – сьвятая. Мы вытрымаць зможам Прысуды, і турмы, і сьмерць змагароў. З намі праўда, і з намі магутны наш Божа. Будзе наша рэспубліка вольнаю зноў!

Гімн "Магутны Божа" прагучаў сёньня каля памятнага крыжа, усталяванага на Крапівенскім полі дзеля памяць загіблых тут беларускіх ваяроў. Зазвычай зь яго штогод пачынаўся фэст "Аршанская бітва", і сёньня яго прасьпявалі тыя, каму забаранілі зрабіць гэта тыдзень таму – у Дзень беларускай вайсковай славы.



Аляксей Янушэўскі і Алесь Пушкін пасьля вызваленьня.



На Крапівінскім полі.
XS
SM
MD
LG