Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве – пікет ля беларускай амбасады


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве адбыўся пікет салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў і палітвязьняў.

Каля чатырох дзясяткаў перадусім студэнтаў зь Беларусі, якія вучацца ў польскай сталіцы па праграме імя Каліноўскага, прыйшлі да будынку амбасады зь Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, партрэтамі зьніклых, палітвязьняў, плякатамі з надпісамі «Свабоду палітвязьням”, “Дыктатара ў Гаагу”.

“Я патрабую вызваленьня палітвязьняў і высьвятленьня лёсу зьніклых. Так гэтага і не зрабілі. А раптам яны жывыя?” - сказаў удзельнік пікету Сяржук Гіркін.

Беларусаў падтрымалі палякі:

“Нам дапамагалі ў камуністычныя часы іншыя народы. А цяпер, калі ў такой сытуацыі беларусы, мы таксама павінны ім дапамагаць. Каб тыя, хто змагаецца, ведалі, што яны не самотныя” – кажа Томаш Бладынец.

Удзельнік акцыі наладзілі таксама гэпэнінг, у часе якога некалькі чалавек з чорнымі стужкамі на вачах нібыта глядзелі беларускае тэлебачаньне, якое замест праўдзівай інфармацыі адурманьвала іх “опіюмам для народу”.

Напрыканцы пікету прысутныя запалілі сьвечкі і пакінулі іх каля будынку амбасады.





XS
SM
MD
LG