Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч ужо год знаходзіцца ў зьняволеньні


Паводле БелаПАН Сёньня спаўняецца год з моманту пазбаўленьня волі лідэра незарэгістраванага грамадзкага аб''яднаньня "Малады фронт" Зьмітра Дашкевіча.

З.Дашкевіч быў затрыманы 15 верасьня 2006 году па абвінавачаньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 1 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Менску прызнаў яго вінаватым і асудзіў на паўтара гады пазбаўленьня волі.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Дашкевіча вязьнем сумленьня. Ён адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі агульнага рэжыму № 17. 20 ліпеня яму споўнілася 26 гадоў.

Пасьлязаўтра, 17 верасьня, яшчэ адзін палітвязень, Андрэй Клімаў, ужо ў пяты раз сустрэне свой дзень нараджэньня ў турме. Яму спаўняецца 42 гады. А.Клімаў адбывае сваё трэцяе крымінальнае пакараньне за палітычную дзейнасьць, на гэты раз за апублікаваны ў інтэрнэце артыкул нібыта з "заклікам да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу".

На 14-ю гадзіну 16 верасьня актывістамі арганізацыі “Бунт” заплянаваная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ля менскага Галоўпаштамту – яны зьбіраюцца напісаць і адаслаць лісты падтрымкі З.Дашкевічу, А.Клімаву і іншым палітзьняволеным. (Крыніца: www.buntby.com).
XS
SM
MD
LG