Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: выкладчыкаў унівэрсытэту змушаюць выходзіць з Свабоднага прафсаюзу?


Радыё Свабода, Берасьце У Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна праводзяцца гутаркі зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, у якіх хутка сыходзіць тэрмін кантракту. Паводле крыніцы ў самім унівэрсытэце, ім прапануюць выбраць: альбо прафсаюз, альбо праца.

Кіраўніцтвам унівэрсытэта ўжо праведзеныя такія гутаркі з чатырма асобамі, сярод іх дацэнты і кандыдаты навук. Яны былі выкліканыя на размову першым прарэктарам спадарыняй Сэндэр. Некаторыя зь іх пішуць заявы аб выхадзе з прафсаюзу, каб не згубіць працу, іншыя вядуць перамовы, кансультуюцца ў юрыстаў і ў кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюзу Валянціна Лазарэнкава.

Лазарэнкаў: “Маўляў, несумяшчальна быць у нашым прафсаюзе і займацца пэдагагічнай дзейнасьцю. Цяпер вось рыхтую зварот да міністра адукацыі, ці сапраўды гэта так”.

Сам спадар Лазарэнкаў год назад быў звольнены зь Берасьцейскага дзяржунівэрсытэту, аднак застаўся на прафсаюзнай пасадзе. Правамоцнасьць ягонага звальненьня была разгледжаная судамі ўсіх роўняў у Беларусі. Паводле яго, цяпер дакумэнты рыхтуюць для падачы ў міжнародныя інстанцыі.

Спадарыня Сэндэр адмовілася ад камэнтароў, што да прафсаюзаў. Паводле яе словаў, яна “ўсё ўжо сказала сп.Лазарэнкаву”.

Рэктар унівэрсытэту спадар Часноўскі спаслаўся на занятасьць і не адказаў на пытаньне, ці сапраўды ва ўнівэрсытэце вядуцца такія гутаркі.
XS
SM
MD
LG