Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>“Народ на Свабодзе”</B>


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра будучыню беларускай эканомікі

Алесь Марціновіч, Баранавічы:

“У любым выпадку, альбо Лукашэнка прадасьць прадпрыемствы замежным інвэстарам, альбо іх прыхватызуе “прасунутая” намэнклятура. Як бы ні здарылася, новыя гаспадары будуць зацікаўлены ў пасьпяховай працы гэтых прадпрыемстваў, у стабільнасьці і гарантаваных прыбытках.

А паўтарэньня падзеяў 1990-91-га гадоў (масавых страйкаў) ня будзе. Як ня будзе і хаатычнай прыхватызацыі на ўзор той, што адбывалася ў ельцынскай Расеі і кучмаўскай Украіне ў 1990-я гады.

Што да магчымага энэргетычнага крызісу з прычыны рэзкага росту коштаў на рэсурсы, то Расея на гэта ня пойдзе. Маскве выгадны ўмераны крызіс, каб хітра зьмяніць Лукашэнку на ўладу групоўкі прамаскоўскай намэнклятуры.

Вясна 1996-га году была пікам агоніі заходняга дэмпраекту ў Беларусі, якую спрабавалі скіраваць паводле схемы суседзяў. Сакавік 2006-га быў, па сутнасьці, крахам гэтага дэмпраекту. Сам гістарычны лёс штурхае Беларусь у новай форме паўтарыць тое, што рабілі народы новай часткі Эўразьвязу першы раз у 1918-м, а другі – у 1989-91-м гадах. Беларусь павінна ўжо праз 100, праз 90, праз 15 год паўтарыць усё зноўку ў неардынарнай форме, на базе расейскамоўнай культуры і любові да Расеі і Масквы”.

Пра грамадзянскую свабоду

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск:

“Наша ўлада ўмее зрабіць турму і для тых, хто фармальна на волі: гэта калі ня плоцяць заробкаў, не даюць зарабіць, не дазваляюць рабіць дабро як для людзей, так і для самой дзяржавы. Паступова, але мэтадычна апускаюць цябе да ўзроўню жывёліны. Вакол сябе правадыры трымаюць вялізную абслугу і непамерна разьдзьмутую варту. А калі столькі ахоўнікаў, то трэба ж мець і адпаведную колькасьць ворагаў – інакш як апраўдаць выдаткі? Успомніце “Архіпелаг ГУЛАГ” Салжаніцына: энкавэдысты, каб ня йсьці на вайну, штучна рыхтавалі “паўстаньне” ў лягерах…У нас дайшлі да таго, што злачынцамі абвяшчаюць дзяцей – толькі за тое, што тыя адважваюцца думаць і гаварыць ня так, як прадпісвае начальства. Мала таго, падключаюць ідэалёгію і нават духавенства.

Каб звальняць бескантрольна з працы, прыдумалі кантракт. І абавязкова правераць – ці пабяжыш ты галасаваць за тыдзень да афіцыйных выбараў, як загадалі”.

Валянціна Сакаловіч, вёска Бакшты Іўеўскага раёну:

“Працы ў многіх людзей няма. А ў каго шукаць праўды? Народ прыніжаны і абяздолены.

Вось нядаўна выпрасіла ў Іўі ў Цэнтры сацыяльнай абароны жабрацкую падачку – дапамогу на дзіця да пачатку навучальнага году. Дык настаўніца вырвала яе ў мяне з рук, ледзь толькі я расьпісалася – я нават не дакранулася да тых грошай. Якія дзікасьць і прыніжэньне.

…Нядаўна ў царкве пазнаёмілася з жанчынай, у якой маленькая дачка – гады 3-4. Дзіця расьце сіратой: бацьку забілі. Вяртаўся ў дзень зарплаты дамоў, нёс грошы. Знайшлі ўтопленым.

…Дзякуй Радыё Свабода за тое, што даяце людзям выгаварыцца, што чытаеце горкія людзкія споведзі. А ўвогуле, назіраючы за нашымі людзьмі, я ўсё больш пераконваюся: слугі, у якіх няма пана, не становяцца ад гэтага свабоднымі: лёкайства ў іх у душы”.

Пра культуру мовы

Кастусь Сырэль, Ушачы:

“Неяк гляджу канал "Лад". Перадача пра вайну, выступае яе ўдзельнік, сівенькі такі дзядок. На экране зьяўляецца надпіс па-расейску – прозьвішча ветэрана і ягоная вайсковая прафэсія: "артелерист". Так, менавіта праз "е" пасьля "т" і з адным "л" – дзьве памылкі ў адным слове.

Слухаю радыё, канал "Культура" (!). А вы ж ведаеце, што апошнім часам у нас многія ўжываюць дзе трэба і ня трэба словы "как бы", гэта проста эпідэмія нейкая. І вось, ідзе размова пра паэзію (зразумела, па-расейску). Вядучая перадачы і кажа: "Бертольд как бы Брехт". Ці варта тады зьдзіўляцца, што ў раённай газэце чытаеш: "На ўсходзе ружавела закатнае сонца…"

А ўжо нашы чыноўнікі, выступаючы па радыё ці тэлебачаньню, пераплёўваюць усіх. Яны, напрыклад, амаль усе прапусьцілі ў школе тэму "парадкавыя лічэбнікі" па рускай мове (пра беларускую мову не кажу, бо яны яе, здаецца, наогул ня вывучалі). Гэта стала заўважна зь дзьве тысячы першага году. Чаго толькі не пачуеш ад іх – і "двухтысячнопервый", і "дветысячнопервый", і "двухтысячепервый", ды яшчэ чорт ведае як. Падобна на тое, што гэта давядзецца выслухоўваць яшчэ нашым пра-пра-праўнукам, бо другое тысячагодзьдзе яшчэ ня хутка скончыцца”.

Пра ўзровень FM-станцыяў у Беларусі

Алесь Чарняўчык, Менск:

“Язык не паварочваецца называць гэтыя станцыі айчыннымі. Калі бываю на Нарачы, заўсёды пераключаю прымач на літоўскія станцыі. Мову літоўскую ня ведаю, але якасьць музычных перадач там зусім іншая. Прыемна зьдзіўляе, што ня толькі на літоўскай мове гучаць песьні розных жанраў, але і на беларускай, украінскай, рускай, ангельскай. Музыка ў асноўным з густам падабраная. Такую вы наўрад ці пачуеце на хвалях беларускіх станцый. Але размова ня толькі аб музыцы. Вось прыклады.

Абласное радыё. Еду ў машыне ў пятніцу. Як і ўсе заўзятары, ведаю,што ў сераду ўжо адбыўся футбольны матч за выхад у групавы турнір БАТЭ-Сьцяўа (ён закончыўся зь лікам 2-2). І тут чую, як, так бы мовіць, "спартовы аглядальнік" Даша Клюйко (магу памыляцца ў прозьвішчы) жыцьцярадасным голасам паведамляе, што БАТЭ ў выніку дзьвюх сустрэч зь ісляндскай камандай выйшла ў наступны раўнд і сустрэнецца зь пераможцам пары Сьцяўа-каманда з Польшы.

"Апэратыўная" праца ў 21-м стагодзьдзі, нічога ня скажаш. А насамрэч – гэта "фанэра" на вушы слухачоў. Запісаны тыдзень таму матэрыял круцяць па некалькі разоў штодзённа.

Другі прыклад. Гэтым панядзелкам раніцай выпадкова трапляю на хвалю Radіus FM. Бадзёры аглядальнік культуры, якога калегі (і ён сам сябе) называюць Аляксандрам Сяргеевічам, пачынае работу з анэкдота. Памятаеце, як у савецкія гады хадзілі анекдоты пра габрэяў і чукчаў? А вось Аляксандар Сяргеевіч вырашыў пасьмяшыць усіх анекдотам пра беларусаў. Зьмест прыкладна такі. Ідзе памяркоўны беларус па вуліцы, на галаву яму выліваюць вядро бруду. Беларус прыпыняецца і разважае ўслых: "А што, калі б чалавек ішоў..."

Мусіць, тут трэба было сьмяяцца, але асабіста ў мяне было адчуваньне, што вядро памыяў выліў ня хто іншы, як "паважаны" Аляксандр Сяргеевіч. І ня толькі на мяне”.

Пра адмену сацыяльных ільготаў

Павал Сац, вёска Асавая Маларыцкага раёну:

“Хто такіх ільготаў ня меў – супраць рашэньня прэзыдэнта не пярэчаць. Напрыклад, мая маці – інвалід другой групы, на газ і электрычнасьць льготаў ня мела. Былі зьніжкі толькі на праезд у грамадзкім транспарце, дык яна тым транспартам не карыстаецца.

Але тут ёсьць іншая праблема: як у нас становяцца інвалідамі? Напрыклад, жанчына – інвалід 1-й групы, тэарэтычна гэта павінна быць ляжачая хворая. А яна на рынку гандлюе. Дзе ж тут праўда? Людзі кажуць: “Купіла групу інваліднасьці за хабар”. У мяне стрыечны брат хворы, але яму больш, чым 3-ю групу інваліднасьці не даюць. А за ім неабходны кантроль: працаваць ня можа, нават вартаўніком нельга. І што ў выніку – жыве на 114 тысяч рублёў пэнсіі. А калі б “пазалаціў ручку” каму трэба – усё было б па-іншаму.

У справе льготаў патрэбен парадак – тут ніхто не спрачаецца. Але найперш трэба прыцягнуць да адказнасьці дактароў, якія вызначаюць інваліднасьць”.

Пра савецкае мінулае

Ільля Копыл, Менск:

“Для мяне савецкі час – гэта парожнія паліцы ў крамах, суцэльныя чэргі, талённая сыстэма разьмеркаваньня. Людзі атрымлівалі толькі мізэрную частку таго, што зараблялі. Большая частка заробленага ішла праз схаваныя падаткі ў так званыя грамадзкія фонды спажываньня. Падчас гарбачоўскай перабудовы сталі вядомыя наступныя лічбы, апублікаваныя тады ў маскоўскай газэце “Социалистическая индустрия”: на пэнсію з заробку савецкага чалавека вылічвалі 36 працэнтаў, на жыльлё – 22, на ахову здароўя – 11, на адукацыю – 10. Ну, і гэтак далей. У канчатковым выніку на рукі чалавек атрымліваў толькі ад чатырох з паловай да шасьці з паловай працэнтаў таго, што зарабіў. Што і складала ад 70 да 150 рублёў. Заробку ў 200 рублёў зайздросьцілі. Няцяжка падлічыць, што рэальны фонд месячнай зарплаты на аднаго работніка павінен быў тады складаць каля 3000 савецкіх рублёў. Вось якія заробкі павінны былі нам плаціць.

А што было з так званымі “бясплатнымі” кватэрамі? Людзі стаялі ў чарзе па 10-15 гадоў. А колькі яшчэ трэба было патраціць часу і нэрваў, каб стаць у тую чаргу.

Да таго ж, ня ўсе маглі карыстацца гэтым грамадзкім фондам спажываньня. Шмат хто не дачакаўся дзіцячага садка – дзеці вырасьлі. Людзі атрымлівалі не аднолькавую адукацыю: адзін закончыў 7 клясаў, другі – ВНУ. Адзін адпачываў у санаторыі штогод, другі – ні разу за ўсё жыцьцё. А падаткі плацілі аднолькава.

Савецкая сыстэма схаваных падаткаў і адмысловых фондаў захавалася, а магчыма, стала нават больш драпежнай. Напрыклад, калі карыстаемся платнай медыцынай, дык плацім двойчы: схаваны падатак плюс непасрэдная аплата паслугі. Тое ж і ў сыстэме адукацыі. А пэнсійны фонд цяпер для дзяржавы – проста залатыя россыпы, Кландайк. У кожнага работніка на працягу ўсяго працоўнага стажу забіраюць 36 працэнтаў ад фонду зарплаты. Але да пэнсіі ў нас мала хто дажывае. Я часта бываю на Паўночных могілках: там пахаваная мая жонка. Сьвежыя пахаваньні – амаль спрэс людзі 50-60-ці гадоў. Такое ўражаньне, што дзяржаве гэта выгадна: эканомія грошай. Але куды ідуць гэтыя сродкі, грамадзтва пракантраляваць не ў стане: мы добраахвотна адмовіліся ад кантролю ў выніку рэфэрэндуму 1996-га году”.

Пра адказнасьць перад памяцьцю продкаў

Алена Кемерава, Горадня:

“Аднойчы лёс паслаў мне магчымасьць убачыць сваіх продкаў – такімі, якія яны былі напрыканцы 19-га стагодзьдзя. Гартала часопіс і ўбачыла тых, каго ўжо ня думала ніколі пабачыць. На фотаздымках – габрэйская сям’я Гурковых, мае продкі. Мяркуючы па ня надта новых мужчынскіх чаравіках галавы сям’і, вялікага дастатку ў іх ня было. Але дзеля таго, каб зрабіць фатаздымкі, адкладвалі па капейцы, ашчаджалі. Апраналі адзеньне, у якім па суботах хадзілі ў сынагогу. Ведалі, што пакідаюць пра сябе памяць для ўнукаў і праўнукаў.

Часта думаю: у чыім архіве зьберагліся гэтыя здымкі, як перажылі вайну, Галакост, справу ўрачоў 1953-га году?.. Захоўваць такія фота ў сямейным альбоме было небясьпечна.

У мяне ёсьць здымкі маіх родных з тых, даваенных гадоў. На фота – і 2-3-гадовыя дзеці, якія задыхнуліся ў газавых камерах, і так і засталіся навечна дзецьмі. Калі б яны, нашы продкі, змаглі паглядзець на нас зь небыцьця. Парадаваліся б яны? Ці засмуціліся б?”

Пра сьвяткаваньне гадавіны бітвы пад Воршай

Спадарыня:

“Добры вечар, “Свабода”! Як любіць першы беларускі прэзыдэнт свае імправізацыі перад журналістамі! Такі разьняволены, сьмелы, як хоча, закідвае апазыцыю і нават тое-сёе ў бок расейцаў, Крамля. Але ён добра памятае, што да ўлады яму дапамог прыйсьці Крэмль і трымае дагэтуль. Таму не дапускае лукашызм Крапівенскае поле. У мяне застаўся фатаздымак з разгромленай газэты “Свабода,” дзе беларускія мужчыны 8 верасьня на Крапівенскім полі давалі клятву на вернасьць Беларусі-Радзіме. А цяпер маладых салдат, беларускіх дзяцей, настаўнікі вязуць на “Лінію Сталіна”. Суворавы, бальшавіцкія штыхі адбіралі ў ліцьвінаў, у беларусаў Беларусь. А цяпер хто? Хай жа Крапівенскае поле вучыць нашых дзяцей бараніць родны край. Дзякуй. Усяго найлепшага”.

Спадар:

“Гэта сьведка тых крапівенскіх падзей пад Воршай, таго, што рабілася, таго бязладзьдзя, што адбывалася ў гэтыя дні пад Воршай. Яго ўжо акрысьцілі “Новым пабоішчам”. Гэта проста жах. Міліцыю зноў падстаўляюць, яны, як Гефэсты, якія прыкоўваюць Прамэтэя, хаця насамрэч ім сорамна. Значыць, існуе думка, што ёсьць нейкая сіла, якая прымушае іх гэта рабіць, хаця самі яны гэтага, можа, і ня хочуць. Было бачна, як яны адводзілі вочы і сапраўды амаль не чынілі вялікага гвалту. Але тое, што на кручок трапіў вядомы мастак Алесь Марачкін, і супраць яго будуць нібыта “шыць” крымінальную справу, гэта проста бязладзьдзе! Зноў жа камусьці выгадна, каб такіх сумленных людзей зьнішчалі. Гэта проста поўная бздура, што там нейкія мінныя працы былі. Зноў жа, пытаньне да ўлады: чаму вы не маглі гэтыя працы раней правесьці? І гэта выглядае, сапраўды, як поўнае глупства. Дзякуй”.

Яўгенія, Ворша:

“Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Хачу выказаць свае меркаваньні наконт забароны сьвяткаваньня Аршанскай бітвы. Ужо няма абурэньня. Вось толькі сьмех. Сьмешна – улада баіцца людзей, якія зьехаліся на поле пад адкрытым небам у 12 кілямэтрах ад Воршы, каб ушанаваць памяць продкаў. Я зь 1999 года сьвяткую на Крапівенскім полі Аршанскую бітву і толькі сёлета не змагла, таму што працавала ў гэты дзень. З боку ўладаў гэта проста псыхоз, псыхапатыя з паранаідальным сындромам. Яна сама сябе кампрамэтуе. Яны ўжо даўно задумалі нешта падобнае. І два апошнія гады засылалі на поле правакатараў. Гэта было відавочна, яны вылучаліся сярод нас рускамоўем і брыдкаслоўем. Яны ж учынялі крадзяжы. Скралі ў дзяўчыны пашпарт, мабільнік, і летась сьцягі ў нас.

Нашага сьвятара грэка-каталіцкага ня выпусьцілі, спынілі пры выезьдзе з гораду машыну, затрымалі яго разам зь вернікамі ў кабінэтах ДАІ на працягу трох гадзінаў. Кожны год ля Крыжа служылі малебен у памяць нашых загінуўшых продкаў. Што ў гэтым дрэннага? Але, хай ведаюць усе, малебен усё ж такі адбыўся ў нядзелю 9-га верасьня ў Воршы па загінуўшых на Крапівенскім полі нашых продках. Жыве Беларусь!”

Пра перасьлед моладзі

Мікалай:

“Улада ўчыніла сапраўднае паляваньне на маладафронтаўцаў, а Паўла Севярынца, напэўна, хоча згнаіць у турмах. Бо пасьля двухгадовай ссылкі яго ўжо трэці раз кінулі за краты. Колькі можна зьдзекавацца з патрыёта, якому неабыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны?! Улады, задумайцеся, што вы робіце! Пабойцеся Бога! Вы ж нішчыце нашу будучыню!”

Пра стаўленьне да Лукашэнкі

Спадарыня:

“Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, я зьвяртаюся да Вас. Скажыце, калі ласка, як гэта Вы кажаце па тэлевізіі і радыё, што Вы стаіце за народ і за дзяцей? Гэта няпраўда. Чаму зачынілі ў Валковічах школу?! Там жа двухпавярховая добрая школа. Дзеці езьдзяць больш за 20 кілямэтраў у школу! Цяпер іншае. Вы кажаце, што ў сельскай мясцовасьці мала людзей. Іх было мала і будзе мала! Бо ніхто пра іх не клапоціцца! Калі чалавек хоча жыць у сельскай мясцовасьці, Вы не даяце яму разьвярнуцца! Чыноўнікі яго абражаюць, прыніжаюць. Вы гэта выдатна ведаеце і глядзіце на гэта спакойна. Чаму ж такая ў вас анархія?! Вы кажаце, што дапамагаеце народу. Гэта ж няпраўда! Спыніце Вы хлусьню! Калі я слухаю Вашы выступы, мне хочацца плюнуць Вам у вочы! За Вашу несумленнасьць! За Вашу несправядлівасьць! За Вашу нядбайнасьць! Вы клапоціцеся не пра народ, Вы клапоціцеся толькі пра хакей, футбол і больш нічога! Так, праўда, цяпер людзі мала гінуць ад голаду, але хутка і ад холаду, і ад голаду, таму што пра народ не клапоцяцца, народ занядбаны! Нахабна хлусіце народу ў вочы! Вы дадалі пэнсію мізэрную, капейкі! А кошты паднялі бог ведае як! А якасьць! Хлеб купіш, калі яшчэ цёплы, то есьці можна, а калі астыне, то, прабачце за грубасьць, сабака яго есьці ня хоча, ня тое, што чалавек! У нас жа такое запусьценьне! За што нашы дзяды і прадзеды паклалі галовы?!”

Спадар:

“Расейскі губэрнатар Мураўёў, што ўвайшоў у гісторыю як “генэрал-вешальнік,” сказаў: “Што не дарабіў расейскі штых, даробіць расейская школа”. Хіба мог сабе ўявіць гэты генэрал, што ў яго знойдзецца пасьлядоўнік у асобе беларускага прэзыдэнта, які вынішчае ўсё белаурскае хутчэй, чым расейскі штых і школа?! Калі будзе яшчэ адзін тэрмін прэзыдэнтства, то беларуская мова ў Беларусі стане, як татарская ў Кіргізіі. А для таго, каб форма адпавядала зьместу, Беларусь зьнікне. 15 год таму беларускую мову ў правінцыі можна было пачуць і пазнаць, а цяпер вясковыя дзеці не раузмеюць беларускую мову. Колькі яшчэ бедаў наробіць гэты так званы “прэзядзент”?! І беларускі народ, купіўшыся на брыдкі падман і частыя сьвяты лукавага калгасьніка, прачнецца аднойчы ў Расейскай імпэрыі”.

Спадар:

“Усё-ткі наш прэзыдэнт – дзіўны чалавек. Заміж таго, каб да канца сваіх дзён дзякаваць Станіславу Шушкевічу за тое, што цяпер ня трэба стаяць “на выцяжку” перад генсэкам ЦК КПСС, заміж таго, каб падзякаваць Станіславу Станіслававічу за тое, што дзякуючы яму Аляксандр Рыгоравіч стаў на Беларусі Богам, царом і вярхоўным галоўнакамандуючым, замест гэтага – адна чорная няўдзячнасьць і чорная зайздрасьць. Аляксандр Рыгоравіч ніяк ня можа прымірыцца. Напэўна, ён не перажыве, што на Нобэлеўскую прэмію сьвету вылучылі не яго, а Станіслава Шушкевіча”.

Спадар:

“Дарагая рэдакцыя “Свабоды”, скажыце, адкуль будзем прадукты атрымліваць? Ужо кажуць, з Расеі морква ў два -тры разы даражэй. Дык а што потым будзе казаць, калі праз 10 год ён усю зямлю запаша пабудовамі і ўсялякімі дарогамі? Я вось не магу зразумець, да чаго гэта дойдзе. Гэта не прэзыдэнт, а рабаўнік сваёй зямлі і народу. Ён такі тут не патрэбны, таму што ён беларускі народ ня любіць. Ён хоча загубіць народ гэты, а асабліва пэнсіянэраў-жабракоў. Што гэта за павышэньне на 7,5 %? Гэта 25 тысяч. А кошты падвышаюцца нашмат больш. Дык атрымліваецца, што ў тры разы больш забраў, чым пэнсіі падвсіў. Так што ня ведаю, што будзе далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG