Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 08.09.2007 - 14.09.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Бітва пад Воршай працягваецца”.

Павал Севярынец, палітык, былы палітвязень – пра затрыманьні каля Крапівенскага поля ўдзельнікаў сьвяткаваньня 493-й гадавіны бітвы пад Воршай.

“Беларускія ўлады выказваюць вялікія сымпатыі да краінаў, дзе відавочна падтрымліваецца тэрарызм. Але гэта не ад любові да тэрарызму як такога. Проста адсланіўшы сябе ад цывілізаванага сьвету, у іх няма іншага выбару, каб прарваць аблогу ізаляцыі... Але досыць хутка яны заўважылі, што быць у ізаляцыі ня надта зручна і псыхалягічна, ня надта гэта патлумачыш электарату. Таму давялося шукаць сяброў, у гістарычным пляне тых самых палітычных выкапняў, як і яны самі”.

Валянцін Акудовіч, філёзаф – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”, прысьвечанай гадавіне тэратыстычнага нападу на ЗША 11 верасьня 2001 году.

“Уладзімер Канаплёў – гэта, напэўна, адзіны чалавек у атачэньні Лукашэнкі, які сапраўды гэтага Лукашэнку шчыра любіць... Разумееце, ягоная любоў да Лукашэнкі – гэта вельмі дзіўна для нас. Але гэта куды менш брыдка, чым, напрыклад, тая пазыцыя большасьці чыноўнікаў, якія паціскаюць нам з вамі руку пад сталом і кажуць: “Я ж з вамі, я ж такі ж як вы. Але катаваць – гэта мая нават не прафэсія, а так, пасада, якую я займаю часова. А потым, калі ўсё зьменіцца, дык я буду адным зь першых, хто зможа распавесьці ўсю праўду пра крывавыя злачынствы рэжыму”. На мой погляд, усё ж больш сумленна быць такім, як Канаплёў, чым такім, як астатнія”.

Ірына Халіп, журналістка – пра адстаўку Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні палаты прадстаўнікоў.

“Віктар Лукашэнка і Віктар Шэйман сыходзяцца на адным полі, і нехта зь іх павінен сысьці. Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка баіцца і ня хоча заставацца адзін. Яму патрэбны чалавек, на якога заўсёды можна сьпісаць і зьнікненьні палітыкаў, і арышты – усё. Таму правай рукой Лукашэнка гатовы падпісаць указ ад адстаўцы Шэймана, а левай яго камячыць і выкідвае ў сьметнік. Гэта для яго будзе вельмі цяжкае палітычнае і псыхалягічнае рашэньне, але лёгіка падзеяў менавіта такая – павінен застацца альбо Шэйман, альбо Віктар Лукашэнка”.

Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”, прысьвечанай адстаўцы Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні Палаты прадстаўнікоў.

“Калі Аляксандар Лукашэнка сапраўды лічыць магчымым перадаць дзяржаву ў якасьці спадчыны свайму пераемніку (а чалавек, якому ня споўнілася яшчэ 60-ці год, плянуе ўжываць свой уплыў на гэтую дзяржаву) – то яму патрэбны той пераемнік, які будзе яго слухацца. Перш за ўсё, тут магчымы сын... Тыя былыя паплечнікі Лукашэнкі, якія больш за ўсіх пра яго ведаюць і памятаюць яго сына ў якасьці перапалоханага хлапца, што выглядаў з-за бацькавага пляча – яны разумеюць, што ім трэба адыходзіць”.

Аляксандар Фядута, публіцыст і палітычны аналітык – пра адстаўку Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні палаты прадстаўнікоў.

“Прысуд быў усё-ткі адначасова як мяккі, так і жорсткі. Калі ўжо судзіць за Беларусь, дык давайце будзем судзіць, як у 1937-м годзе – ці да зьняцьця прысуду, ці да максымальнага расстрэлу..."

Яраслаў Грышчэня, моладзевы актывіст з Баранавічаў – пра суд над ім па абвінавачваньні ва ўдзеле і выступе ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", у выніку якога ён быў асуджаны да штрафу ў 930 тысяч рублёў.

“Міліцыянты паводзілі сябе вельмі нахабна. Яны абражалі ўсіх дзяўчат. Нахабна і брутальна прапаноўвалі інтымную сувязь... Пагражалі, што яшчэ два тыдні будуць нас трымаць. Вольгу Смалянчук павялі на асабовы дагляд. Міліцыянт імкнуўся, нягледзячы на тое, што ён ёсьць асобай супрацьлеглага полу, прысутнічаць пры даглядзе. Ён казаў, што сам правядзе яе дагляд”.

Хрысьціна Марчук, моладзевая актывістка – пра ўмовы ўтрыманьня затрыманых моладзевых актывістаў і дзеяньні міліцыянтаў.

“Ёсьць вузкае кола людзей, ягонае палітбюро, якія прымаюць такія рашэньні. Што тычыцца рашэньня па Зубкову, тут нельга казаць, што адна каманда перамагла іншую. Для гэтага палітбюро найлепшае рашэньне – каб гэта ня быў чалавек з самога гэтага палітбюро. Калі б гэта быў адзін зь іх, гэта б стварала напружаньне... Пытаньне стаіць так – а хто пагодзіцца быць прэзыдэнтам толькі 4 гады, а потым добраахвотна сысьці, і за каго, тым ня менш можа прагаласаваць насельніцтва. Ясна, што гэты чалавек ня можа быць маладым і энэргічным. Гэта павінен быць палітык сталага веку”.

Вольга Крыштаноўская, дырэктар расейскага Інстытуту дасьледваньняў эліты – пра рашэньне Ўладзімера Пуціна прапанаваць на пасаду прэм''ера кандыдатуру Віктара Зубкова.

“Калі думаю пра нашыя партыі, іх заклікі, то нараджаецца адчуваньне: гэта клюбы па ілюзіях. У сацыял-дэмакратаў адна ілюзія, у кампартыі другая, у АГП трэцяя...”

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Госьць на Свабодзе”

“Беларускі бок яшчэ раней заявіў, што гэтыя нібыта шпіёны нічога перадаць польскаму боку не змаглі. Дык у якім сэнсе тады яны шпіёны? Ніякіх падрабязнасьцяў справы ўлады не падаюць. Мне нагадвае гэта адзін працэс сталінскіх часоў, які апісаў Салжаніцын. Чалавека асудзілі за тое, што ён нічога дрэннага не зрабіў, але хацеў выкапаць тунэль з Масквы ў Кітай. Хаця ён і капаць яшчэ не пачаў, але ўжо купіў рыдлёўку. Так і тут – пасадзілі, хаця нічога яшчэ не перадалі”.

Марак Буцька, былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі – пра прысуд ў справе асобаў, абвінавачаных у шпіянажы на карысьць Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG