Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць геймэры патрэбу ў дапамозе псыхіятраў?


Іна Студзінская, Менск Шэраг дасьледчыкаў лічаць, што кампутарныя і відэагульні вельмі падобныя да наркотыкаў. А многія аматары такіх гульняў, геймэры – сапраўдныя кібэрнаркаманы, якім неабходная мэдычная дапамога. У той жа час у многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, існуюць Фэдэрацыі кампутарнага спорту, праводзяцца нават чэмпіянаты сьвету па кампутарных гульнях. Як кампутарныя гульні ўплываюць на псыхіку?

Бальшыня беларускіх дзяцей вельмі рана знаёміцца з кампутарам – нават калі кампутара няма ў хаце, клюбы ёсьць паўсюль. І ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, ёсьць залежныя.

Ці сынонімы – кампутарныя гульні і наркотык?

Гульні, асабліва ролевыя, зьяўляюцца так бы мовіць, зыходам ад рэальнасьці. Добра, калі чалавек пачынае гэта разумець, як 12-гадовы Алег:

“Калі мне было гадоў 5, я ўжо тады меў доступ да кампутара. Але потым маёй маці гэта пачало ня вельмі падабацца, яна рабіла ўсё, каб не даваць мне гуляць, нават зачыняла пакой на ключ. Я ўсё адно гуляў у клюбе і ў сяброў. Але з цягам часу (нельга сказаць, што мне гэта надакучыла, хутчэй, у мяне зьявіліся іншыя інтарэсы), і я праводжу час цікавей, чым геймэры, якія ня могуць жыць без кампутара”.

Псыхоляг Іван Кошаль выказаў такое меркаваньне:

“Калі хлопцу 11 гадоў, ён нагуляўся, і гэта прайшло – гэта добра. Ёсьць хлопцы, якім па 30 гадоў, прыходзячы з працы, сядаюць за кампутар, і ўсё на гэтым сканчаецца. Гэта ўжо хвароба. Калі ж чалавек адчувае, колькі часу ён можа патраціць на гулькі, гэта цудоўна”.

Геймэру Мікалаю – 30, і ўвесь вольны ад працы час ён праводзіць за “гулькамі”:
“Большую частку геймэраў складаюць мужчыны, а мужчыны – заўсёды дзеці, нягледзячы на ўзрост”.
“Гэта спосаб адыйсьці ад рэальнасьці, гэта спосаб адпачыць пасьля доўгага працоўнага дня. Па-другое, большую частку геймэраў складаюць мужчыны, а мужчыны – яны заўсёды дзеці, нягледзячы на свой узрост. А па-трэцяе, я ня бачу розьніцы паміж, напрыклад, спортам. Гэта і азарт, і элемэнт спаборніцтва”.

Ці могуць гульні стаць псыхічнай хваробай?

У псыхіятра Ігара Сарокіна ўжо былі пацыенты – геймэры, людзі, якія трапілі ў сур’ёзную залежнасьць. Звычайна гэта маладыя людзі – ад 17 да 22-х, хлопцы. Дзяўчат пакуль не было.

“Досыць сур’ёзна ўсё. Таму што каб яны проста стралялі ў гэтыя гулькі, яны ж у сацыяльным пляне зусім не прыстасаваныя да жыцьця. У сацыяльным пляне яны ў значнай ступені дэфэктныя. Ніякімі іншымі аспэктамі жыцьця яны не цікавяцца. У сэксе ў іх праблемы – інтэрнэт ім замяняе сэкс. У розумавым сэнсе гэта дзеткі досыць разьвітыя. Звычайна. Пакуль ня робяцца залежнымі ад гулек. Потым усё як пры звычайных залежнасьцях – усё зводзіцца да стралялак альбо інтэрнэту. Сапраўднае, рэальнае жыцьцё праходзіць неяк паўз іх, не закранаючы іх”.
І.Сарокін: “У сацыяльным пляне яны ў значнай ступені дэфэктныя... У сэксе ў іх праблемы – інтэрнэт ім замяняе сэкс”.
У Беларусі пакуль няма ніякіх забаронаў што да кампутарных гульняў. Сур’ёзныя абмежаваньні ўведзеныя ў Грэцыі, Паўднёвай Карэі. У Нямеччыне самая сапраўдная цэнзура – нават кроў у “стралялках” перафарбуюць у зялёны колер. Таму што ў сьвеце разыгралася нямала трагедый, якія зьвязваюць з уплывам кампутарных гульняў. У ЗША два падлеткі, заўзятыя геймэры, расстралялі 12 аднаклясьнікаў, настаўніка і самі скончылі самагубствам. Былі выпадкі, калі падлеткі, захопленыя кампутарнымі гульнямі, паміралі ад сардэчнай недастатковасьці і нават інсульту. У Беларусі пакуль да гэтага не даходзіла...

Ці маюцца ў гульцоў узроставыя абмежаньні?

У той жа час ёсьць розныя гульні, якія па-рознаму ўзьдзейнічаюць на чалавека, – сьцьвярджае 30-гадовы геймэр Мікалай:

“Адны гульні разьвіваюць рэакцыю, другія – мысьленьне лягічнае. Ня так усё адназначна”.

Псыхоляг Іван Кошаль цалкам зь ім згодны:

“Некаторыя гульні могуць разьвіваць, некаторыя, наадварот, атупляюць”.

Карэспандэнтка: “А як у гэтым разабрацца?”

“Складанае пытаньне. Псыхалёгія кожнага чалавека індывідуальная. Для аднаго забойства ў гульні гэта адно, для другога зусім іншае...”

Ці можна перамагчы кампутарную залежнасьць? Псыхіятар Ігар Сарокін перакананы:

“За кошт пашырэньня кампутарызацыі грамадзтва, безумоўна, павялічваецца колькасьць залежных. Але гэта не бязьмежна. Ніколі ня будзе так, каб большая частка была залежная. Дзецьмі займацца трэба, даваць ім уяўленьне, што сьвет нашмат багацейшы, чым кампутарныя гульні, што ёсьць і кнігі, і спорт, ёсьць рэальныя дзяўчаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG