Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як складуцца дачыненьні Беларусі з Расеяй пасьля зьмены расейскага ўраду?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў з Менску.

Зацьвердзілі кіраўніка новага ўраду Расеі — Віктара Зубкова. Навошта Пуцін памяняў урад? Як гэта паўплывае на дачыненьні Беларусі й Расеі? Ці эфэктыўна будуць вырашацца канфлікты ў стасунках?

Коктыш: “Ці маем тэхнічнага прэзыдэнта ў асобе Зубкова?”

Валер Карбалевіч: “У соннае палітычнае жыцьцё Расеі, якое ня надта абудзіла кампанія выбараў у Дзярждуму, прэзыдэнт Пуцін дадаў інтрыгу. Ён адправіў у адстаўку ўрад і прызначыў прэм’ерам мала вядомага шырокай публіцы Зубкова.

Зьмена ўраду за некалькі месяцаў да выбараў стала ў Расеі ўжо традыцыяй. Можна згадаць, як напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў быў адпраўлены ў адстаўку ўрад Касьянава.

Камэнтар самаго Пуціна да гэтага рашэньня быў няўцямны і насамрэч нічога не патлумачыў. Яшчэ большую інтрыгу ў расейскі палітычны працэс унесла рэпліка Зубкова — што ён не выключае свайго змаганьня за пасаду прэзыдэнта. Што ж у сапраўднасьці стаіць за гэтымі падзеямі? Навошта Пуцін памяняў урад?”

Кірыл Коктыш: “Ёсьць пытаньне, на якое пакуль мы ня маем адказу: мы маем тэхнічнага прэм’ера, ці мы маем тэхнічнага прэзыдэнта ў пэрспэктыве ў асобе Зубкова? Адказ на гэтае пытаньне мы атрымаем тады, калі будзе прызначаны новы ўрад. Тады мы ўбачым, ці засталіся былыя віцэ-прэм’еры, ці зьявіліся новыя постаці”.

Андрэй Фёдараў: “Калі параўноўваць з адстаўкай напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, то ёсьць пэўныя адрозьненьні. У 2004 годзе ўрад зьмяніўся даслоўна напярэдадні выбараў, а цяпер — амаль за паўгоду. І тады Пуцін меў канстытуцыйнае права балятавацца на пасаду прэзыдэнта, а цяпер фармальна ня можа.

Сапраўды, рыхтуецца сцэнар стварэньня тэхнічнага прэзыдэнта. Зубкоў — даўні знаёмы Пуціна яшчэ з Санкт-Пецярбургу. Ён зьяўляецца кіраўніком знакамітага каапэратыву “Возера”, у якім, як пісалі расейскія мэдыі, Пуцін “упершыню памацаў свой уласны кавалак зямлі”.

Галоўнае — Зубкову 65 гадоў. Ён павінен быў сысьці з сваёй апошняй пасады кіраўніка фінансавай выведкі ў сэнатары. Магчымы такі сцэнар. Пасьля абраньня прэзыдэнтам Зубкоў пойдзе з адстаўку паводле стану здароўя, адбываюцца новыя выбары — і шлях да пасады прэзыдэнту Пуціну зноў адкрыты”.

Як паўплывае зьмена ўраду на дачыненьні Беларусі й Расеі?

Карбалевіч: “Урад Расеі цяпер, як і у Беларусі, тэхнічны, то бок, ён не вызначае палітыкі, а толькі выконвае функцыі кіраваньня ў межах палітычнай лініі, вызначанай прэзыдэнтам. Тым ня менш, як паўплывае зьмена ўраду на дачыненьні Беларусі й Расеі?”

Коктыш: “Зьмена ўраду нічога ня зьменіць. Расея цьвёрда пастанавіла перайсьці на рынкавыя дачыненьні зь Беларусьсю — і не зьбіраецца гэтага рашэньня мяняць.

Адпаведныя пагадненьні падпісаныя, кропкі пастаўленыя. Спадзяваньні кіраўніцтва Беларусі, што з новым прэзыдэнтам Расеі можна будзе аднавіць колішні фармат беларуска-расейскіх дачыненьняў, марныя.

Цяпер расейская кіроўная каманда ня будзе чапаць тэму дачыненьняў зь Беларусьсю. Бо яна занятая забесьпячэньнем вынікаў парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў”.

Фёдараў: “Таксама лічу, што зьяўленьне новага ўраду ніяк не паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні. Гледзячы па ўсім, нават пасьля адстаўкі Пуцін захавае ўсе рычагі ўплыву на расейскую палітыку. Таму ня варта чакаць зьменаў на беларускім кірунку.

У зьвязку зь зьменай ураду могуць перанесьці на наступны год заплянаваныя сустрэчы кіраўніцтва ўрадаў Беларусі й Расеі на той падставе, што Зубкову трэба пазнаёміцца з праблематыкай. Бо на сваёй мінулай пасадзе ніякага дачыненьня да стасункаў зь Беларусьсю ён ня меў”.

Ці разьвяжуцца канфлікты ў беларуска-расейскіх стасунках?

Карбалевіч: “Цяпер у дачыненьнях Беларусі й Расеі існуюць, прынамсі, тры патэнцыйна канфліктныя пытаньні. Гэта пытаньне цэнаў на газ для Беларусі наступным годам. Пытаньне пра выдзяленьне Беларусі расейскага крэдыту.

І пытаньне пра выкананьне гандлёвага пагадненьня паміж урадамі, падпісанага ў сакавіку. Гэтае пагадненьне прадугледжвала, што павінны быць створаныя роўныя ўмовы для руху тавараў адной краіны на тэрыторыі партнэра.

Аднак расейскія чыноўнікі і гаспадарнікі выказваюць прэтэнзіі да беларускага боку, што ён не выконвае гэтага пагадненьня. Ці можна чакаць новых канфліктаў у гэтых пытаньнях? І як зьяўленьне новага ўраду ў Расеі можа паўплываць на іх вырашэньне?”

Коктыш: “Для расейскага кіраўніцтва цяпер, падчас выбараў, канфлікт зь Беларусьсю непажаданы. Парамэтры коштаў на газ вызначаныя навагоднім пагадненьнем. Крэдыт Масква выдзеліць толькі тады, калі ўпэўніцца, што Беларусь выконвае гандлёвае пагадненьне”.

Фёдараў: “Сапраўды, Расеі цяпер канфлікты не патрэбныя. І Менск можа паспрабаваць згуляць на гэтым. Але наўрад ці кіраўніцтва Беларусі атрымае чаканыя вынікі. Бо Менск больш залежыць ад Масквы, чым наадварот.

Многае будзе залежаць ад таго, якім будзе склад расейскага ўраду. Ці застануцца там Іваноў, Мядзьведзеў? Хто ўзначаліць МЗС і іншыя міністэрствы, якія маюць дачыненьне да беларуска-расейскіх стасункаў?”

Ці не справакуе Менск новы крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях?

Карбалевіч: “А ці ня можа здарыцца так, што Менск зноў, як і летась, справакуе крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях — напрыклад, у пытаньні цэнаў на газ? І такім чынам актыўна ўмяшаецца ў расейскія выбарчыя кампаніі?”

Коктыш: “Такі сцэнар цалкам магчымы. Але мінулы нафта-газавы канфлікт быў вырашаны на ўмовах Расеі. Пад уплывам расейскіх мэдыяў такую палітыку падтрымаў расейскі выбаршчык. Таму калі першы стрэл у Менску не атрымаўся, то і другі наўрад ці будзе ўдалым.

Да таго ж падчас выбарчых кампаніяў будуць дамінаваць унутраныя тэмы, выбаршчыкі мала цікавяцца замежнай палітыкай, у краіне адчуваецца попыт на ізаляцыянізм”.

Фёдараў: “Пазыцыю Беларусі ў пытаньні цэнаў на газ і нафту ў Расеі падтрымлівае кампартыя. Але яе падтрымка ў грамадзтве знаходзіцца на ўзроўні 10%.

Таму, калі б Менск і справакаваў канфлікт, то дывідэнды атрымалі б партыі, якія падтрымліваюць Пуціна. Урэшце Беларусь можа яшчэ больш сапсаваць дачыненьні з Расеяй і атрымаць яшчэ горшыя эканамічныя ўмовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG