Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 верасьня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць, што да рэнтабэльных экспартаарыентаваных прадпрыемстваў трэба далучыць слабейшыя. Меркаваньні ўдзельнікаў:

“Я на плыву, дык падвесьце мне цяжар на ногі – няхай ён мяне на дной пачне цягнуць...”

“Відаць, Лукашэнка хоча канчаткова забіць эканоміку краіны”.

“Дзеля чаго тыя, хто дасягнуў нейкіх вынікаў і, адпаведна, можа дазволіць сабе далейшае разьвіцьцё, павінен ад гэтага разьвіцьця адмаўляцца, “дапамагаючы” неэфэктыўным вытворчасьцям? Нагадвае сытуацыю “камунікаваньне са знаёмымі-калдырамі”: “Ты болей зарабляеш – то пачастуй нас, дай на пляшку”.

На сайце газэты Советская Белоруссия рэдактар Павал Якубовіч адказвае на пытаньні сваіх чытачоў. Адзін з наведнікаў сайту заўважае, што расейскі “КоммерсантЪ” и “Белгазету” чытаць нашмат цікавей. “Там факты, аналіз, спроба знайсьці ісьціну ў няпростай спрэчцы, а ў вас, прабачце, “мэдузы-гаргоны” і “містэры-твістэры”. Павал Ізотавіч, навошта гэта? І ў кашмарным сьне не маглі ўбачыць такія опусы чытачы “Народнай газеты” 1991-1994 гадоў. Тады ў вас атрымлівалася й форма, і зьмест. Чаму цяпер ня так?”

Павал Якубовіч на гэта адказвае: “Жвавыя дзеяньні “Газпрому” гэтулькі і рэальныя, што ніякаму сур’ёзнаму аналізу папросту не падлягаюць. “КоммерсантЪ” пры ўсёй сваёй заяўцы на “незалежнасьць” (у пуцінскай Расеі! – ха-ха!) забясьпечвае і ідэалягічнае суправаджэньне расейскіх дзяржманаполіяў вельмі пераканаўча, паколькі, па-першае, за вялікія грошы здольны талкова выканаць любую інфармацыйную задачу, па-другое, на тле шавіністычнага ўгару яму вельмі лёгка быць пераканаўчым – многія людзі ў Расеі літаральна за адзін-два гады вярнуліся да перакананьня, што Расея – радзіма сланоў... Вось што тычыцца “Белгазеты”, то тут карціна больш супярэчлівая.

З аднаго боку, гаспадары газэты жывуць і працуюць у Маскве – і гэта многае тлумачыць! Зь іншага боку, мне шчыра шкада, што калегі не “ўзвысяць голас” супраць атак “Газпрому” і ягонага жаданьня скупіць усё хоць нечым каштоўнае ў Беларусі. Бізнэс, канечне, ёсьць бізнэсам. Але ня лішне калегам прыгадаць, што мала матываваныя падвышэньні коштаў на газ – ёсьць ня толькі бугальтарскім фактам, але адкрытае жаданьне пагоршыць жыцьцё беларусам. Сьціпла прызнаю вінавачаньні ў “прапагандызме”. Але я маю невялікае па цяперашнім маштабам лецішча, а на ім газавы кацёл. Заплаціўшы гэтай вясной кругленькую суму, я задумаўся пра бюджэт. Калі “рынкавыя адносіны” будуць працягваецца гэткімі ж тэмпамі, то, сапраўды, трэба будзе пераходзіць на дровы, а хутчэй за ўсё, разьвітвацца зь лецішчам”.

Eolonir на сайце блогаў Позірк піша пра свайго знаёмага, які вучыцца ў магістратуры Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту й рыхтуецца да праблемаў адаптацыі расейскага дыплёму да беларускіх рэаліяў. У Беларусі замежныя дыплёмы аўтаматычна не прызнаюцца. “Дзіўна, – разважае Eolonir. – Таму што ў Казахстане, які ня можа ганарыцца надзвычайнай дэмакратыяй, існуе праграма, паводле якой 300 чалавек кожны год зьжджаюць за мяжу вучыцца ў лепшых унівэрсытэтах. Па іх вяртаньні ім гарантаваныя лепшыя пазыцыі ва ўрадзе, а месца аднаго віцэ-прэм’ера можа заняць толькі выпускнік гэтае праграмы. Урад заахвочвае масавую міграцыю студэнтаў, бо ведае, што тыя вернуцца”.

Сайт Беларуская жаба прапануе новую карыкатуру: “Тэлевізар – опіюм для народу”. Сабака на ланцугу правязаны да тэлевізара з надпісам “БТ”. Тэлевізар гэты – замест дамка для сабакі.

У беларускім сеціве блукала Юлія Шарова. Да сустрэчы ў офлайне.
XS
SM
MD
LG