Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб я быў Богам, я б памяняў прэзыдэнта…”


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Што б вы зрабілі, каб раптам сталі Богам?” — на гэтае пытаньне адказвалі гарадзенскія мінакі.

Сталы спадар: “Напэўна, дапамог бы людзям у гэтым жыцьці, напрыклад, са здароўем. Наконт фінанасаў ня ведаю, але са здароўем дапамог бы. Усім беларусам дапамог бы, бо пра народ свой трэба дбаць”.

Маладзён: “Для краіны ўсё зробіць Лукашэнка, а для сябе я зрабіў бы пабольш станоўчых эмоцый, каб было сонечным жыцьцё”.

Дзяўчына: “Я Богам ніколі ў жыцьці ня стану, не хачу быць Богам, таму я б нічога не зрабіла”.

Спадар: “Прэзыдэнта Беларусі памяняў бы”.

Малады спадар: “Для людзей Беларусі зрабіў бы штосьці добрае. Напрыклад, памяняў бы сьвядомасьць людзей, паколькі беларусы вартыя большага, чымсьці маюць цяпер насамрэч”.

Спадар: “Я прыбраў бы з душаў людзей злосьць, прагу самаразбурэньня, глупства. Як часам кажуць, каб я быў Богам, я б накарміў усіх людзей... не, канешне, таму што людзі самі сябе накормяць, калі пералічаныя мною негатыўныя якасьці замяніць на больш прадукцыйныя”.

Маладзён: “Каб я быў Богам, я б прызначыў іншага прэзыдэнта”.

Карэспандэнт: “Прэзыдэнта выбіраюць”.

Маладзён: “Ня ведаю як дзе, а ў нас, я думаю, не выбіраюць яго, а што хочуць, то і робяць”.

Ягоны сябра: “Каб я стаў Богам, я б зрабіў так, каб на ўсім зямным шары быў мір, каб не было войнаў, каб людзі жылі ў сяброўстве і шчасьці”.

Малады спадар: “Зрабіў бы мір ва ўсім міры, і каб не было беспрацоўных, жабракоў, каб усе былі пры справе”.

Маладая спадарыня: “Я хацела б, каб наш сьвет стаў дабрэйшым, каб людзі сталі лепшымі, каб не рабілі розныя глупствы і каб у горадзе ня сьмецілі”.

Дзяўчына: “Бог жа, ён ня толькі на адзін горад, а на ўвесь сьвет, правільна? У сьвеце ўсяго хапае. А ў горадзе я б пабудавала добры шпіталь”.

Маладая спадарыня: “Я б зрабіла, каб усе дзеці ніколі не хварэлі, а болей нічога”.

Маладзён: “Я паспрабаваў бы чалавека зьмяніць, ягоную сутнасьць, каб менш злосьці ў ім было, менш карысьлівасьці, больш любові. Трэба менш задумвацца пра грошы, а болей — пра сэнс жыцьця, каб чалавек гэтак сваё жыцьцё будаваў. Але гэта, на жаль, утопія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG