Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце: чаму дэпутаты БНФ пакінулі Авальную залю?


Сяргей Навумчык, Прага У “Начной Свабодзе” былы Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, прыгадваючы пра падзеі пачатку 1990-ых гадоў, сказаў: “...Мы вывелі ядзерную зброю, прынялі Дэклярацыю аб незалежнасьці – дарэчы, калі вы гаворыце, што гэта заслуга Пазьняка, дык БНФ-аўцы ж выйшлі з залі, калі галасавалі за Дэклярацыю аб незалежнасьці, а сёньня яны гэтым ганарацца больш чым іншым... “. Пра тое, як прымалася Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, прыгадвае Сяргей Навумчык, які ў той час быў дэпутатам апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня.

Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч ня ўпершыню кажа пра выхад дэпутатаў БНФ з Авальнай залі 27 ліпеня 1990 году. На словах “выйшлі з залі”, “не галасавалі” ставіцца кропка – і ўзьнікае ўражаньне, што дэпутаты БНФ ня ўдзельнічалі ў стварэньні і прыняцьці дакумэнта, і нават былі супраць Дэклярацыі. Нядаўна Мікалай Дземянцей на хвалях Свабоды так і заявіў: “Яны выйшлі дэманстратыўна з залі на чале з маім намесьнікам Шушкевічам. Яны выйшлі з залі, каб не прымаць гэтую дэклярацыю”. (Мікалая Іванавіча падвяла памяць – Шушкевіч заставаўся поруч зь Дземянцеем у прэзыдыюме).

Тое, што перад канчатковым галасаваньнем па Дэклярацыі дэпутаты БНФ пакінулі Авальную залю – гэта факт. Але – чаму выйшлі? І якія гэта мела вынікі?

Ідэя сувэрэнітэту Беларусі была абвешчаная Пазьняком адразу пасьля ўтварэньня Народнага Фронту і зрабілася адным з галоўных лёзунгаў БНФ на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. 30 чэрвеня - 1 ліпеня 1990 г. БНФ правёў канфэрэнцыю “Незалежная Беларусь”, на якой з асноўным дакладам выступіў Зянон Пазьняк. Менавіта на канфэрэнцыі і быў прыняты праект Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, які мы потым прадставілі Вярхоўнаму Савету. Спачатку Дземянцей і пракамуністычная большасьць і чуць не жадалі ні пра якую Дэклярацыю...

Дэпутаты БНФ ня толькі напісалі праект Дэклярацыі – але змагаліся за кожнае слова, бо пракамуністычная большасьць імкнулася выкінуць палажэньні і пра нацыянальную валюту, і пра ўласнае войска, і пра бязьядзернасьць. На сэсіі 26-27 ліпеня, на апошняй стадыі галасаваньня, калі Дэклярацыя прымалася паартыкульна і яшчэ заставаліся шанцы адстаяць сваю пазыцыю, дэпутаты БНФ выступалі больш за сто разоў!

Крытычная сытуацыя ўзьнікла, калі пачалі абмяркоўваць пункт аб “саюзнай дамове”, які перакрэсьліваў ідэю сувэрэнітэту. Не жадала дэпутацкая большасьць галасаваць і за наданьне Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы (такі статус замацоўваў бы вяршэнства беларускіх законаў над “саюзнымі”, і фактычна, надаваў паняцьцю “сувэрэнітэт” юрыдычную моц). Дарэчы, першы намесьнік Старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч тады заявіў, што -- цытую стэнаграму – “канстытуцыйную норму Дэклярацыі надаць цяпер проста немагчыма”.

У пэўны момант кіраўнік камісіі, якая “адказвала” за Дэклярацыю, член Прэзыдыюму ВС Леанід Козік (той самы, які цяпер ўзначальвае афіцыйныя прафсаюзы), панічна заявіў, што “калі мы прымем гэту Дэклярацыю, дык яна накіравана на сто працэнтаў на выхад з Саюзу”. Гэтыя словы стэнаграфічна зафіксаваныя, а ў кулюарах гучалі размовы: “А ці трэба сьпяшацца? Ці ня варта пачакаць, адкласьці да восені?” (27 ліпеня быў апошнім днём працы сэсіі).

Узьнікла рэальная пагроза, што Дэклярацыя ня будзе прынятая нават у “абсечаным” выглядзе. І вось тады Зянон Пазьняк прапанаваў тое, што пазьней Алег Трусаў назаве “бліскучым тактычным і стратэгічным крокам”. Працытую Валянціна Голубева, які пад час нядаўняй он-лайн канфэрэнцыі на Свабодзе прыгадаў:

“Пры галасаванні за апошні артыкул пра саюзную дамову Зянон Пазняк прыдумаў ход: мы выходзім з залі ў знак пратэста супраць такой фармулёўкі, а большасць на эмоцыях прагаласуе за ўвесь тэкст Дэкларацыі і бяз нас. Так і адбылося...”

Псыхалягічны эфэкт магу пацьвердзіць, бо разам з некаторымі іншымі дэпутатамі БНФ быў пакінуты ў залі: абурэньне і неўтаймаванае жаданьне зрабіць насуперак Пазьняку: “Яны ня хочуць галасаваць? Ну дык тады мы прагаласуем”.

За Дэклярацыю прагаласавалі 229 дэпутатаў пры ніводным “супраць” альбо “ўстрымаўся”.
XS
SM
MD
LG