Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: не стае донараў


Радыё Свабода, Магілёў На Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві не стае донараў. У вобласьці ад 2004 году колькасьць донараў зьменшылася прыкладна на 8%. Донараў робіцца менш ва ўсёй Беларусі — але на Магілёўшчыне іх найменей.

У 2006 годзе на ўліку Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві знаходзілася каля 8,5 тысяч донараў. Дзеля параўнаньня: на Берасьцейшчыне — 14 тысяч, на Віцебшчыне — 17 тысяч.

Начальнік Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві Барыс Гольдынберг тлумачыць гэткую розьніцу ў донарскай статыстыцы вышэйшымі патрабаваньнямі да здароўя донараў. У Магілёве найменш бракаванай крыві, зазначае спадар Гольдынберг.

Пасьля адмены сацыяльных ільготаў людзі сталі менш зацікаўленымі ў донарстве.

“У нас чэрвень, ліпень, жнівень і верасень — паводле папярэдняга запісу практычна застаецца палова месцаў пустых. Відаць, дзяржава перасьледавала нейкія канкрэтныя мэты, але трэба было паклапаціцца, каб захаваць сам прынцып такой сацыяльнай зьявы, як донарства”, — лічыць Гольдынберг.

На донарства ўплываюць і іншыя праблемы. Ня ўсе ахвочыя здаваць кроў адпавядаюць неабходным крытэрам:

“Даводзіцца працэнтам дзесяці тых, хто прыйшоў да нас здаваць кроў, адмаўляць у прыёме. Мы лічым, што гэта зьвязана зь недастатковым харчаваньнем людзей, гэта зьвязана зь недатрымоўваньнем нейкіх рэжымных умоваў паводзінаў, гэта зьвязана з адхіленьнем у нейкіх паказьніках”, — зазначае Барыс Гольдэнберг.

Магілёўская станцыя пераліваньня крыві зьвярнулася да аблвыканкаму з просьбай адрасна дапамагаць ганаровым донарам — кампэнсоўваць транспартныя выдаткі, даваць прэміі на працы.

Акрамя таго, Барыс Гольдынберг разьлічвае на дапамогу “Чырвонага крыжа”.

Ініцыятар страйку донараў і кіраўнік арганізацыйнага камітэту, які стварае фонд для донараў “Кропля жыцьця”, Ігар Каваленка кажа:

“Дзяржава ня ведае, што рабіць з донарствам. Калі мы выступаем зь нейкімі ініцыятывамі да ўраду і Міністэрства аховы здароўя з сваімі прапановамі пра тое, як людзей прыцягнуць да донарства, усе чыноўнікі ігнаруюць нашы прапановы, бо разглядаюць іх як пагрозу.

Адсутнічае прапаганда донарства як у Магілёве, так і ў краіне наагул. Стан здароўя ў нашых людзей ня дужа добры, пра гэта шмат кажуць, але нічога ня робяць”.

• Магілёў: Станцыя пераліваньня крыві пачула патрабаваньні донараў , 13.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG