Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Гайдукевіч застаўся без дыпляматычнай пасады


Уладзімер Глод, Менск Сяргей Гайдукевіч пакінуў пасаду спэцыяльнага прадстаўніка міністра замежных справаў Беларусі для сувязяў з эўрапейскімі міжпарлямэнцкімі структурамі. Са словаў лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі й дэпутата Палаты прадстаўнікоў, ён сёньня сустрэўся зь міністрам Сяргеем Мартынавым. Падчас размовы бакі прыйшлі да высновы, што задачы, якія ставіліся перад спэцыяльным прадстаўніком, ён выканаў.

На пытаньне, ці азначае гэта, што пасада спэцпрадстаўніка ліквідуецца, ці яе зойме іншая асоба, Сяргей Гайдукевіч адказвае так:

“Пасада страціла актуальнасьць. Я на ёй усё выканаў, усё зрабіў. Працэс ідзе. І справу будуць працягваць штатныя супрацоўнікі МЗС, кіраўніцтва міністэрства. Яны будуць актыўней рухацца насустрач Эўразьвязу, паводле магчымасьці.

Я, калі глядзець аб’ектыўна, даволі многа зрабіў, атрымаў добрую ацэнку. І зьбіраюся заставацца ў працэсе. Дні тры таму я напісаў ліст камісару Фэрэра-Вальднэр, дзе абазначыў пэўныя арыенціры, свой абавязковы ўдзел у гэтым працэсе”.

На некаторых сайтах сыход Сяргея Гайдукевіча з пасады зьвязваюць з тым, што Эўразьвяз на нявызначаны час адклаў перамовы зь Беларусьсю пра энэргабясьпеку. Былы прадстаўнік назваў такія разважаньні “беспадстаўнай балбатнёй”.

А на пытаньне нашага радыё пра бліжэйшыя пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі з Эўропай Сяргей Гайдукевіч гаворыць:

“Дыялёг будзе. У ім ёсьць зацікаўленасьць. Калі ж ён не адбудзецца, дык гэта, натуральна, будзе вельмі дрэнна”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што пасада спэцпрадстаўніка міністра з самага пачатку разглядалася як прапагандысцкая:

“А прапагандысцкая — значыць, несур’ёзная. Відаць, што апошнім часам МЗС шмат працуе ў гэтым кірунку. Тут няма, дый не магло быць, каардынацыі дзеяньняў. Гэты канфлікт стаў відавочным. І Гайдукевіч як нейкі прадстаўнік у эўрапейскіх справах стаў больш не патрэбным”.

Сяргея Гайдукевіча прызначылі на пасаду спэцыяльнага прадстаўніка міністра замежных справаў напрыканцы мінулага году. Сёлета ён езьдзіў у Брусэль, Рым, іншыя гарады, дзе кантактаваў з прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам і дакладчыкам ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

• Гайдукевіч распачаў “шырокі дыялёг з Эўразьвязам”, 23.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG