Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Максімюк: “Пашырэньня сацыяльнай базы пратэсту ў Беларусі няма”


Валер Каліноўскі, Прага Апошняя хваля затрыманьняў і арыштаў у Беларусі паказвае як нязьменнасьць сытуацыі ў Беларусі, калі ўлады ня хочуць нейкім чынам дэмакратызаваць грамадзкае жыцьцё, гэтак і тое, што кіроўнаму рэжыму ўдалося маргіналізаваць сваіх апанэнтаў, якія больш падобныя да дысыдэнтаў савецкага часу, чым на супернікаў у барацьбе за ўладу. Такую выснову зрабіў аналітык нашага радыё Ян Максімюк.

Каліноўскі: “Ян, калі ласка, коратка абгрунтуйце сваю выснову. Вось жа беларуская апазыцыя зноў зьбіраецца прымаць удзел у парлямэнцкіх выбарах, гэта значыць, дзейнічаць як палітычная сіла, а ня дысыдэнты...”

Максімюк: “Тут пытаньне ня ў поўнай аналёгіі, а ў пэўных падабенствах. Кажучы, што беларуская апазыцыя апынулася ў ролі дысыдэнтаў, я маю на ўвазе тое, што ейны ўплыў амбмежаваны на вузкае кола людзей, апазыцыйных да гэтага рэжыму, безь ніякай вонкавай падтрымкі.

Усё круціцца ў тым самым коле людзей – гэта тое самае, што адбывалася ў 1970-80-я гг. у коле савецкіх дысыдэнтаў, ці сярод дысыдэнтаў зь іншых краінаў камуністычнага блёку. У іх не было сродкаў камунікацыі з шырэйшым грамадзтвам. Так і цяпер рэжым у Беларусі абмежаваў іхныя магчымасьці вузкім колам. Пяць-дзесяць тысяч выйдзе на дэманстрацыю на 25 сакавіка, але гэта тыя самыя людзі, пашырэньня сацыяльнай базы пратэсту няма”.

Каліноўскі: “Ці трэба беларускай апазыцыі адпаведна мяняць тактыку на дысыдэнцкую?

Максімюк: “Я думаю, не, я ўсё ж такі гляджу на беларускую сытуацыю з аптымізмам. Думаю, што беларуская апазыцыя не дазволіць, каб яе канчаткова ператварылі ў дысыдэнтаў, бо дысыдэнты, скажам так, ня маюць ніякага ўплыву на жыцьцё ўнутры сваёй краіны.

Натуральна, яны выклікаюць сымпатыю за межамі. Але пасьля 1996 г. у Беларусі беларуская апазыцыя мае шмат сымпатый у Эўропе і мае надалей, але ж калі ідзецца пра ўплыў на бег справаў ва ўласнай краіне, ён быў мінімальны.

Некаторыя акцыі апазыцыі нагадваюць дысыдэнцкія акцыі – высыланьне нейкіх пратэстаў да ўладаў ці за мяжу, гэта тое, што мы памятаем з камуністычнай эпохі. Але сапраўдная апазыцыя павінна браць удзел у палітычным жыцьці краіны нават калі поле для гэтай дзейнасьці вельмі абмежаванае, перш за ўсё – у выбарах, мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх”.

Каліноўскі: “У іншых дзяржавах СНД, у той жа Расеі, Казахстане, апазыцыя таксама не ўяўляе сабой сілы, здольнай супернічаць уладзе... Яны таксама дысыдэнты?”

Максімюк: “Гэта, можа быць, і так, але калі гаварыць пра ступень, у якой апазыцыя кантралюецца ўладамі і абмяжоўваецца ў сваіх дзеяньнях, тут Беларусь зьяўляецца несумненным лідэрам. Фактычна, калі 3-4 асобы хочуць сабрацца на флжш-моб, яны прыходзяць на месца, а там ужо міліцыя... Калі ідзецца пра татальнасьць кантролю над жыцьцём апазыцыі, Беларусь тут знаходзіцца наперадзе ўсіх краінаў СНД”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG