Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы В.Костка: Тэрарызм у Беларусі прыдуманы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Час ад часу ў Беларусі знаходзяць выбуховыя прыстасаваньні, а зрэдку нават адбываюцца выбухі. Ці азначае гэта, што ў краіне дзейнічаюць тэрарыстычныя арганізацыі?

Зьвесткі пра тое, што ў некага з грамадзянаў знайшлі выбуховае прыстасаваньне, у Беларусі часам зьяўляюцца.

Але ніводнага разу праваахоўныя органы не заяўлялі пра арышт патэнцыйнага тэрарыста. Звычайна гаворка ідзе пра былых вайскоўцаў, якія прыхавалі некалькі тратылавых шашак для продажу аматарам глушыць рыбу ці пра “чорных капальнікаў”, што дасьледуюць месцы былых баёў у пошуках вайсковых рарытэтаў.

Што да выбухаў, тут найноўшая гісторыя Беларусі дае больш прыкладаў. Ці дастаткова гэтага, каб казаць пра дзейнасьць у Беларусі тэрарыстаў?

Увечары 30 красавіка 1997 году пад Уздой адбыўся выбух газаправоду, якім перапраўляюць газ з Расеі ў Эўропу. Тагачасны карэспандэнт расейскага тэлеканалу ОРТ у Беларусі Павал Шарамет празь некалькі гадзінаў прыехаў здымаць месца выбуху.

Празь дзесяць гадоў Павал згадвае пра тыя падзеі:

“Памятаю толькі вось што. Што напярэдадні прыйшоў ліст нейкага Беларускага вызвольнага войска. Другое, я не разьбіраўся, які там быў выбух, які разрыў трубы, бо гэтым займаліся адмыслоўцы. І трэцяе — вельмі шчыльная была ўвага КДБ”.

Павал дагэтуль не перакананы, што тады быў менавіта тэракт, а ня выбух газу ў выніку тэхнічнай аварыі. Зьяўленьню гэтых сумневаў паспрыяла сама ўлада: ужо праз два дні ў Беларусі афіцыйна было заяўлена, што “лініі разрыву трубы нагадваюць натуральнае паходжаньне выбуху”.

1997 год быў рэкордным па колькасьці выбухаў. Менавіта тады ў Менску прагучаў выбух у будынку Савецкага суду. Тады ніхто не пацярпеў. Аднак і злачынцаў не знайшлі.

Яшчэ праз дваццаць дзён, 1 кастрычніка, у пад’езьдзе свайго дому ў Магілёве праз дыстанцыйнае выбуховае прыстасаваньне быў забіты Яўген Мікалуцкі, галоўны прэзыдэнцкі кантралёр у Магілёўскай вобласьці.

У тым жа месяцы Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт №21 “Аб неадкладных мерах для барацьбы з тэрарызмам”. Сярод неадкладна прынятых мераў быў арышт былога міністра Васіля Лявонава і двойчы героя Сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава, пра якіх спачатку заявілі, што яны нібыта мелі дачыненьне да арганізацыі выбуху ў Магілёве.

Але пазьней міністра і старшыню калгасу судзілі паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах.

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка мяркуе, што “Беларускае вызвольнае войска” — прыдумка тых, хто “гандляваўся з Расеяй адносна кантролю над газаправодам”.

Валер Костка заўважае, што размовы пра тэрарызм таксама супадалі з хвалямі рэпрэсіяў супраць тых, хто не пагаджаўся зь дзейнай уладай.

“Няма ў нас ніякага тэрарызму, і ўсе гэтыя гульні пра нейкія выбуховыя рэчы, размовы пра Віцебск, Магілёў — усё гэта пад пэўную палітычную сытуацыю. Каб запалохаць, прычым ня столькі народ, колькі пэўных палітыкаў. А заадно выбіць грошы на гэтую барацьбу, павялічыць штаты. Гэта можа быць барацьба і пэўных спэцслужбаў”.

Вядучаму. Нагадаем яшчэ адну гісторыю з выбухамі, але з тымі, якія гэтак і не адбыліся. У пачатку 2006 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, КДБ Беларусі заявіла, што на час выбараў “пэўныя сілы” рыхтуюць тэрарыстычныя акты.

КДБ казала пра магчымыя выбухі ў чатырох школах, дзе разьмешчаныя выбарчыя ўчасткі, а таксама пра плян выбухнуць бомбу на Кастрычніцкай плошчы падчас мітынгу апазыцыі. Пазьней ніякіх доказаў такой небясьпекі не было пададзена.

Тагачаснага старшыню КДБ Сьцяпана Сухарэнку, які заяўляў пра падрыхтоўку выбухаў у школах і на плошчы, нядаўна адправілі ў адстаўку.
XS
SM
MD
LG