Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як менчукі ставяцца да зьмены прапіскі на рэгістрацыю?


Іна Студзінская, Менск З новага году ў пашпартах беларусаў ня будуць ставіць штамп аб прапісцы. Прапіску заменяць рэгістрацыяй. Як да гэтага ставяцца жыхары сталіцы?

Спадар: “Я думаю, будзе толькі болей цяганіны з гэтай рэгістрацыяй”.

Юнак: “Я пакуль нічога пра гэта ня чуў”.

Спадар: “На мой погляд, бюракратыя ў нашай краіне непераможная. Разгалінаваная сетка бюракратыі, ад яе не схавацца, яна паўсюль”.

Спадарыня: “Першы раз чую, і я ў шоку. Рэгістрацыя — гэта азначае, што праз пэўны час ісьці ў адпаведныя органы і адзначацца, што я тут жыву? А прапіска — я з нараджэньня тут прапісаная і паўнавартасная грамадзянка гэтай краіны. А рэгістрацыя ўсё адно на нейкі час”.

Спадар: “Гэта проста зьмена назвы. Я юрыст, і я цікавіўся гэтым пытаньнем. Гэта вельмі незразумелы крок. Нават у прэсе пішуць, што нарэшце вырашылі, што трэба выконваць Канстытуцыю, права чалавека на выбар месца жыхарства, на свабоду перасоўваньня. Увогуле, я лічу, што гэта нічога не мяняе”.

Дзяўчына: “Я ня ведаю. Напэўна, будзе лягчэй. Таму што проста зарэгіструесься, ня трэба будзе прапісвацца”.

Карэспандэнтка: “Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, і прапіска будзе замененая рэгістрацыяй. Як вы да гэтага ставіцеся?”

Спадарыня: “Так, чулі пра гэта. Калі шчыра, мне ўсё адно. Прыежджыя — яны былі й будуць...”

Спадар: “Я лічу, што рынак працы ў нас не перапоўнены кадрамі, таму, мабыць, гэта станоўча”.

Дзяўчына: “Ня чулі пра такое. У нас прапіскі няма, толькі што паступілі на першы курс, інтэрнату няма, з дому выпісаліся, у Менску не прапісаліся. Атрымліваецца, што цяпер нідзе”.

Юнак: “Мне здаецца, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Навошта гэтая рэгістрацыя? Прапісаўся — і ўсё. А так цябе змогуць ў любы момант, так бы мовіць, “адрэгістраваць”, і ўсё”.

Спадар: “У Расеі, мне здаецца, таксама рэгістрацыю зрабілі. Вось Лукашэнка і хоча, каб і ў нас было, як паўсюль”.

Спадар: “Мне здаецца, будзе прасьцей тым людзям, якія прыяжджаюць у Менск знайсьці працу, дзесьці ўладкавацца. Студэнтам таксама, думаю, будзе прасьцей”.

Дзяўчына: “Я думаю, памянялі шыла на мыла. Нічога гэта ня зьменіць, будзе тое самае”.

Спадар: “Ня ведаю. Я год без прапіскі жыву, згубіў адну даведку, якую вельмі цяжка аднавіць”.

Карэспандэнтка: “А як вы думаеце, рэгістрацыя спросьціць вашыя праблемы?”

Спадар: “У нас ніколі нічога прасьцей ня робяць”.

Спадар: “Будзе замест слова “прапіска” ў штампе слова “рэгістрацыя”. Нічога ня зьменіцца”.

Юнак: “Мне здаецца, для студэнтаў іншагародніх будзе складаней. Больш грошай давядзецца ім плаціць. І працу знайсьці ім будзе больш складана. Для ўладкаваньня абавязкова патрэбная прапіска”.

Спадар: “Практычна гэта тая самая прапіска, але заплаціць больш давядзецца, проста будзе яшчэ больш бюракратыі”.
XS
SM
MD
LG