Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі: ніводная краіна не зацікаўленая ў абвале даляра


Ігар Карней, Менск Курс даляра да іншых асноўных валютаў зьніжаецца. На ўсясьветных валютных рынках за 1 эўра цяпер даюць 1 даляр і 39 цэнтаў, а брытанскі фунт каштуе ўжо больш за два даляры. Паводле прагнозаў, кошт эўра да канца 2007 году вырасьце яшчэ на 4-5 амэрыканскіх цэнтаў. На погляд некаторых экспэртаў, празь некалькі гадоў за адзінку эўравалюты будуць даваць 1,5 даляра. Тым часам Нацыянальны банк Беларусі плянуе ад 2008 году выкарыстоўваць як арыенцір для нацыянальнай валюты выключна даляр ЗША. Чаго чакаць беларускай эканоміцы і жыхарам краіны ад абясцэньваньня даляра?

Даляр б’е чарговы рэкорд падзеньня. Аналітыкі схіляюцца да думкі, што на сытуацыю паўплывалі паведамленьні пра магчымае зьніжэньне працэнтных ставак у ЗША і неакрэсьленасьць на іпатэчным рынку краіны.

На гэтым тле многім экспэртам падаецца пасьпешлівай заява кіраўніцтва Нацыянальнага банку аб меркаванай прывязцы з 2008 году беларускага рубля да даляра.

“Пахаваньне” даляра дачаснае?

Між тым, прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў кажа, што канчатковага рашэньня ў пытаньні арыентацыі на даляр яшчэ няма. Аднак ён ня схільны драматызаваць сытуацыю з курсам даляра, які неістотна падае:

“Калі рашэньне прывязаць да даляра будзе прынятае, значыць, яно будзе абавязкова выконвацца. То бок, калі асноўныя кірункі будуць канчаткова зацьверджаныя, тады там адназначна абвяшчаецца, да чаго мы прывязваемся, як прывязваемся, і ўвогуле якая наша палітыка на ўвесь наступны год. Мяркую, што ўвосень асноўныя кірункі ўжо будуць зацьверджаныя.

Але думаю, што “пахаваньне” даляра пакуль дачаснае. Бальшыня краінаў сьвету трымае ў далярах значную частку сваіх рэзэрваў. І тэарэтычна ніводная краіна сьвету, нават тая, якая Амэрыкі зусім ня любіць, не зацікаўленая ў рэзкім падзеньні курсу даляра. Таму што гэта фінансавыя страты”.

Кіраўнік Цэнтру праблемаў эўрапейскай інтэграцыі Юры Шаўцоў лічыць, што паступовае абясцэньваньне даляра не паўплывае ні на эканамічную сытуацыю ў краіне, ні на дабрабыт жыхароў:

“Думаю, ніяк яно не адаб’ецца. Не такое гэта і значнае падзеньне — гэта адно. А другое — у нас толькі заплянаваная арыентацыя на даляр, і гэта стане рэальнасьцю ў найлепшым выпадку напрыканцы наступнага году.

Абвешчана пра намер гэта зрабіць, але ня зроблена. А ў нас жа шмат пра што абвяшчаецца... Таму чагосьці істотнага ад гэтага чакаць ня варта. Дробная праблема для Нацбанку, і тое не для ўсяго, а для нейкіх яго ўпраўленьняў”.

Карэспандэнт: “А для народу нейкіх наступстваў можна чакаць?”

“Каб яно ў два разы скокнула — тады так. А калі гэта долі працэнтаў, то гэта на народзе ніяк асабліва не адаб’ецца. Дзе народ даляры свае траціць? Пераважна будаўнічыя матэрыялы набывае. А кошт на іх залежыць хутчэй ад унутранай сытуацыі на рынку, чым ад гэтых буйных працэсаў”.

Ці будуць за эўра даваць 1,5 даляра?

Як спрагназаваў колішні кіраўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў Міхаіл Кавалёў, у наступныя гады за адзін эўра будуць даваць ужо 1,5 даляра. Паводле ягоных зьвестак, цяпер Нацбанк у сваіх валютных рэзэрвах павялічвае долю эўра і золата.

Экспэрт раіць і беларускім укладальнікам дывэрсыфікаваць зьберажэньні, укладаючы іх ня толькі ў даляры, але ў эўра і расейскія рублі.

А вось цяперашні старшыня згаданай асацыяцыі Фэлікс Чарняўскі кажа, што ацэньваць працэс нельга агулам. Бо для кагосьці падзеньне даляра — станоўчы працэс у бізнэсе:

“Пры падзеньні курсу даляра ў нас таньнее імпарт. Гэта ў пэўнай ступені выгадна, калі наш курс стабільны. Для экспартэраў, наадварот, не зусім гэта выгадна, калі больш стабільны курс беларускага рубля, чым курс даляра.

Узьнікаюць самыя розныя сытуацыі, але якогасьці ажыятажу, трывожных падзеяў у зьвязку з гэтым рухам курсу і ў зьвязку з тым, што іпатэчны крызіс у ЗША, у нас пакуль не ўзьнікала. І я не прадбачу, што па часе якіясьці ўзьнікнуць у сувязі з гэтым вострыя праблемы”.

Спэцыяліст у галіне кансультаваньня, псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі кажа, што наўрад ці трэба чакаць неадкладнай рэакцыі простых беларусаў на падзеньне даляра. Бо зазвычай людзі рэагуюць не на біржавы курс, а на рэальныя прыклады адбіраньня ці канфіскацыі грошай:

“Краіны са стабільнай эканомікай альбо са стабільным палітычным ладам забясьпечваюць тое, што грошы фактычна ўсіх жыхароў захоўваюцца ў банках і ўкладзеныя ў якіясьці бізнэс-праекты.

У нас пакуль пахваліцца гэтым, канечне, нельга. Але адпаведная дынаміка, як бачым, назіраецца. Прынамсі, адчуваньне стабільнасьці ў людзей ёсьць. Бо за апошнія некалькі гадоў нейкіх сур’ёзных і кардынальных зьменаў не адбылося, ні ў каго ўкладаў ня скралі, грошай шмат не экспрапрыявалі, гучных, каб на слыху, працэсаў у гэтай сфэры не было. Таму людзі ўкладаюць пэрыядычна грошы то ў банкі, то ў золата”.

Як лічаць многія незалежныя эканамісты, у прывязцы беларускага рубля да даляра Нацыянальны банк кіруецца рэальнай выгадай. Такім чынам можна ажыцьцяўляць дэвальвацыю беларускай валюты, сьпісваючы працэс не на інфляцыю, а на падзеньне даляра.
XS
SM
MD
LG