Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камароўскі рынак: “Купляем толькі самае таннае”


Ганна Соўсь, Менск Ад верасьня ў Беларусі падаражэлі асноўныя харчовыя прадукты — алей, хлеб, мука, малако. Улады не хаваюць, што рост цэнаў на ўсе катэгорыі тавараў і паслугаў будзе працягвацца. Як гэта адбіваецца на сямейных бюджэтах? Якія харчы найбольш падаражэлі? Наша карэспандэнтка сёньня наведала Камароўскі рынак у Менску.

У першай палове дня большасьць наведнікаў рынку — пэнсіянэры. Яны ўважліва разглядаюць цэньнікі на таварах у пошуку ніжэйшай цаны.

“Усё расьце, толькі пэнсіі й заробкі не растуць”

Спадарыня: “Усё падаражэла — і гародніна, і садавіна. Пэнсіянэрам гэта вельмі складана”.

Спадар: “У крамах таксама цэны моцна вырасьлі. І мяжы гэтаму няма. І народ нейкі пасіўны, ніхто не пратэстуе. Школьнікаў, пэнсіянэраў, вязьняў (колькі тых вязьняў засталося) пазбавілі льготаў. А ў міліцыянтаў якія пэнсіі і заробкі...”

Спадарыня: “Растуць цэны. Безумоўна. Цяпер сыркі глязураваныя купляла. Ужо 410 рублёў каштуюць. Усё расьце, толькі пэнсіі і заробкі не растуць. Ад палучкі да палучкі не хапае”.

Спадарыня: “Сланечнікавы алей вельмі моцна падаражэў. Даражэйшая стала гародніна. Можа, таму што ў нас неўраджай сёлета. Адпаведна крупы, мука. А заробку няма”.

Спадар: “На ўсе прадукты высокія цэны. І на капусту, і на памідоры. Скончылася лета, зьбіраюць ураджай, дык павінны быць цэны ніжэйшыя. А атрымліваецца наадварот. Асабліва яблыкі, такое ўражаньне, што няма яблык у Беларусі. Мы, як пэнсіянэры, канечне, мяса вельмі мала спажываем. Заўважна вырасьлі цэны на малочныя харчы. І на хлеб таксама”.

Многія мае суразмоўцы абураліся тым, што нядаўна амаль удвая падаражэў сланечнікавы алей. Гутару з прадавачкай алею.

“Абураюцца, канечне. Як яны могуць рэагаваць, калі нечакана і так рэзка — амаль на 100 працэнтаў. Абураюцца, але купляюць. Страўнік штодня хоча есьці. Для нас гэта было так жа нечакана, як і для пакупнікоў. Пакупніцкая здольнасьць ўпала адразу і рэзка, таму што людзі не пасьпелі ў прынцыпе атрымаць пэнсіі, а ўжо падаражэньне прайшло. Гавораць, што яшчэ ўсё будзе даражэць. Апроч алею падаражэла грэчка, і моцна падаражэла расейская макарона”.

“Сасісак ужо не купляем”

Мая наступная суразмоўца — маладая жанчына, якая з трохгадовым сынам прыйшла на закупы:

“Ідзем купляць малако, сьмятану... Сасісак ужо не купляем. Гатуем свой фарш, паколькі ўжо немагчыма за 11 тысячаў набыць дзіцяці сасіскі. Усё трэба самім гатаваць”.

У пераходзе на крыты рынак — вялікая чарга. Тут танна прадаюць гародніну — буракі, цыбулю, бульбу, капусту. У чарзе адны пэнсіянэры.

Карэспандэнтка: “Ці адчуваеце вы рост цэнаў на асноўныя харчы?”

Спадарыня: “На ўсё, куды ні глядзіш. На гародніну, на алей, на кілбасы. Каб вараная кілбаса 12 тысяч каштавала?”

Спадарыня: “Калі ўжо для Радыё Свабода гаварыць, то па тэлевізары аб’явілі, што сёлета тройчы падвышалі пэнсію. Нічога падобнага — упершыню”.

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, ад якіх харчоў вы ўжо адмаўляецеся з-за дарагоўлі?”

Спадарыня: “Мы ўсё абмяжоўваем. Купляем самае таннае”.

Спадарыня: “Як можна за 300 тысяч пражыць? Заплаціць за сьвятло, за кватэру, за тэлефон. Застаецца 130 тысяч на прадукты. Купляем самае таннае”.

Спадарыня: “На рынку бурак 1200—1300 рублёў. А тут бурак за 510 рублёў. У прынцыпе, жыць можна. Мы не прызвычаіліся да багацьця, а вось да такога сярэдняга жыцьця”.

• Б.Жаліба: У верасьні адчуем пераход на поўную аплату расейскага газу, 6.09.2007 • Кошты вырастуць амаль на ўсё, 28.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG