Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ў прэзыдэнта столькі ахоўнікаў, то трэба ж мець і адпаведную колькасьць ворагаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У лістах, якія мы атрымліваем ад сваіх слухачоў у гэтыя верасьнёўскія дні — роздум пра найбольш значныя падзеі і факты апошняга часу, развагі пра пачутае на “Свабодзе”, заўвагі, прапановы.

Сёньняшні агляд пачну з допісу Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён спрабуе спрагназаваць будучыню, якая можа напаткаць беларускую эканоміку:

“У любым выпадку, альбо Лукашэнка прадасьць прадпрыемствы замежным інвэстарам, альбо іх прыхватызуе “прасунутая” намэнклятура. Што б ні здарылася, новыя гаспадары будуць зацікаўленыя ў пасьпяховай працы гэтых прадпрыемстваў, у стабільнасьці і гарантаваных прыбытках.

А паўтарэньня падзеяў 1990—1991 гадоў (масавых страйкаў) ня будзе. Як ня будзе і хаатычнай прыхватызацыі на ўзор той, што адбывалася ў ельцынскай Расеі і кучмаўскай Украіне ў 1990-я гады.

Што да магчымага энэргетычнага крызісу з прычыны рэзкага росту коштаў на рэсурсы, то Расея на гэта ня пойдзе. Маскве выгадны памяркоўны крызіс, каб хітра зьмяніць Лукашэнку на ўладу групоўкі прамаскоўскай намэнклятуры”.


Далей у сваім лісьце Алесь Марціновіч робіць высновы адносна пэрспэктываў апазыцыі:

“Вясна 1996 году была пікам агоніі заходняга дэмпраекту ў Беларусі, якую спрабавалі скіраваць паводле схемы суседзяў. Сакавік 2006-га быў, у існасьці, крахам гэтага дэмпраекту. Сам гістарычны лёс штурхае Беларусь у новай форме паўтарыць тое, што рабілі народы новай часткі Эўразьвязу першы раз у 1918-м, а другі — у 1989—1991 гадах.

Беларусь павінна ўжо праз сто, празь дзевяноста, празь пятнаццаць гадоў паўтарыць усё нанава ў неардынарнай форме, на базе расейскамоўнай культуры і любові да Расеі і Масквы”.


Надта даўгі адрэзак часу адводзіце вы, спадар Марціновіч, дзеля зьменаў у Беларусі. Сёньняшняя Эўропа — кантынент дынамічны. Пятнаццаць гадоў таму цяжка было ўявіць, што ўся заходняя і паўночная беларуская мяжа так хутка ператворыцца ў мяжу Эўразьвязу і НАТО.

І няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што выспа аўтарытарызму пасярод эўрапейскага кантынэнту мае вялікі запас трываласьці. Асабліва цяпер, калі скончыліся шматмільярдныя расейскія субсыдыі.

І сьцьвярджэньне пра народную любоў да Расеі й Масквы як пра падмурак будучай Беларусі гучыць таксама спрэчна. У Беларусі на дзяржаўным узроўні працягваецца русіфікацыя грамадзкага жыцьця, але гэта зусім не азначае, што ў сьвядомасьці людзей умацоўваюцца давер ды іншыя цёплыя пачуцьці да палітыкі ўсходніх суседзяў. Сацыёлягі сведчаць, што адбываецца якраз адваротнае.

Аўтар наступнага ліста — Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску. Слухач разважае пра некаторыя сёньняшнія беларускія рэаліі:

“Наша ўлада ўмее зрабіць турму і для тых, хто фармальна на волі: гэта калі ня плацяць заробкаў, не даюць зарабіць, не дазваляюць рабіць дабро як для людзей, так і для самой дзяржавы. Паступова, але мэтадычна апускаюць цябе да ўзроўню жывёліны.

Вакол сябе правадыры трымаюць вялізную абслугу і непамерна разьдзьмутую варту. А калі ў прэзыдэнта столькі ахоўнікаў, то трэба ж мець і адпаведную колькасьць ворагаў — інакш як апраўдаць выдаткі?

Успомніце “Архіпэляг ГУЛАГ” Салжаніцына: энкавэдысты, каб не ісьці на вайну, штучна рыхтавалі “паўстаньне” ў лягерах… У нас дайшлі да таго, што злачынцамі абвяшчаюць дзяцей — толькі за тое, што тыя адважваюцца думаць і гаварыць ня так, як прадпісвае начальства. Мала таго, падключаюць ідэалёгію і нават духавенства.

Каб звальняць бескантрольна з працы, прыдумалі кантракт. І абавязкова правераць — ці пабяжыш ты галасаваць за тыдзень да афіцыйных выбараў, як загадалі”.


Пры гэтым, спадар Яцкевіч, нямала людзей, якія нават у турме адчуваюць сябе свабоднымі. І лічаць, што гэта ўнутраная свабода важнейшая, чым фармальная воля, больш падобная на турму — калі чалавек вымушаны гаварыць ня так, як думае, і рабіць тое, што супярэчыць ягоным маральным прынцыпам.

Наступны электронны допіс — водгук на ліст Кастуся Сырэля з Вушачаў, які прагучаў у мінулым аглядзе пошты. Размова ў ім, нагадаю, ішла пра культуру мовы беларускіх журналістаў і палітыкаў.

Гэтая тэма цікавіць і Алеся Чарняўчыка зь Менску. У сваім лісьце ён дзеліцца ўласнымі назіраньнямі і ўражаньнямі ад працы беларускіх FM-станцыяў.

“Язык не паварочваецца называць іх айчыннымі. Калі бываю на Нарачы, заўсёды пераключаю прымач на літоўскія станцыі. Мову літоўскую ня ведаю, але якасьць музычных перадачаў там зусім іншая. Прыемна зьдзіўляе, што ня толькі на літоўскай мове гучаць песьні розных жанраў, але і на беларускай, украінскай, расейскай, ангельскай. Музыка ў асноўным з густам падабраная. Такую вы наўрад ці пачуеце на хвалях беларускіх станцыяў.

Але размова ня толькі аб музыцы. Вось прыклады.

Абласное радыё. Еду ў машыне ў пятніцу. Як і ўсе заўзятары, ведаю,што ў сераду ўжо адбыўся футбольны матч за выхад у групавы турнір БАТЭ — “Сьцяўа” (ён закончыўся зь лікам 2—2).

І тут чую, як, так бы мовіць, “спартовы аглядальнік” Даша Клюйко (магу памыляцца ў прозьвішчы) жыцьцярадасным голасам паведамляе, што БАТЭ ў выніку дзьвюх сустрэчаў зь ісьляндзкай камандай выйшла ў наступны раўнд і сустрэнецца зь пераможцам пары “Сьцяўа” — каманда з Польшы.

“Апэратыўная” праца ў ХХІ стагодзьдзі, нічога ня скажаш. А насамрэч — гэта “фанэра” на вушы слухачоў. Запісаны тыдзень таму матэрыял круцяць некалькі разоў штодзённа.

Другі прыклад. Гэтым панядзелкам раніцай выпадкова трапляю на хвалю “Радыюс FM”. Бадзёры аглядальнік культуры, якога калегі (і ён сам сябе) называюць Аляксандрам Сяргеевічам, пачынае работу з анэкдоту. Памятаеце, як у савецкія гады хадзілі анэкдоты пра габрэяў і чукчаў? А вось Аляксандар Сяргеевіч вырашыў пасьмяшыць усіх анэкдотам пра беларусаў.

Зьмест прыкладна такі. Ідзе памяркоўны беларус па вуліцы, на галаву яму выліваюць вядро бруду. Беларус прыпыняецца і разважае ўголас: “А што, калі б чалавек ішоў...”

Мусіць, тут трэба было сьмяяцца, але асабіста ў мяне было адчуваньне, што вядро памыяў выліў ня хто іншы, як “паважаны” Аляксандар Сяргеевіч. І ня толькі на мяне.

З павагаю, Алесь Чарняўчык, непамяркоўны беларус. Менск”.


У беларускім FM-эфіры цяпер можна знайсьці больш за дзясятак станцыяў. Але наўрад ці вам удасца лёгка адрозьніць адну ад другой, а ўсе разам — ад якіх-небудзь расейскіх правінцыйных станцыяў.

Яны падобныя, як блізьняты, — мовай, манерай вядзеньня, галасамі, аднымі й тымі ж старанна адфільтраванымі палітычнай цэнзурай навінамі, адной і той музыкай і сьпевамі (на 99 працэнтаў гэта расейская так званая “папса”).

Цяпер вось дзеля разнастайнасьці ўсьлед за расейскімі калегамі пачалі “ўпрыгожваць” праграмы сумнеўнымі анэкдотамі. На расейскіх станцыях, праўда, зайшлі яшчэ далей — там ужо ня рэдкасьць і пахабшчына, і ненарматыўная лексыка.

І беларускія ўлады даюць дазвол на трансьляцыю ўсяго гэтага на сваёй тэрыторыі. Разважаюць, напэўна так: “Няхай лаюцца — абы ня лезьлі ў палітыку”.

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Наконт хуткай адмены сацыяльных ільготаў слухач піша:

“Хто такіх ільготаў ня меў — супраць рашэньня прэзыдэнта не пярэчаць. Напрыклад, мая маці — інвалід 2-й групы, на газ і электрычнасьць льготаў ня мела. Былі зьніжкі толькі на праезд у грамадзкім транспарце, дык яна тым транспартам не карыстаецца.

Але тут ёсьць іншая праблема: як у нас становяцца інвалідамі? Напрыклад, жанчына — інвалід 1-й групы, тэарэтычна гэта павінна быць ляжачая хворая. А яна на рынку гандлюе. Дзе ж тут праўда? Людзі кажуць: “Купіла групу інваліднасьці за хабар”.

У мяне стрыечны брат хворы, але яму больш за 3-ю групу інваліднасьці не даюць. А за ім неабходны кантроль: працаваць ня можа, нават вартаўніком нельга. І што ў выніку — жыве на 114 тысяч рублёў пэнсіі. А калі б “пазалаціў ручку” каму трэба — усё было б па-іншаму.

У справе льготаў патрэбны парадак — тут ніхто не спрачаецца. Але найперш трэба прыцягнуць да адказнасьці дактароў, якія вызначаюць інваліднасьць”.


Да вашых, спадар Сац, зусім слушных развагаў дадам наступнае. Вядома, грувасткая сыстэма льготаў мела патрэбу ў рэфармаваньні. Але тут варта ўлічваць адну важкую абставіну.

Сацыяльныя льготы ў свой час (пераважна на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў) Вярхоўны Савет даваў тым, каму цяжка было пражыць на пэнсію і стыпэндыю. Але хіба штосьці істотна зьмянілася за мінулыя паўтара дзясятка гадоў у фінансавым становішчы беларускіх пэнсіянэраў, інвалідаў, студэнтаў?

І калі дзяржава адмаўляецца ад неэфэктыўнай сыстэмы льготаў, то чаму яна не замяняе іх адэкватнымі кампэнсацыямі тым, у каго гэтыя льготы забірае?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG