Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія амбасадары ставяць рэкорды


Уладзімер Глод, Менск Леанід Рачкоў – амбасадар Беларусі ў Іране бліжэйшым часам зьбіраецца вярнуцца на Радзіму. Ён працуе ў Тэгеране яшчэ з 1997 году, хаця звычайная норма працы на такой пасадзе складае тры-чатыры гады.

Былы кіраўнік КДБ у Баранавічах увайшоў у вялікую палітыку, калі яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. У канфлікце парлямэнту з Аляксандрам Лукашэнкам ён актыўна падтрымаў кіраўніка дзяржавы. І хутка пасьля правядзеньня лістападаўскага (1996 году) рэфэрэндуму Леаніда Рачкова прызначылі амбасадарам у Іран.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў, адказваючы нашаму Радыё, не пацьвердзіў, але і не абверг гэтай інфармацыі. Ён спаслаўся на тое, што “гэта выключна ўнутраная справа міністэрства замежных справаў якой заўгодна краіны вырашаць, колькі гадоў будзе працаваць той ці іншы амбасадар”.

Пераемнікам Леаніда Рачкова называюць супрацоўніка ўпраўленьня Азіі і Афрыкі МЗС Беларусі Валянціна Рыбака. Паводле ягоных саслужыўцаў, ён лічыцца адным з найлепшых у Беларусі знаўцам мовы фарсі.

З вяртаньнем Леаніда Рачкова ў Беларусі ў "далёкім замежжы" застанецца фактычна адзін амбасадар-доўгажыхар. Гэта кіраўнік дыпляматычнай місіі ў Нямеччыне Ўладзімер Скварцоў. Ён займае гэтую пасаду з 1999 году.
XS
SM
MD
LG