Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Атлянтыда: "Менскія таямніцы"


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Захар Шыбека Эфір 13 верасьня 2007 году

У 1937 годзе ў другім выданьні "Малой Савецкай Энцыкляпэдыі" ў артыкуле аб Менску напісана так: "Менск вядомы з 11-га стагодзьдзя. Спачатку ён знаходзіўся на рацэ Менцы, у 1067 годзе быў разрабаваны, спалены кіеўскім князем Ізяславам і перанесены на раку Сьвіслач".

Гэтая выснова, ухваленая афіцыйнай савецкай навукай, доўгі час лічылася бясспрэчнай. Але напрыканцы 1950-х гадоў некаторыя навукоўцы пачалі даказваць, што Менск заўсёды стаяў на сваім месцы. Ад таго часу не сьціхае спрэчка аб першапачатковым месцы знаходжаньня сталіцы Беларусі.


Вячаслаў Ракіцкі: “У менскай студыі без бар’ераў мы гутарым з гісторыкам Захарам Шыбекам – адным з самых аўтарытэтных дасьледчыкаў гісторыі Менску. Гэтымі днямі ў зьвязку з 940-годзьдзем гораду пабачыла сьвет ягоная новая кніга пра беларускую сталіцу -- "Мінск сто гадоў таму".

Спадар Шыбека, якая ваша вэрсія -- адкуль пачынаўся Менск?"

Захар Шыбека: “Адкуль пачынаўся Менск, думаю, яшчэ доўга застанецца таямніцай. Гэтая тайна, літаральна, закапаная ў зямлі. Толькі маштабныя раскопкі могуць даць адказ на гэтае пытаньне. А пакуль адны археолягі на чале з прафэсарам Георгіем Штыхавым лічаць, што Менск сапраўды быў закладзены на рацэ Менцы, што ўпадае ў Пціч недалёка ад Дзяржынску. Адсюль і назва гораду. Іншыя, на чале з прафэсарам Эдуардам Загарульскім, сьцьвярджаюць, што ня толькі Пціч, але і Сьвіслач мела сваю Менку, якая, праўда, перасохла, а таму ніякага пераносу Менску не было”.

Ракіцкі: “Такім чынам, дзе пачынаўся Менск, аж да сёньня застаецца неразгаданай загадкай. А ці дакладную дату ўзьнікненьня Менску сьвяткуе Беларусь?”

Шыбека: “І на гэтае пытаньне ніхто дакладна не адкажа. Паводле традыцыі, мы лічым годам заснаваньня гарадоў першую згадку пра іх у летапісах. Менск быў ушанаваны ўвагай летапісца 3 сакавіка 1067 году ў зьвязку з крывавай бітвай на Нямізе паміж сваякамі-рурыкавічамі за дамінацыю на ўсходнеславянскіх землях. Але ж горад існаваў і раней. Ён быў важным цэнтрам крывіцкага княжаньня. А таму можна сьцьвярджаць, што мы сёлета адзначылі як найменей тысячагодзьдзе нашай сталіцы. Яшчэ адна тайна – дзе месца бітвы на Нямізе? Таксама ніхто ня ведае. Кажуць нават, што гэта адбылося ля гораду Няміза. Для многіх застаецца тайнай і тое, дзе ў сучасным Менску знаходзіўся замак і крэпасьць старажытнага гораду. А гэта – цяперашняя плошча 8 Сакавіка. Старажытнае замчышча пасьля вайны зрэзалі пад бульдозэр, а на расчышчанай пляцоўцы збудавалі аўтастанцыю, а потым – станцыю мэтро "Няміга". Адкуль жа людзям ведаць, што там некалі стаяў старажытны менскі замак?!” Ракіцкі: “Ці не падаецца вам, што з усіх таямніцаў Менску тэорыя яго пераносу выглядае найбольш неверагодна?”

Шыбека: “Я не адмаўляю і тэорыю пераносу. На працягу сваёй гісторыі Менск не стаяў на месцы, а як горад таямнічы пастаянна "насіўся", ці спрабаваў “пераносіцца” ў прасторы. У XVI стагодзьдзі гістарычны цэнтар гораду перанёсься зь Нямігі на сучасную плошчу Свабоды. На пачатку XIX стагодзьдзя стары менскі замак пераскочыў зь левага берагу Нямігі на правы пасьля таго, як менскі земляўласьнік Чарноцкі перакрыў ніжняе рэчышча ракі ў раёне цяперашняй Петра-Паўлаўскай царквы. У выніку Няміга пацякла ў бок цяперашняга Палаца спорту ды стала ўпадаць у Сьвіслач вышэй па цячэньні і ўжо ня справа, а зьлева ад замчышча, падставіўшы яму правы бераг. Пасьля мінулай вайны, каб бесьперашкодна ператвараць Менск ва ўзорную сталіцу, у горад-казку, меркавалася перанесьці яго на новае месца. Пабудаваць побач, сярод чыстага поля. І гэты праект ня быў пазбаўлены сэнсу. Калі б перанос адбыўся, мы б захавалі вобраз старога Менску”.

Ракіцкі: “А ў чым тут была лёгіка?”

Шыбека: “Савецкая ўлада ў БССР сутыкнулася з праблемай ператварэньня звычайнага губэрнскага гораду ў сталіцу. Трэба было пазбаўляцца ад правінцыйнага зьнешняга выгляду, але адсутнічалі неабходныя сродкі. Калі пасьля вайны яны знайшліся, дык бальшавікі на руінах, да якіх, дарэчы, дачыніліся і самі, пачалі ўзводзіць ідэальны сацыялістычны горад. Бальшавікі стваралі новую сталіцу коштам руйнаваньня старой забудовы, коштам руйнаваньня памяці пра мінулае”.

Ракіцкі: “Сытуацыя паўтараецца?”

Шыбека: “Сапраўды, паўтараецца. Больш высокі ранг сталіцы незалежнай Беларусі патрабуе чарговых ахвяраў. Так што званьне сталіцы стала для старога гораду і яго гісторыі трагічным”.

Ракіцкі: “Чаму менавіта Менск так часта разбуралі?”

Шыбека: “У сэнсе разбурэньняў Менск – насамрэч унікальны горад. Паўстаўшы на скрыжаваньні шляхоў, на скрыжаваньні ўсходняй і заходняй цывілізацыяў, ён захаваўся і выжыў, ня быў сьцёрты з твару зямлі, хоць практычна ніводная вайна на беларускіх землях яго не прамінула. Менск разбураўся ў 1067, 1084, 1506, 1655, 1706–1707, 1812, 1918-1920, 1941-1944 гадох. І кожным разам адраджаўся. Пра пакручасты гістарычны шлях гораду сьведчыць хоць бы той факт, што яго галоўная вуліца цягам сваёй 200-гадовай гісторыі (з 1800 году) дзесяць разоў мяняла назву. Кожны новы гаспадар правіў тут свой баль. Таму, зразумела, трагедыя ня ў тым, што Менск стаў сталіцай, што ў яго разбудову ўкладваліся і ўкладваюцца вялікія грошы, а ў тым, што гэта адбывалася і адбываецца не на падставе беларускай традыцыі, а на яе руінах. Званьне сталіцы робіць любы горад дынамічным, рухомым, жывым сацыяльным арганізмам. Ён атрымлівае пэрспэктыву для разьвіцьця. І Менск будзе мець вялікую будучыню, калі ён будзе абапірацца на нацыянальны рэсурс”. Ракіцкі: “Вядома, што статус беларускай сталіцы быў няўстойлівым, спрэчным. Менск мог страціць званьне сталіцы, але нейкім цудам утрымаў яго. Чаму?”

Шыбека: “Савецкія ўлады доўга не лічылі Менск бясспрэчнай сталіцай. Бальшавікам найперш не магло падабацца тое, што іх апярэдзілі: Менск быў абвешчаны сталіцай БНР у 1918 годзе. І гэты факт дагэтуль застаецца для бальшыні жыхароў Беларусі таксама таямніцай. Дарэчы, налета мы будзем сьвяткаваць 90-гадовы юбілей абвяшчэньня БНР і зьяўленьня ў беларусаў новай сталіцы. Урэшце і бальшавікі вымушаны былі абвясьціць 1 студзеня 1919 году стварэньне БССР са сталіцай у Менску. Але ўжо 27 лютага 1919 году маскоўскае кіраўніцтва зьліло БССР зь Літоўскай ССР у Літоўска-Беларускую ССР са сталіцай у Вільні. Праўда, пад ударамі польскага войска гэтае штучнае ўтварэньне ў тым жа годзе рассыпалася.

І з вымушаным узнаўленьнем БССР у 1920 годзе яе сталіцай зноў стаў Менск. Пасьля падзелу Беларусі паміж Расеяй і Польшчай у 1921 годзе дзяржаўная мяжа праходзіла паміж Менскам і Ракавам. Напярэдадні другой усясьветнай вайны ў 1939 годзе кіраўніцтва БССР рыхтавалася да пераносу сталіцы ў Магілёў, далей ад мяжы з польскай дзяржавай. І толькі далучэньне Заходняй Беларусі зрабіла магілёўскі варыянт бессэнсоўным. Але тады ж пайшлі чуткі аб пераносе сталіцы БССР у Вільню. І тут на дапамогу Менску прыйшоў, як гэта ні дзіўна, Сталін. Ён дапамог тым, што загадаў перадаць Вільню Літве”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б Менск ня стаў сталіцай? Ці павярнулася б неяк інакш гісторыя Беларусі?”

Шыбека: “У нас не было б ні сталіцы, ні дзяржавы, а беларускія землі расьцягнулі б на кавалкі суседнія дзяржавы. У тых канкрэтных умовах 1918-1920 гадоў нашай сталіцай мог стаць толькі Менск, пры гэтым, сталіцай толькі савецкай. Іншая справа, калі б у беларускага народу быў выбар, тады яго дзяржаўнай сталіцай стала б Вільня. І гэта паспрыяла б уваходжаньню Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, а значыць, у яе была б зусім іншая гістарычная пэрспэктыва. Менск, стаўшы сталіцай, зрабіў Беларусь расейскай пэрыфэрыяй”. Ракіцкі: “У чым прычына таго, што стагодзьдзямі безьліч менскіх таямніцаў так і застаюцца неразгаданымі?”

Шыбека: “Не вядзецца вывучэньня гарадзкіх ляндшафтаў. Таемнасьць гораду надае сетка закінутых падземных хадоў, якая злучала храмы XVII стагодзьдзя ў Верхнім горадзе, там, дзе цяпер плошча Свабоды. Слаба вывучаныя і прымесьці сталіцы. Здань пані Ядзьвігі-тапельніцы дагэтуль часам бачаць начныя наведнікі Лошыцкага парку. Найпрыгажэйшая жанчына Беларускага краю, жонка пана Любаўскага, наклала на сябе рукі, калі раскрылі яе патаемнае каханьне да графа Карла Чапскага, гарадзкога галавы Менску ў 1890–1904 гадох. Практычна ня вывучаны антысавецкі супраціў у горадзе ў 1920-х гадох. У той час у горадзе існавала няўлоўная банда Курча, якая нібыта правальвалася пад зямлю, а дакладней хавалася ў ацяпляльных падземных трубах старога шпіталю побач з Губэрнатарскім паркам. Варта было б падлічыць нацыянальныя страты ў Менску ад бальшавіцкага панаваньня. Пакуль жа нават Курапаты застаюцца тайнай. А помнік Сталіну, які ў 1951-1961 гадох узвышаўся над цяперашняй Кастрычніцкай плошчай, кажуць, дагэтуль бальшавікі недзе хаваюць”.

Ракіцкі: “Вы так лічыце?”

Шыбека: “Можа, і хаваюць. Ва ўсякім разе, прывід бальшавіцкага правадыра дагэтуль блукае па Менску. Застаецца нераскрытым загадкавае забойства ў Менску ў 1948 годзе вядомага рэжысэра Міхоэлса. Пералік тайнаў можна працягваць. Яны – на кожным кроку. Увогуле, трэба сказаць, што Менск – горад таямнічы, цёмны, чарадзейны. Паводле здаровага сэнсу яго часам цяжка зразумець".

Ракіцкі: “І ўсё ж -- чаму?”

Шыбека: “Відаць, месца такое. Горад быў заснаваны побач з балотам, якое абараняла яго ад варожых набегаў. З даўніх часоў на беразе Сьвіслачы існавала старажытнае капішча, дзе рос магутны дуб, які лекаваў людзей. Цяпер на гэтым месцы -- рэстарацыя "Старое рэчышча". Тут, ля колішняй прыгараднай вёскі Крупцы, у 1612 годзе адбылося цудатворнае зьяўленьне абраза Божай Маці, названага пазьней абразом Крупіцкай Божай Маці. У гэтым жа раёне знаходзілася цудадзейная крынічка, якая выцякала з-пад алтара царквы Пакрова Прасьвятой Багародзіцы, узьведзенай у 1850-х гадох і разабранай на бярвёны мясцовымі калгасьнікамі ў 1936-м”. Ракіцкі: “Якім чынам вы ушанавалі б 940-гадовы юбілей Менску, калі б мелі для таго магчымасьці?”

Шыбека: “Паставіў бы помнік Менеску”.

Існуе легенда, нібыта Менск пачынаецца ад асілка Менеска, які колісь у раёне цяперашняга гатэлю "Беларусь" пабудаваў незвычайны млын, дзе малоў камяні на муку і тым прывабліваў перасяленцаў. І гэта быў бы адначасна помнік ірацыяналізму, які так істотна адрозьнівае беларусаў ад эўрапейцаў.
XS
SM
MD
LG