Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2 беларусы атрымалі ў Расеі па 14 гадоў турмы за легальны ў Беларусі лек


Іна Студзінская, Менск У Маскве сёлета былі асуджаныя на 14 гадоў зьняволеньня грамадзяне Беларусі Сяргей Лагун і Аляксей Чачурын за кантрабанду тысячы таблетак ад кашлю “Тусал”. На адным з інтэрнэт-форумаў супрацоўнікі расейскага наркакантролю прадставіліся аптэкарамі, папрасілі прывезьці буйную партыю "Тусалу". У выніку беларусаў затрымалі ў Маскве. Сяргей Лагун і Аляксей Чачурын прызнаныя вінаватымі па артыкулах “кантрабанда псыхатропных рэчываў” і “незаконны збыт псыхатропных рэчываў” Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі. Таблеткі ад кашлю “Тусал” вырабляюцца ў Польшчы і свабодна прадаюцца ў Беларусі. Аднак рэчыва “дэкстрамэтарфана гідрабрамід”, якое ўваходзіць у склад таблетак, у Расеі прызнанае псыхатропным.

Заканадаўства ў галіне фармакалёгіі ў Расеі больш жорсткае, чым у некаторых эўрапейскіх краінах. Пра гэта сьведчаць артыкулы вядомых мэдыкаў і навукоўцаў у спэцыялізаваных выданьнях. Да прыкладу, у бюлетэні “Фармацевтический вестник” №8 (сакавік 2006 года) апублікаваны артыкул “У Расеі ўзровень кантролю вышэй, чым у Эўропе”.

Але гэта не супярэчыць міжнародным правілам.У артыкуле 39 Адзінай канвэнцыі аб наркатычных сродках ёсьць агаворка, што “ўрады краінаў могуць ужываць больш строгія і суровыя захады кантролю за легальным абаротам наркотыкаў. Так, Міжнародная канвэнцыя аб псыхатропных рэчывах дапускае выкарыстаньне шэрагу амфэтамінаў, аднак паводле расейскага заканадаўства дазвол на выкарыстаньне ў лекавых мэтах мае толькі палова, астатнія забароненыя.

Л.Рэўцкая: “Наш сьпіс утрымлівае абсалютна ўсё, што ёсьць у міжнародных канвэнцыях”

Начальнік Упраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Рэўцкая запэўніла, што сьпіс лекавых прэпаратаў, якія прадаюцца ў беларускіх аптэках, цалкам узгоднены з трыма міжнароднымі канвэнцыямі, да якіх далучылася Беларусь – Адзінай канвэнцыяй аб наркатычных сродках, Канвэнцыяй аб псыхатропных рэчывах і Фармакапеяй Рады Эўропы:

“Наш сьпіс утрымлівае абсалютна ўсё, што ёсьць у гэтых канвэнцыях. Да таго ж, у нашым сьпісе ёсьць дадатковыя рэчывы, якія мы ўключаем туды па прадстаўленьні сілавых структур. Туды ўключаныя рэчывы, якімі сур’ёзна злоўжывалі, напрыклад, кляфэлін, які не зьяўляецца псыхаактыўным рэчывам, аднак знаходзіцца пад асобым кантролем менавіта з-за таго, што значныя злоўжываньні. І шэраг іншых”.

Да прыкладу, нядаўна ў гэты дадатковы пералік уключылі яшчэ і семя маку, макавую саломку – з-за злоўжываньняў, выкарыстаньня ў наркатычных мэтах.

Міністар патрабуе адпускаць “Тусал” строга па рэцэпце

Што да польскага прэпарату “Тусал”, то ён і сёньня прадаваўся ў аптэках Менску. Каштуе нядорага – 3 610 рублёў. Ён не забаронены, але павінен прадавацца строга па рэцэпту, кажа начальнік упраўленьня Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэўцкая:

“Прэпарат рэцэптурны, ён уваходзіць у сьпіс “па рэцэпце”. Як і антыбіётыкі. Але, на жаль, і я вымушаная гэта сказаць – нашы лекары выпісваюць назвы лекаў на паперцы. У нас культура выпісваньня рэцэптаў страчаная цалкам. Мы маем сур’ёзны намер з гэтым змагацца, і змагацца жорстка. І цяпер па гэтым прэпараце пайшло асобнае патрабаваньне ў сувязі з выпадкам у Расейскай Фэдэрацыі забясьпечыць яго рэалізацыю строга па рэцэпту”.

Сёньня міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко накіраваў тэлеграмы ва ўсе аптэкі з патрабаваньнем адпускаць “Тусал” толькі строга па рэцэпце.

У інструкцыі па выкарыстаньні “Тусалу” напісана і пра пабочныя дзеяньні, якія ўплываюць на псыхафізычныя здольнасьці (нават псыхоз), і наступствы перадазіроўкі – у тым ліку зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі.

“Калі ўзьнікнуць найменшыя падазрэньні ў злоўжываньні, мы таксама ўнясем яго ў сьпіс”

Пабочныя эфэкты ёсьць амаль ва ўсіх лекаў, кажа пэдыятар Ганна Асмалоўская:

“Чым больш цэніць сябе вытворца, тым больш ён указвае пабочных эфэктаў. Нават калі імавернасьць адзін выпадак на мільён, вытворца яго ўкажа, калі сябе паважае. Гэта не азначае, што эфэкт абавязкова ўзьнікне. Гэта сьведчыць пра тое, што прэпарат дасьледаваны”.

Пэдыятар Ганна Асмалоўская кажа, што і таблеткі “Тусал”, і мікстура “Тусін” даволі папулярныя ў Беларусі, іх прапісваюць нават маленькім дзецям:

“Калі гэта робіцца па паказаньнях, калі гэта п''ецца ў адпаведнай дозе, адпаведна масе, дыягназу, узросту, верагоднасьць нэгатыўных наступстваў мінімальная”.

Па просьбе Міністэрства аховы здароўя МУС дадаткова вывучае пытаньне наконт злоўжываньняў лекавым прэпаратам “Тусал”, паведаміла Людміла Рэўцкая:

“Калі ўзьнікнуць найменшыя падазрэньні ў злоўжываньні, мы таксама ўнясем яго ў сьпіс, возьмем пад асобы кантроль. Хаця Міжнародны камітэт па фармакапеі вывучаў гэта пытаньне, і дагэтуль у сьпіс яго не ўключылі. Там, у Канвэнцыі стаіць такая адмысловая зорачка і напісана “дэкстрамэтарфан – ізамэр, адмыслова выключаны з гэтага сьпісу”. Нават зноска ёсьць такая”.

Што да выпадку зь беларусамі, асуджанымі ў Расеі, Людміла Рэўцкая выказала меркаваньне, што тут вялікую ролю мог адыграць менавіта эканамічны складнік – не адну ж упакоўку тусалу прадавалі хлопцы, а больш за тысячу таблетак...
XS
SM
MD
LG