Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная абЛОГа” – 13 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форуме tut.by зьмешчана інфармацыя агенцтва «Интерфакс», у якой гаворыцца, што інфармацыйна-даведачны партал Interfax.by прызнаны найбольш наведваным сайтам для атрыманьня апэратыўнай навіннай і даведачнай інфармацыі аб Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік аналітычнага цэнтру ECOOM Сяргей Мусіенка. Паводле вынікаў дасьледваньняў цэнтру, адказваючы на пытаньне: "Назавіце найбольш наведваемыя вамі сайты", 41,6% рэспандэнтаў аддалі перавагу інфармацыйна-даведачнаму парталу Interfax.by. Другую пазыцыю заняў партал Tut.by— 20,2% апытаных. Таксама Сяргей Мусіенка заявіў, што ў апошні час гаспадары многіх беларускіх сайтаў, асабліва карпаратыўных, сайтаў апазыцыйных партый і рухаў, заяўляюць аб "астранамічным" наведваньні сваіх рэсурсаў. Дасьледваньні паказалі, што рэальна справа выглядае па-іншаму.

Зьмяшчаючы гэтую інфармацыю, партал tut.by адзначыў: “Віншуем паважаных калег зь "Интерфаксу" з такім унушальным сьведчаньнем папулярнасьці! Удвая радасьней, што ад апытаньня да апытаньня гэтыя паказчыкі растуць. Гэта, верагодна, зьвязана з ростам у летні пэрыяд карпаратыўнай ляяльнасьці супрацоўнікаў «Интерфакса», сярод якіх і праводзілася апытаньне, вынікі якога вельмі істотна супярэчаць дасьледваньням такіх паважаных кампаній, як MASMI і SATIO».

Блог Горадні s13.ru, які адзначае сёньня двухгодзьдзе з дня заснаваньня, аб’явіў конкурс на лепшага блогера гораду. Конкурс будзе праходзіць з 13 верасьня па 12 кастрычніка ўключна. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе, без абмежаваньняў паводле ўзросту і полу.

Сёньня ж на гэтым блогу можна даведацца, што ў Горадні рашэньнем суда прыгаварылі некалькіх “зайцаў” да турэмнага зьняволеньня на тэрмін ад двух з паловай месяцаў да паўгода. Гэта тыя пасажыры, якія былі некалькі разоў затрыманыя безь білетаў ці тыя, хто адмовіўся заплаціць штраф.

Навіну камэнтуюць гэтак. Mkadan: “Трэба езьдзіць “зайцам”. Трапіўся кантролю — плаціш штраф. Штраф ўсяго 6200, акупляецца за тыдзень паездак на халяву, калі лічыць па 2 паездкі штодня. А ловяць мяне ад сілы раз на месяц, але аніяк ня кожны тыдзень".

Аксакал Оглы: “Ну і зашыбіся! Урэшце трэба неяк людзей прывучаць да культуры. А калі падумаць сур''ёзна, каго мы падманваем, ня плацячы за праезд? Дзяржаву? Аўтапарк? Не! Мы падманвам у выніку саміх сябе, сваіх будучых дзяцей, якім давядзецца жыць у такой жа упадачнай краіне і гэтак жа плявацца, гледзячы на чыёсьці сьвінства, як і мы".

Eugene: “Сэнс у тым, што калі штраф будзе большы штраф, дык чалавек часьцей пачне задумвацца, што яму больш выгадна — заплаціць 500 руб. ці 50 тыс. Якраз дзеля гэтага сума штрафу і павінна быць непад''ёмнай, каб не было лішніх ілюзій".

Сайт народных навінаў з усіх куткоў паведамляе пра тое, што пэнсіянэрка Галіна Пракапенка зрабілася студэнткай. 59-гадовая жанчына паступіла ў Магілёўскі мэдычны каледж. Яна хоча атрымаць дыплём фармацэўта і адкрыць прыватную аптэку. Галіна Канстанцінаўна ўжо мае вышэйшую адукацыю: у свой час яна скончыла хімічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту і выкладала ў агралесатэхнічным каледжы ў пасёлку Буйнічы Магілёўскага раёну. Зьмяніць прафэсію яна вырашыла з прычыны пэнсійнага ўзросту.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG