Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Царан: “Было цяжка гэта і фізычна, і маральна вытрываць”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Былая студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту Маргарыта Царан пасьля трох месяцаў знаходжаньня ў жаночай калёніі N4 у Гомелі вярнулася дахаты. Яе зьняволілі на чатыры гады за незаконнае набыцьцё з мэтай збыту наркатычнага сродку вагою 0,28 грама. Прысуд зьменены на больш мяккі. Гэта зрабіў прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суду, пасьля пратэсту старшыні суду Аляксандра Грынкевіча.

Прэзыдыюм абласнога суду палічыў, што пакараньне Маргарыце Царан можна замяніць на больш мягкае, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Адзначана, што яна паспрыяла раскрыцьцю злачынства, што пацьверджана хадайніцтвам, якое паступіла ў суд зь Ленінскага РАУС Горадні. Прэзыдыюм абласнога суду таксама ўлічыў ступень цяжкасьці злачынства, канкрэтныя абставіны справы і стан здароўя дзяўчыны.

Чатыры гады зьняволеньня заменены на чатыры гады абмежаваньня свабоды. Кожны дзень, праведзены за кратамі, залічаны ёй за два дні абмежаваньня свабоды.

“Мы плачам цэлымі днямі”

Маці Маргарыты Валянціна Пятроўна патлумачыла за дачку: зьняволеньне заменена абмежаваньнем свабоды па месцы жыхарства. Дзяўчына павінна ўладкавацца на працу і пасьля 19 гадзінаў знаходзіцца дома, а таксама двойчы на месяц адзначацца ў міліцэйскай установе. А вось што гаворыць сама Маргарыта:

Маргарыта: “Эмоцыі нас з мамай перапаўняюць, мы плачам цэлымі днямі. Сёньня раніцай першае, што мы зрабілі, мы пайшлі ў наш праваслаўны сабор і маліліся за ўсіх тых, хто нам дапамог. Дзякавалі Богу, дзякавалі ўсім добрым людзям, якіх аказалася вельмі шмат у гэтым горадзе”.

Валянціна Царан так расцэньвае вызваленьне дачкі:

Маці: “Два месяцы таму я пайшлі і замовіла малебен у дапамогу зьняволенай Маргарыты, каб ёй было лягчэй, і каб справа вырашылася, і вось літаральна праз два месяцы маё дзіця на свабодзе. На як тут не паверыць у цуд? Гэта самы сапраўдны цуд!”

Валянціна Царан прызнаецца, што людзям цяжка было паверыць у тое, што Маргарыту могуць вызваліць з калёніі.

Маці: “У гэта ня верыў нават сьвятар. Калі я прыйшла і расказала яму гэтую гісторыю, ён кажа, што недзе пра яе чытаў. Але ён ня верыў, што можа ўсё добра закончыцца. І сёньня там, у саборы, усе вельмі ўзрадаваліся, таму што ведаюць гэтую гісторыю ўсе”.

“Дзень, калі яе забралі, для мяне застанецца ў памяці незабыўным жахлівым днём”

Былы аднаклясьнік папрасіў Маргарыту набыць марыхуану, якую ёй прадаў яе выкладчык, што падчас сьледзтва зьнік, і яго цяпер шукаюць. Аднаклясьніка таксама судзілі, але не пасадзілі. 120 студэнтаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а таксама былыя выкладчыкі прасілі зьмяніць прысуд і вызваліць Маргарыту.

Валянціна Царан: “Дзень, калі яе забралі, для мяне застанецца ў памяці незабыўным жахлівым днём. Страшна тое, што трапіла мая дачка туды па дзікунскай выпадковасьці, па зьбегу акалічнасьцяў”.

А што самым страшным стала для самой зьняволенай?

Маргарыта: “Самым страшным у калёніі для мяне была праца, калі я працавала на швейнай фабрыцы. Даволі цяжка гэта і фізычна, і маральна вытрываць”.

Маці дзяўчыны наракала тады, што ў дачкі вельмі пагоршыўся зрок.

Маргарыта: “Я некалькі разоў хадзіла да начальніка санчасткі, прасіла перавесьці мяне на іншую працу. Але пытаньне было ў тым, што яму патрэбна было заключэньне акуліста, а ён прыяжджае ў калёнію раз на месяц. Аднак чамусьці гэты акуліст два разы так і не прыехаў”.

Справа зрушылася толькі пасьля таго, як маці сабрала мэдычныя даведкі для Маргарыты і пераслала іх у калёнію.

Злачынства засталося злачынствам, міліцыянта не пакаралі

Мы зьвярнуліся ў Гарадзенскую абласную пракуратуру, каб высьветліць абставіны, пры якіх Маргарыта Царан, наўмысна ці не, але зьдзейсьніла злачынства. Супрацоўнік пракуратуры, які адмовіўся прадставіцца, паведаміў:

Пракурор: “Злачынства засталося злачынствам, нават калі яна ўчыніла гэта з такіх памкненьняў. Але сказаць, што ў яе дзеяньнях нічога не было, нельга. Чалавек павінен разумець, што набыцьцё наркатычнага сродку ў любым выпадку забаронена, нават калі яно зьдзяйсьняецца з такім вось матывам, як у дадзеным выпадку было. Але абласны суд палічыў, што пакараньне можна зьмякчыць”.

Супрацоўнік пракуратуры зазначыў, што праводзілася праверка і, наколькі яму вядома, супрацоўніка міліцыі, які праводзіў апэрацыю з пакупкай порцыі марыхуаны, у якую была ўцягнута Маргарыта Царан, пакаралі. У прэсавым цэнтры абласной міліцыі гэтыя зьвесткі, аднак, абверглі.

Міліцыянт: “Не, супрацоўнік гэты не пакараны, таму што ў любым разе яна прызнана вінаватай. Нават калі суд зьмякчыў ёй пакараньне, яна застаецца прызнанай вінаватай, і яна асуджана судом. Так што атрымліваецца яна ўсё роўна вінаватая, а значыцца ён не пакараны”.

На здымку: Маргарыта Царан дома, але ў турэмнай сукенцы з нашыўкамі

Ці паспрыяюць сабраныя подпісы вызваленьню Маргарыты Царан?, 13.07.2007 Гарадзенскія студэнты і выкладчыкі просяць вызваліць Маргарыту Царан, 18.06.2007
XS
SM
MD
LG