Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і арышты працягнуцца да канца верасьня


Любоў Лунёва, Менск У Воршы на волю выходзіць Дзяніс Садоўскі. Яго пасадзілі на 7 сутак, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. За кратамі аршанскай турмы застаюцца Алесь Пушкін і Аляксей Янушэўскі, якіх, як і Дзяніса, затрымалі за спробы адзначыць Дзень вайсковай славы. У баранавіцкай турме арышт адбывае Павал Севярынец. Яго затрымалі разам з дваццацьцю чатырма ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці зь Яраславам Грышчэнем, якога судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Іх пачнуць судзіць ад 23 верасьня.

Дзяніса Садоўскага прыехалі сустракаць сябры. Дзяніс зьяўляецца сакратаром аргкамітэту ў стварэньні “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”.

29 верасьня ён бярэцца шлюбам. Ягоная нявеста Тацяна лічыць, што Дзяніса наўмысна абвінавацілі ў дробным хуліганстве, каб стварыць пратэстантам імідж хуліганаў.

“Вельмі крыўдна нам, хрысьціянам, што нас абвінавачваюць у лаянцы і матах. Такія абвінавачаньні — абсалютная хлусьня. Гэта робіцца наўмысна, каб хрысьціянам-пратэстантам стварыць імідж хуліганаў, каб абразіць пратэстанта”.

Пасьля выхаду Дзяніса за кратамі засталіся мастак Алесь Пушкін і маладафронтавец Аляксей Янушэўскі, якія прыехалі разам зь некалькімі сотнямі чалавек на Крапівенскае поле, каб адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы.

Павал Севярынец адбывае арышт за ўдзел у акцыі падтрымкі Яраслава Грышчэні каля будынку суду ў баранавіцкай турме.

З затрыманых 25 чалавек толькі Паўла Севярынца адразу пакаралі арыштам. 22 чалавекі мусяць прыехаць у суд згодна з позвамі міліцыянтаў у пэрыяд ад 23 да 28 верасьня.

Уладзімер Стоян мусіць прыехаць на суд 27 верасьня. Ён лічыць, што яго не пакараюць так жорстка, як Паўла Севярынца:

“Магчыма, можна чакаць нейкага падвоху, але я думаю, што гэтыя суды будуць амаль фіктыўныя. Хутчэй за ўсё, там будуць вынесеныя дробныя штрафы, і, напэўна, нікога не пасадзяць”.

Маці Паўла Тацяна Севярынец вельмі непакоіцца за сынава здароўе. Адразу пасьля “хіміі” замест таго, каб адпачыць, Павал уключыўся ў палітычнае жыцьцё і за два месяцы тройчы трапіў за краты.

“Улада ўбачыла, што “хімія” яго не зламала. Ён будзе займацца справамі, і гэта было відавочна. Таму цяпер яны робяць так, каб назапасілася пэўная колькасьць арыштаў і адседак, каб зрабіць зь яго нейкага рэцыдывіста і накіраваць на зону. Ці нейкі момант падлавіць, каб гэта насамрэч адбылося. Ці прымусіць яго зьехаць з гэтай краіны. За ім людзі ідуць. Ён чалавек, для якога зброя — толькі ягоныя словы, ягоная сьветлая думка, любоў да Бога і да краіны”.

Некалькі непаўналетніх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” атрымалі позвы на адміністрацыйныя камісіі ў райвыканкамы. Бацькі заплацяць штрафы за сваіх дзяцей, якія хацелі паўдзельнічаць у сьвяточнай імпрэзе пад Воршай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG