Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Борыс: Прыезд польскага амбасадара — добрая воля Польшчы


Алесь Дашчынскі, Менск Новы амбасадар Польшчы Гэнрык Літвін пачаў працу ў Менску. У Беларусь ён прыбыў на мінулым тыдні, аднак пра гэта стала вядома толькі сёньня. У польскай амбасадзе ў Беларусі сказалі, што пакуль невядомая дата ўручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку.

Нагадаем, апошні амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк зьехаў зь Менску ў лістападзе 2005 году.

На ягонае месца польскія ўлады прызначылі намесьніка кіраўніка ўсходняга дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Гэнрыка Літвіна. Аднак амаль два гады ў Менску не было польскага амбасадара. З чым гэта зьвязана?

Прэс-сакратарка польскай амбасады Моніка Садкоўская сказала:

“Я думаю, што гэтае пытаньне вы зможаце задаць крыху пазьней, калі мы будзем праводзіць прэсавую канфэрэнцыю ці сустрэчу пасла з журналістамі. Я думаю, што гэта пытаньне да яго”.

Паводле старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс, адсутнасьць пасла была абумоўленая многімі прычынамі:

“Было гэта зьвязана і з падзеямі вакол Саюзу палякаў, і ня толькі. З агульнай сытуацыяй. З шэрагам іншых антыпольскіх кампаніяў. Але гэта ХХІ стагодзьдзе. Ніхто ня будзе весьці нейкай дыпляматычнай вайны. І ёсьць амбасадар, ёсьць асоба, якая прадстаўляе прэзыдэнта Рэчы Паспалітай.

Прыезд амбасадара — гэта не пагаджэньне з сытуацыяй. Ён будзе прадстаўляць інтарэсы і пазыцыю Польшчы. Гэта не азначае, што памянялася сытуацыя. Прыезд амбасадара — гэта добрая воля Польшчы для беларускага народу”.

Спадарыня Борыс спадзяецца на вырашэньне шэрагу пытаньняў:

“Гэта праблема, якая цягнецца некалькі гадоў. Гэта праблема нармальнага функцыянаваньня польскай меншыні, арганізацыі польскай меншыні ў Беларусі ў нармальных умовах”.

Амбасадар прыехаў разам зь сям’ёй — у яго двое сыноў. Яму 48 гадоў. Дагэтуль ён працаваў намесьнікам дырэктара Дэпартамэнту ўсходняй палітыкі Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Спадар Літвін — кар’ерны дыплямат. Ён працаваў у Рыме, быў намесьнікам пасла ў Маскве, консулам у Львове. Гэнрык Літвін скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG