Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыхары Віцебску ставяцца да замены прапіскі на рэгістрацыю?


Радыё Свабода, Віцебск 7 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які з 2008 году скасоўвае прапіску. Аднак паводле месца жыхарства ўсё адно трэба будзе зарэгістравацца. Віцебскія мінакі разважалі, добра гэта ці дрэнна.

Спадарыня: “Стаўлюся да гэтага са сьмехам. Падазраю, што гэта зроблена дзеля таго, каб людзі зноў пабеглі ў пашпартныя сталы плаціць нейкія новыя падаткі. Грошы ж дзяржаве трэба аднекуль браць! Хутка ўжо будуць браць за паветра, якім мы дыхаем!”

Спадар: “Гэтая прапіска была калісь уведзеная пры Сталіну. І, безумоўна, гэта адметнасьць таталітарнай сыстэмы. Таму яе трэба было адмяняць. Але я баюся, што рэгістрацыя — гэта будзе тая самая завуаляваная прапіска. І мы яшчэ будзем мець шмат клопату з гэтай рэгістрацыяй!”

Спадарыня: “З аднаго боку, гэта добра: ты можаш жыць у якіх хочаш гарадах. А з другога боку, гэта дрэнна: ты нібыта нідзе не жывеш”.

Дзяўчына: “Хлопцам добра будзе ад войска адкасіць — без прапіскі прасьцей схавацца, напэўна”.

Хлопец: “Я лічу, што лепей, калі ёсьць прапіска. Таму што гэта больш надзейна. А рэгістрацыя — гэта так, сёньня ёсьць, а заўтра няма. Прапіска — гэта штамп у пашпарце. І я за прапіску, я супраць рэгістрацыі”.

Спадарыня: “Я ня бачу тут ніякае праблемы. Можа, таму, што пакуль з гэтам не сутыкалася. Вось калі з 1 верасьня нешта зьменіцца, тады пабачым. А пакуль — ніяк да гэтага ня стаўлюся”.

Дзяўчына: “Не, гэта дрэнна! Давядзецца бегаць, ставіць нейкія іншыя штампы. Не, прапіска ў любым выпадку патрэбная! Няхай будзе, як цяпер ёсьць: прапіска, і нічога больш не патрэбна”.

Другая дзяўчына: “Я лічу, што гэта клясна! Цяпер у некаторых гарадах патрабуюць, каб абавязкова была прапіска, і безь яе немагчыма ўладкавацца на працу. А так — гэта для нас плюс, мы можам дзе заўгодна жыць без прапіскі й знайсьці сабе працу. Будзе лягчэй і прасьцей!”

Спадар: “Пра гэта пакуль мала інфармацыі, але да ідэі скасаваньня прапіскі й замены яе на рэгістрацыю я стаўлюся добра. У гэтым сэнсе ўсё адпавядае канстытуцыйнаму праву людзей на свабоду перасоўваньня ў краіне. Бо інстытут прапіскі абмяжоўваў гэтыя правы.

Зь іншага боку, практыка ўжываньня розных указаў ды загадаў прэзыдэнта паказвае, што наўрад ці гэта будзе такім ужо рэвалюцыйным крокам. Рэгістрацыя — гэта будзе дужа падобна да прапіскі, але хоць крышачку будзе больш лібэральны гэты інстытут”.
XS
SM
MD
LG