Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Прарокаў ва ўласнай Айчыне ўбачыць цяжка”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

Знаткевіч: “Спадар Шушкевіч, песьню “А ў полі вярба” вельмі любіў ваш бацька... Бывала, што вы сьпявалі з бацькам падчас нейкіх бяседаў?”

Шушкевіч:”Шчыра кажучы, мой бацька любіў песьню амаль з такой жа назвай, "А ў полі вярба, пад вярбой вада, там хадзіла, там гуляла дзяўчына мая", крышку іншую песьню, якую мы разам сьпявалі... Бачыце, як многа беларускіх песень… Мы часта гаварылі з бацькам пра беларускую мову, беларускія песьні, і бацька наагул ніколі нідзе на іншай мове не гаварыў...”

“Мой бацька нават пасьля Сыбіру ўступіў у камуністычную партыю”

Знаткевіч: “Ваш бацька памёр 1 лютага 1991 г., ён яшчэ засьпеў вашае дэпутацтва і дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце... Як ён ставіўся да таго, што вы пайшлі ў палітыку?”

Шушкевіч: “Ведаеце, тады, калі на мяне накінулі такі паклёп, калі "родная" камуністычная партыя пачала гаварыць, што горшай асобы, чым я, няма, тады бацька канчаткова зразумеў, што гэтая камуністычная ідэалёгія ўводзіць людзей у зман. А так мой бацька быў, я б сказаў, вельмі перакананым камуністам, бо ён нават пасьля Сыбіру ў 1964 г. уступіў у камуністычную партыю і вельмі часта гаварыў, што ідэі вельмі правільныя, а выканаўцы няправільныя, выканаўцы – злачынцы... А вось напрыканцы свайго жыцьця ён сказаў мне: ведаеш, справа ня толькі ў выканаўцах, але ў самой ідэі”.

Знаткевіч: “Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса вылучыў вас на Нобэлеўскую прэмію міру. А сам вы каго зь беларусаў-сучасьнікаў вылучылі б на Нобэлеўскую прэмію міру?”

Шушкевіч: “Вы ведаеце, мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне... Я зь беларусаў на Нобэлеўскую прэмію вылучыў бы таго, каго вылучалі – Рыгора Барадуліна, на іншую Нобэлеўскую прэмію, літаратурную... Шкада, што гэтага не адбылося, і вельмі шкада, што няма сёньня Васіля Быкава – мне здаецца, што ён, як ніхто іншы, заслугоўваў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры...

Што да прэміі міру, тут мне цяжка адказаць, бо трэба глядзець на ўвесь сьвет, як гэта дзейнічае па-за межамі Беларусі, а ня толькі ў Беларусі, і тут я такіх варыянтаў, прабачце, не знаходзіў. Лех Валэнса знайшоў – можа, яшчэ знойдзе нехта з замежжа, таму што прарокаў ва ўласнай Айчыне ўбачыць цяжка”.

“Падпарадкаваць нашую партыю іншай партыі – на гэта мы ніколі ня пойдзем”

Знаткевіч: “Я ведаю, што ў вас шмат разоў пыталіся пра аб''яднаньне беларускіх сацыял-дэмакратычных партыяў у адну... Але, можа, ня ўсе яшчэ чулі пра вашае стаўленьне да гэтай ідэі”.

Шушкевіч: “Маё стаўленьне вельмі простае: калі б аб''яднаньне прывяло да пашырэньня колькасьці сябраў партыі, а не да тусоўкі той самай калоды, пераходу з адной у другую... Пакуль усе спробы аб''яднаньня прывялі толькі да расколу. Вы ведаеце, была Народная грамада, цяпер стварылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), і аргкамітэт па стварэньні Народнай грамады на чале са Статкевічам – бачыце, толькі раскол адбыўся...

Аб''яднаньне фактычна ёсьць, сёньня ўсе могуць дзейнічаць разам у Аб''яднаных дэмакратычных сілах Беларусі, куды ўваходзяць на сёньняшні дзень, на шчасьце, усе партыі сацыял-дэмакратычнага накірунку. Гэта БСДП, партыя "Надзея", якая ўсё яшчэ існуе, наша партыя – дарэчы, мы сёньня атрымалі новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі нашай партыі пасьля змаганьня зь Міністэрствам юстыцыі – гэтае пасьведчаньне я трымаю ў руках, падпісанае міністрам Галаванавым. Усе іх просьбы, патрабаваньні мы выканалі і маем юрыдычнае пасьведчаньне...”

Знаткевіч: “А якія былі патрабаваньні?”

Шушкевіч: “Ведаеце, часам самыя непрыстойныя. Нам, напрыклад, абвясьцілі папярэджаньне за тое, што мы ня маем дастатковай колькасьці адрасоў, у той час калі мы іх не маглі мець, бо наш новы статут, зьменены ў адпаведнасьці з новым законам, знаходзіўся на зацьверджаньні ў міністэрстве зь 15 траўня. То бок, мы атрымалі 3 тыдні таму папярэджаньне за тую працу, якую мы прынцыпова не маглі зрабіць, ня маючы статуту. Статут быў у міністэрстве, і міністар у гэты час падпісвае папярэджаньне.

Відавочна, толькі таму, што я паехаў у міністэрства, знайшоў намесьніка і растлумачыў, што яны дзейнічаюць самым непрыстойным чынам – можа, гэта неяк паспрыяла, і сёньня мы гэтае пасьведчаньне атрымалі.

Так што я ня бачу цяпер такіх момантаў, такой сілы, якая б разьядноўвала дзеяньні сацыял-дэмакратаў. Мы можам усе дзейнічаць разам у аб''яднаных дэмсілах.

Але тут ёсьць свае праблемы: час ад часу невялікія структуры, маладзёвыя структуры, нават незарэгістраваныя, напрыклад, "Малады фронт", знаходзяць іншыя, вельмі цікавыя падыходы – такія эўрыстычныя, небанальныя дзеяньні вядуць да посьпеху, да перамогі.

Я ня вельмі непакоюся тым, што няма фармальнага аб''яднаньня – мы падтрымліваем усе ініцыятывы. Цяпер менскія арганізацыі і нашай партыі, і БСДП выказаліся за аб''яднаньне, і мы чакаем ад іх канкрэтнай прапановы, як гэта зрабіць, таму што рашэньне аб аб''яднаньні можа прыняць толькі зьезд – мы гатовы правесьці пазачарговы зьезд наконт аб''яднаньня, але адзін раз мы ўжо праходзілі такую сытуацыю, калі нас проста хацелі ўвесьці ў зман, хацелі падпарадкаваць нашую партыю іншай партыі – на гэта мы ніколі ня пойдзем”.

“Гэта няпраўда, што я нерашучы чалавек – я памяркоўны чалавек”

Пытаньні ад мінакоў з вуліцаў Наваполацку

Пытаньне: “Як студэнт, хацеў бы спытацца, як паўплывалі вашыя годы вучобы ва ўнівэрсытэце на вашае жыцьцё, характар, сьветапогляд?”

Шушкевіч: “Ведаеце, я лічу, што ўнівэрсытэт даў мне практычна ўсё – спэцыяльнасьць, уменьне гаварыць зь людзьмі, уменьне выкладаць, навучыў мяне вучыцца... Калі б я быў толькі з тымі ведамі, якія атрымаў пасьля ўнівэрсытэту, нават пасьля абароны доктарскай дысэртацыі ў 1970 годзе, я быў бы нікім. Унівэрсытэт навучыў мяне вучыцца і паважаць тых, хто хоча вучыцца, і гэта галоўнае, што ён мне даў. Я з радасьцю ўзгадваю студэнцкія гады, найлепшыя гады майго жыцьця”.

Пытаньне: “Існуе думка, што ў сярэдзіне 1990-х Зянон Станіслававіч Пазьняк быў вельмі рашучы, можа нават занадта, а Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч быў задужа нерашучы. Я б хацеў спытацца сп.Шушкевіча: што ён думае наконт гэтай тэзы?”

Шушкевіч: “Ведаеце, калі рашучасьць прывяла чалавека ў палітычную ізаляцыю, і калі ён зьбег у іншую краіну і адтуль дае ўжо 10 гадоў парады, што мы павінны рабіць, ня вельмі ўсьведамляючы, што тут адбылося, то я ўсё ж такі пагадзіўся б з тым, што вы называеце маёй нерашучасьцю.

Гэта няпраўда, што я нерашучы чалавек – я памяркоўны чалавек. Трэба бачыць пэрспэктыву і бачыць найлепшы варыянт, які можа быць у дадзенай сытуацыі, а ісьці напралом – можна толькі сапсаваць справу. Паглядзіце, чаго мы дасягнулі, дзякуючы таму, што вы называеце маёй нерашучасьцю. Мы зацьвердзілі наш герб, беларускую мову як адзіную дзяржаўную мову...”

Знаткевіч: “Але нехта можа сказаць, што гэта заслуга і Пазьняка ў тым ліку, ня толькі ваша...”

Шушкевіч: “Я ведаю. Але калі б я быў такі нерашучы, то ці змагаўся б я так з камуністамі, якія ня ведалі, што такое беларуская мова, асабліва з вэтэранамі? Гэта многае нам дало. Мы вывелі ядзерную зброю, прынялі Дэклярацыю аб незалежнасьці – дарэчы, калі вы гаворыце, што гэта заслуга Пазьняка, дык БНФ-аўцы ж выйшлі з залі, калі галасавалі за Дэклярацыю аб незалежнасьці, а сёньня яны гэтым ганарацца больш чым іншым...

Мы можам доўга гаварыць на гэтую тэму... Мы павінны заставацца разам, бо вельмі многа зрабіў Зянон Станіслававіч, многа зрабіў Беларускі Народны Фронт, але яшчэ ёсьць над чым працаваць, і давайце будзем працаваць далей”.

“У міратворчых канфэрэнцыях Муна ўдзельнічалі былыя кіраўнікі Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Польшчы, рэспублік былога СССР”

Пытаньне: “Ці падзяляе ваш сьветапогляд вашая "другая палавінка" ў жыцьці, вашая жонка?”

Шушкевіч: “Кожны нармалёвы чалавек мае сям''ю, і сям''я – гэта сьвятое. Я больш за ўсё ганаруся тым, што мы часта бываем разам з жонкай, і што мая ўнучка сёньня – лепшая беларуска чым я”.

Пытаньне: “Што вы лічыце сваім вялікім дасягненьнім у жыцьці, што вам гэта дало і ці ганарыцеся вы гэтым?”

Шушкевіч: “Я б доўга не задумваўся над гэтым, але тая матывацыя, якую прывёў былы польскі прэзыдэнт Лех Валэнса, намінуючы мяне на Нобэлеўскую прэмію міру, мне здаецца, яна адпавядае майму разуменьню... Можа, гэта вельмі нясьціпла, так гаварыць, але ўсё ж мой крок па вываду ядзернай зброі без усялякіх перадумоў – гэта найлепшае дасягненьне Беларусі. Людзі могуць спаць спакойна, таму што Беларусі пагражала зьнішчэньне як пляцдарму, на якім была разьмешчаная ядзерная зброя”.

Пытаньне: “Калі ўжо наша "доблестная" прапаганда тут вас залічыла ў сэкту нейкіх "трасуноў", то навошта езьдзіць у Паўночную Карэю, і тут “трасуны” ёсьць, а задно прыхапіць і гэтых прапагандыстаў...”

Шушкевіч: “Вы ведаеце, вы самі адказалі на ваша пытаньне, таму што сьмех сьмехам, а ўтвараць зь некага сэктанта... Я, дарэчы, знаёмы з Мунам, чалавекам, які быў на чале царквы і цяпер застаецца, але ніякага дачыненьня да дзейнасьці царквы ня маю. А што да міратворчых ініцыятываў гэтага чалавека, то я вам шчыра скажу – яны мне падабаюцца, і што да прынцыпаў, якіх ён рэкамэндуе прытрымлівацца маладым – яны мне таксама падабаюцца, таму што гэта хрысьціянскія прынцыпы. А міратворчыя ініцыятывы – у гэтых канфэрэнцыях удзельнічалі, заўважце, такія выбітныя палітыкі як Эдвард Гіт, былы прэм''ер-міністар Вялікай Брытаніі, Рыхард фон Вайзэкер, былы прэзыдэнт Нямеччыны, Лех Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы, і фактычна ўсе былыя кіраўнікі парлямэнтаў і ўрадаў рэспублік былога СССР...”
XS
SM
MD
LG