Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пэнсіянэры: “Штодня хлеб, малако. Мяса толькі ў сьвяты”


Іна Студзінская”, Менск Зь верасьня ў Беларусі падаражэлі асноўныя харчы — хлеб, мука, малако. Як абвясьціў намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч, цэны падняліся нязначна — на 3—6%. Ці адчулі падвышэньне коштаў пэнсіянэры? Наша карэспандэнтка наведала харчовую краму.

Самы звычайны гастраном у мікрараёне Ўсход. Мікрараён будаваўся ў 1970-я гады, таму цяпер тут жыве вельмі шмат пэнсіянэраў.

Толькі што скончыўся дождж, і яны ланцужком пацягнуліся ў краму.

Зьвяртаюся да жанчыны сталага ўзросту: “Вось што вы кожны дзень купляеце ў краме?”

Спадарыня: “Хлеб, малако. Тваражок ня кожны дзень. Мяса толькі ў сьвяты, кажу шчыра. Кожны дзень не пашыкуеш”.

Карэспандэнтка: “А заўважылі, на колькі падаражэлі малако, хлеб?”

Спадарыня: “Увогуле здаецца, што не нашмат. Малако, да прыкладу, на 60 рублёў. На хлеб накінулі дзесьці 50—80 рублёў (на розныя гатункі). Але калі набіраеш кошык прадуктаў, атрымліваецца адчувальна. Дзесьці тысячы 3-4 штодня пераплачваю за прадукты ў параўнаньні з тым, што плаціла за тое самае месяц таму”.

Карэспандэнтка: “А што істотней за ўсё падаражэла, якія прадукты?”

Спадарыня: “Вельмі значна падаражэў алей сланечнікавы — разы ў два як мінімум. Істотна падаражэла гародніна, і як я чула, наш урад уводзіць яшчэ і мыта на цыбулю, буракі, моркву, так што ўсё, што да нас павязуць з Украіны, Расеі, будзе каштаваць у два-тры разы даражэй”.

Карэспандэнтка: “Вось гэта падаражэньне адчувальнае для вашай кішэні?”

Спадарыня: “Уся пэнсія ідзе, выбачайце, на ўнітаз. І не таму, што мы з мужам такія гурманы. Мы ямо самую звычайную ежу, не шыкуем. Але ўсе грошы ідуць на прадукты”.

Карэспандэнтка: “Але на якія прадукты? Можа, на далікатэсы?”

Спадарыня: “Далікатэсам становіцца ўжо самая звычайная ежа — да прыкладу, рыба. Марская рыба цяпер вельмі дарагая, таму атрымліваецца, што гэта далікатэс. Мяса добрае, каб прыгатаваць адбіўную, альбо тая ж цяляціна, якая лічыцца дыетычным прадуктам, карысным, нятлустым — яны ж каштуюць бог ведае колькі!”

Карэспандэнтка: “А колькі?”

Спадарыня: “Тысяч васямнаццаць за цяляціну на рынку просяць. Дзе ж за такія грошы купіш?”

Спадарыня Галіна жыве з мужам, і яшчэ неяк канцы з канцамі сточвае.

А вось 80-гадовая Марыя жыве з хворым сынам:

“У мяне сын з інсультам ляжыць. Вось іду ў краму, каб штосьці купіць. Ня ведаю, куплю што-небудзь ці не, бо грошай мала зусім. Во якое жыцьцё настала: была ў канцлягеры, а цяпер пэнсію зьнялі”.
XS
SM
MD
LG