Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў не жадае замірыцца з БХК


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў да разгляду скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту на Савет міністраў і Міністэрства фінансаў. Калі пачнецца працэс, пакуль не вядома.

Рашэньне разглядаць скаргу сёньня прыняла судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Кацярына Караткевіч.

Праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту гэтым вельмі задаволеныя. Яны кажуць, што ім маглі й адмовіць у разглядзе скаргі, спаслаўшыся на тое, што раней гэты самы суд прызнаў Беларускі Хэльсынскі камітэт вінаватым у нявыплаце падаткаў з тэхнічнай дапамогі па лініі праграмы ТАСІS.

Старшыня БХК Тацяна Процька гэтак камэнтуе рашэньне:

“Можа, мы ўжо сталі на шлях прававой дзяржавы і норма Канстытуцыі стане рэальнасьцю — хаця б для адной грамадзкай арганізацыі?”

Нагадаю, праваабаронцы просяць прызнаць урад і Міністэрства фінансаў вінаватымі ў тым, што ў арганізацыі сканфіскавалі маёмасьць за нявыплату падаткаў. Яны спасылаюцца на тое, што Эўразьвяз дамовіўся з урадам Беларусі пра льготы ў падатках з замежнай тэхнічнай дапамогі для грамадзкіх арганізацыяў.

Аднак ў пачатку 2000-х гадоў болей як на год гэтыя льготы адмянілі. Тым часам праваабаронцы працавалі паводле ранейшай схемы, бо на падаткі ў Беларусі ім грошай з Эўропы проста не давалі.

Цікава, што і ад чыноўнікаў ураду да БХК заўвагаў не было. Потым ільготы зноў увялі, але за час, калі іх не было, падатковая служба налічыла падатак ды яшчэ і штрафы, а суд сканфіскаваў маёмасьць.

Заўважу, што гэта быў менавіта Вышэйшы гаспадарчы суд, той самы, які сёньня вырашыў усё ж разгледзець прэтэнзіі праваабаронцаў да ўраду. Таму адказаць на пытаньне, якім будзе вынік гэтага разгляду, у БХК не бяруцца, хаця і не выключаюць, што перамогуць.

Што да пазыцыі ўраду і Мінфіну, яна выглядае нязьменнай. Прадстаўнік Саўміну ў суд сёньня ўвогуле не зьявіўся, а прадстаўнік Міністэрства фінансаў Юры Тодрык заявіў пра нежаданьне замірыцца.

Спадар Тодрык у сваёй прамове спаслаўся на рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду, які ўжо прызнаваў доўг праваабаронцаў перад бюджэтам.

Судзьдзя Кацярына Караткевіч папярэдзіла бакі, што будзе прызначаць дзень пачатку слуханьняў прыкладна два тыдні.

• БХК не выключае, што ўрад захоча замірыцца, 13.09.2007 • Беларускі Хэльсынскі камітэт будзе судзіцца з урадам, 4.09.2007
XS
SM
MD
LG