Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што скажа М.Гарбачоў пра будаўніцтва АЭС у Беларусі?


Ігар Карней, Менск Сёньня Міністэрства энэргетыкі афіцыйна паведаміла, што падрыхтоўка бізнэс-пляну на будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі завершыцца да канца 2008 году. Некалькімі днямі раней прадстаўнікі Нацыянальнай Акадэміі навук удакладнілі, што як пляцоўкі пад АЭС разглядаюцца два месцы ў Магілёўскай вобласьці і адно ў Гарадзенскай, на мяжы зь Літвой. Беларускія і міжнародныя экалягічныя арганізацыі настойваюць на грамадзкім абмеркаваньні будаўніцтва беларускай АЭС, спасылаючыся перадусім на сумную спадчыну найвялікшай тэхнагеннай катастрофы, да якой спрычыніўся “мірны атам”.

Галоўным аргумэнтам у справе будаўніцтва АЭС зацікаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі называюць зьніжэньне сабекошту электраэнэргіі ў Беларусі на 25—30%.

Праціўнікі ідэі пабудовы ў Беларусі такога энэргетычнага аб’екту спасылаюцца на досьвед аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі замест чаканай эканоміі даводзіцца дзесяцігодзьдзямі плаціць па рахунках.

Ці непакоіць беларуская АЭС першага прэзыдэнта СССР?

Адным з заснавальнікаў міжнароднай экалягічнай арганізацыі “Зялёны крыж” напачатку 1990-х стаў першы і апошні прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Сябрамі зарэгістраванай у Швайцарыі арганізацыі — тры дзясяткі нацыянальных падразьдзяленьняў “Зялёнага крыжа” па ўсім сьвеце, якія скіроўваюць сваю дзейнасьць на “вырашэньне шырокага кола экалягічных праблемаў і абарону агульначалавечых каштоўнасьцяў”.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве “Зялёнага крыжа” ў Беларусі, Міхаіл Гарбачоў балюча ўспрымае ініцыятывы, накіраваныя на выкарыстаньне атамнай энэргетыкі.

Паводле кіраўніка прадстаўніцтва Ўладзімера Шаўцова, у палітыка ёсьць для гэтага і асабістыя прычыны:

“Рэч у тым, што Чарнобыль у яго – вельмі балючая кропка. Таму што трагедыя здарылася ў ягоныя гады кіраваньня, і таму многа на гэтым закручана. Тэма вельмі складаная, ён заўсёды вельмі хваравіта на яе рэагуе.

Бо з гледзішча Чарнобылю, увогуле з гледзішча чалавечай культуры, агульнае разуменьне сытуацыі ў пасьлясавецкіх людзей настолькі нізкае, што працаваць з высокімі тэхналёгіямі проста небясьпечна. Таму, з улікам чарнобыльскага досьведу, наўпрост можна казаць пра надзвычай нізкую культуру. А нізкая культура — гэта заўсёды небясьпека. Гэта і новы Чарнобыль, і што заўгодна”.

Будаўніцтва АЭС патрабуе ўзьвядзеньня сховішча адкідаў

Пакуль Міхаіл Гарбачоў публічна не агучыў свайго стаўленьня да плянаў пабудаваць у Беларусі АЭС. Аднак дзейнасьць экалягічнага падразьдзяленьня арганізацыі “Зялёны крыж” у Беларусі, апекаванага ім, перадусім накіраваная на гуманітарныя праекты ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС:

“Мы займаемся цяпер пераважна адукацыйнымі праектамі. І другі кірунак, які актыўна распрацоўваем, — укараненьне мэдычных тэхналёгіяў у чарнобыльскіх рэгіёнах. Так, для Брагінскага раёну наладзілі шырокую мэдычную інфармацыйную сыстэму.

Працуем са школьнікамі, праводзім для іх аздараўленчыя адукацыйныя лягеры. Амаль штогод яны міжнародныя — у нас і расейцы, і ўкраінцы бываюць. З настаўнікамі шчыльна працуем. Гэта праца, як мне падаецца, больш фундамэнтальная, не павярхоўная”.

Будаўніцтва АЭС — толькі вяршыня праекту. Далей запатрабуецца будаўніцтва дадатковага сховішча радыяактыўных адкідаў.

Як удакладніў загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Уладзімер Скурат, цяпер існуюць два сховішчы ў Соснах пад Менскам, аднак для захаваньня адкідаў з АЭС яны не прыстасаваныя:

“У якім бы іншым заселеным месцы атамная электрастанцыя не будавалася, але з АЭС ня будуць везьці адкіды сюды, пад Менск. Ніхто і не плянуе нават такога. Найперш, далёка, а па-другое, гэта ж гарадзкая рыса практычна”.

Былы галоўны лекар Клінікі радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі ў Аксакаўшчыне, кандыдат мэдычных навук Сяргей Карыцька перакананы: тая ж чарнобыльская катастрофа, на якую трэба зважаць падчас рэалізацыі такіх праектаў, паказвае ня толькі маштаб пагаршэньня здароўя нацыі, але і эканамічныя страты:

“Калі ўсю чарнобыльскую тэматыку браць у комплексе, то той жа Чарнобыль разам зь іншымі фактарамі прывёў да эканамічнага крызісу.

Было шмат і іншых наступстваў, але ж Чарнобыль зрабіў свой нэгатыўны ўнёсак ва ўсё гэтыя непатрэбныя працы ў дэгазацыі, дэзактывацыі. Гэта ж масу грошай трэба было патраціць! Былі спаралізаваныя ці нават зьліквідаваныя цэлыя раёны! То бок, вялізны “ўклад” Чарнобылю ў эканамічны крызіс. Ад гэтага таксама людзям горш стала. Дык чаму ня можа быць і эканамічная сытуацыя часткай чарнобыльскага фактару?”

• Беларускую АЭС могуць наблізіць да Эўразьвязу?, 6.09.2007
XS
SM
MD
LG