Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слаўгарад: Прупой, Прапошак ці Прапойск?


Віталь Сямашка, Слаўгарад Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Так атрымалася, што свае чарнобыльскія вандроўкі праз тры гады пасьля катастрофы, пачынаў на Магілёўшчыне са Слаўгараду.

Горад ды навакольныя мясьціны часткова знаходзіліся ў зоне адсяленьня — узровень радыяцыі вагаўся там ад 15 кюры і вышэй.

Дагэтуль перад вачыма тры абгарэлыя хаціны з дахамі, зарослымі мохам, — галоўным назапашвальнікам радыяцыі. Іх проста скінулі ля шашы перад местам. Паказалі ўсім змрочны сымбаль Чарнобылю.

Фэлікс Шкірманкоў, колішні першы дэмакратычна абраны ў правінцыйнай Магілёўшчыне старшыня гарсавету, таксама ўспомніў тыя хаціны, коратка сказаўшы, што пры ім...

Шкірманкоў: “Памятаю, іх прыбралі ў магільнік...”

Спадару Шкірманкову сёньня восемдзесят два. Яго называюць жывой гісторыяй посткамуністычнай і пасьлячарнобыльскай Слаўгарадчыны. Фэлікс Уладзімеравіч прайшоў усю Айчынную вайну, дзе быў чатыры разы паранены і атрымаў другую групу інваліднасьці.

У савецкі час працаваў на Калыме, Чукотцы, Ахоцкім узьбярэжжы на пошуках радовішчаў урану і золата. Тым ня менш, залатыя, як сам кажа, гады прыпадаюць на васьмідзясятыя, калі вярнуўся на малую радзіму.

Згадваем тыя часіны, разумеючы, што запісваем так і не вядомую большасьці мясцовых гісторыю.



Шкірманкоў: “Калі чарнобыльская трагедыя здарылася, я аказаўся адзіным чалавекам у Слаўгарадзе, які меў досьвед як прафэсіянал. Ведаў, якую небясьпеку ўяўляе гэты “мірны атам”.

У той час я быў сябрам райкаму партыі, і прыехаў першы сакратар абкаму Лявонаў. Ён спадабаўся мне сваімі поглядамі. І на пленуме ён прапанаваў стварыць грамадзкую чарнобыльскую камісію, а старшынём абраць мяне.

Камісіі надалі вялікія паўнамоцтвы — яна мела права запытвацца ў кожнага кіраўніка, як выкарыстоўваюцца чарнобыльскія сродкі. І даведаліся, што столькі было лухты, паказухі!

У горадзе ўзламалі тратуарныя пліты, што маглі служыць, і клалі новыя. Працягвалі сельгаспрацы на забароненых для пасеву землях, дзе забруджваньне было больш за 15 кюры на квадратны кілямэтар. І потым гэтая “ўраджайнасьць”, каб была добрая, расьпісвалася на гектары афіцыйных справаздачаў”.

Шкірманкоў з паплечнікамі арганізавалі першы ў Слаўгарадзе апазыцыйны мітынг. Пад рэзалюцыяй аб адстаўцы камуністычнага кіраўніцтва ў васьмітысячным тады горадзе выстаяла дзьвюхгадзінную чаргу падпісацца больш за паўтысячы чалавек.

Сам Шкірманкоў уступіў у шэрагі БНФ, арганізаваў адпраўку соцень дзяцей на аздараўленьне ў Нямеччыну праз фонд “Дзеці Чарнобылю” Генадзя Грушавога. Адначасова балятаваўся ў Вярхоўны ды гарадзкі саветы.

Быў неверагодны ўздым, успамінае спадар Фэлікс.

Шкірманкоў: “Людзі ўпершыню адчулі, што не ад райкаму партыі залежыць, хто будзе ў Вярхоўным Савеце, а ад іх. І паверылі ў гэта! І калі назвалі маё прозьвішча, заля паднялася. І былі такія воплескі, што запомніў на ўсё жыцьцё. Я паверыў, што перамога гарантаваная. Але я быў вельмі наіўным”.

Супраць Шкірманкова пачалася паклёпніцкая кампанія ў друку — маўляў, “калі геоляг, дык лятун”, “пагнаўся за доўгім рублём”. На выбарах мэра на сэсіі гарсавету падрабілі пратаколы галасаваньня.

Справа атрымала ўсебеларускі рэзананс. Адбылося паўторнае галасаваньне, па выніках якога спадар Фэлікс быў аднагалосна абраны старшынём. Дэмакраты дамагліся, каб сродкі на ліквідацыю наступстваў Чарнобылю наўпрост накіроўваліся ў гарсавет.

Шкірманкоў: “Адразу заасфальтаваныя былі тэрыторыі, і вялікая праца была дзеля накіраваньня дзяцей за мяжу”.

Але прыход Лукашэнкі прымусіў Шкірманкова падаць у адстаўку.

Шкірманкоў: “У 1994 годзе мне ўжо стала зразумела, што гэты прэзыдэнт вядзе да скасаваньня ўсіх дэмакратычных пачаткаў. Паўстала дылема — заставацца на пасадзе, значыць, служыць тым сілам, якіх не магу падтрымаць.

Супраціўляцца магчымасьцяў няма — прымаюцца дэкрэты, фінансаваньне адабралі. Тады напісаў заяву, што “ў сувязі з тым, што не прымаю ўнутраняй і замежнай палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі, прашу вызваліць ад пасады старшыні гарсавету”.

Мне адмовілі — “трэба да канца стаяць”. Я кажу — каб толькі атрымліваць заробак, а людзі на цябе пляваліся?! Карацей, упрасіў...”

Сёньня сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Фэлікс Шкірманкоў вызначае сваю сытуацыю ў Слаўгарадзе як “інфармацыйную блякаду”. Усё адбылося пасьля выхаду ў мінулым годзе ў “Кнігазборы Народнага фронту” зборніка яго вострапалітычных вершаў “Крычыць, баліць мая душа...”.

Шкірманкоў: “І калі да гэтага рэгулярна друкаваўся ў раённай газэце, мяне запрашалі на сустрэчы з вучнямі, тут усё як адрубілі. Выходзіць газэта — верш не надрукаваны”.

Я пабываў у рэдакцыі раённай газэты “Прысожскі край”. Размова з намесьнікам рэдактара Ўладзімерам Рыжанковым пачалася, нібыта, прыстойна.

Рыжанкоў: “Назва зьмянілася ў канцы мінулага году — “Ленінскае слова” на “Прысожскі край”. Ініцыятыва наша, бо назва страціла актуальнасьць Узялі ў яе геаграфічнае становішча раёну — на беразе Сажа...”

Калі ж загаварылі пра найбольш балючыя тэмы, што хвалююць чытачоў, твар Рыжанкова скамянеў. Яснай стала і адмова друкаваць Шкірманкова.

Рыжаноў: “Найбольш хвалюе не беспрацоўе, а жыльлёва-камунальная гаспадарка — дарогі сьмецьце. І ня ў рысе гораду. Цяпер на вёсках ня могуць знайсьці гаспадара, хто павінен рамантаваць.

У нас поўнае ўзаемаразуменьне, узаемадапамога і ўзаемапавага з вэртыкальлю. Яна ў якасьці кіраўніка, дарадцы, куратара. Старшыня райвыканкаму Ўладзімер Пятровіч Даніленка заўсёды цікавіцца газэтай. Калі лічыць, што трэба было інакш напісаць ці нешта яму не спадабаецца, — выклікае. І ў канструктыўнай размове знаходзім кампраміс”.

* * *

А зараз тое, пра што не напішуць у “Прысожскім краі”, але чым, паводле суразмоўцаў, рэальна жыве тутэйшы люд.

Адзін зь першых слаўгарадзкіх прадпрымальнікаў, 48-гадовы Валеры Іванько лічыць, што эканамічная катастрофа ўжо надышла. У горадзе татальнае беспрацоўе. Колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў апошнім часам скарацілася са 150 да 125.

Пасьля 360-га прэзыдэнцкага ўказу, што забараняе мець наёмных рабочых, пад пагрозай звальненьня яшчэ 130 чалавек. Усё вакол згортваецца, кажа Валеры.



Іванько: “Мы самі ня ведаем, куды далей ісьці з такой пакупніцкай здольнасьцю. Сярэдняя выручка ў дзень — добра, калі 100—150 тысяч. З гэтага трэба заплаціць падатак, НДС, у пэнсійны фонд — цяпер гэта дзьве базавыя велічыні. Другі месяц і ў мінусе можам застацца. Масласырзавод стратны, атрымліваюць там тры-чатыры сотні.

Людзі ваўкамі глядзяць адзін на аднаго, гатовыя падседзець, каб працу знайсьці. Сушыльны завод стаіць — няма заказаў. Людзі жывуць вельмі-вельмі бедна. Працаздольныя маладыя ў асноўным зьехалі на працу ў Расею. І з кожным днём усё больш і больш...”

Я ў Слаўгарадзкім дзяржаўным прафэсійным ліцэі, дзе хлопцы вучацца на мэханізатараў з правамі кіроўцы, а дзяўчаты на “гаспадыняў”. Так афіцыйна называецца новая прафэсія, што аб’ядноўвае навыкі ранейшых швачкі, даяркі ды паварыхі.

Твар выкладчыка інфарматыкі Аляксандра Халеева быў пахмурны, калі ён апавёў, што будынкі ліцэю ды інтэрнату, дзе жывуць да трох соцень вучняў з трох раёнаў Магілёўшчыны, месьцяцца на тэрыторыі, дзе ўзровень радыяцыі 12 кюры — амаль мяжа адсяленьня.



Халееў: “Ёсьць месцы, дзе адсялялі людзей, а цяпер засяляюць ізноў. У Новай Слабадзе высялялі, а цяпер аграгарадок. У Гальшыне таксама...”

Каб уявіць, што значыць жыць у “забароненай зоне”, як пасьля 1986-га называліся выселеныя тэрыторыі, яшчэ адзін успамін ад Фэлікса Шкірманкова:

Шкірманкоў: “У першы год пасьля чарнобыльскай трагедыі заўважыў, як у каштана, што пасадзіў каля хаты, стала лісьце неверагодна вялікіх памераў. Узяў лінейку — кожны лісток 55 сантымэтраў! Зьбіраючыся на рыбалку, трэба было чарвякоў падкапаць. І я выкапаў лічынку майскага жука. Звычайны яе памер — паўтара-два сантымэтры. А даўжыня гэтай даходзіла да дзесяці. Гэта ўзьдзеяньне радыяцыі на ўсё жывое”.

Дзеружынскі: “Пазалетась у каледжы было каля двух чалавек на месца. Цяпер конкурсу няма — дэмаграфічная сытуацыя, шмат выехала з-за радыяцыі...” — гэта далучыўся выкладчык гісторыі, краязнаўца Аляксандар Дзеружынскі.

Згадваю старую назву мясьцінаў — Прапойск. Суразмоўца ўключае кампутар і выдае вэрсіі паходжаньня назвы.

Дзеружынскі: “Называў было некалькі — Прупой, Прапошак, затым ужо Прапойск. У 1945-м перайменаваны ў Слаўгарад. Яшчэ пры князю Галіцыну было 32 карчмы, вінакурняў шмат.

Ёсьць легенда, што калі людзі па Сажы з Расеі вярталіся з таварам, клаліся на пастой і спускалі тут усе заробленыя грошы...”

Паколькі раённага краязнаўчага музэю Слаўгарад ня мае, у каледжы пайшлі на экспэрымэнт. Стварылі першы ў краіне віртуальны музэй у інтэрнэце. Слова яго невіртуальнаму дырэктару спадару Халееву:

Халееў: “Аналягаў у беларускім інтэрнэце няма. Ёсьць спэцыялізаваныя краязнаўчыя сайты музэяў. Але там у выглядзе рэклямы — прыяжджайце да нас, правядзем экскурсію. А тут як аналяг — можна браць і скарыстоўваць інфармацыю”.

* * *

Дзеці: “Драст-вуй-те-е!”

Так мяне сустрэлі непадалёк, у двухпавярховым катэджы, дзе жыве вядомая ў Слаўгарадзе шматдзетная сям’я Ціханавых. Душой і, так бы мовіць, арганізатаркай яго зьяўляецца 41-гадовая Ларыса. Яе прафэсія цяпер гучыць як “выхавацель сямейнага дзіцячага дому”. Мае чатырох сваіх дзяцей, дзевяць прыёмных і ўжо адну ўнучку.

Будаўніцтва другога паверху аплаціў дабрачынны беларуска-ангельскі фонд “Дапаможам дзецям жыць”. Ларыса стварае вакол сябе атмасфэру шчырасьці ды цеплыні — што адчувальна зь першых хвілінаў знаёмства.



Ларыса: “У мяне прыёмная самая малодшая дзяўчынка Маша — скажы, колькі табе годзікаў?”

Маша: “Шэсьць...”

Ларыса: “Унучцы чатыры. А сваёй дзяўчынцы — Настасьсі Аляксандраўне — паўгодзіка споўнілася. Мы ўсе кажам, што гэта наш будучы прэзыдэнт — усё слухае, глядзіць.

Гэта мой лёс, напэўна. У маёй цёткі трынаццаць сваіх дзяцей. І мне заўсёды падабалася, што яны сядаюць за вялікі стол, вячэраюць, сьнедаюць разам. Гоман, сьмех. І маленькая ўсё зь дзецьмі гуляла. І вырашыла, што нас павінна быць шмат.

Працуем усе разам, дзеткі ўсе дапамагаюць. Хтосьці бульбачку чысьціць, хтосьці наразае. У агародзе разам працуем. Хлопцы гной выкідаюць, салому падкладаюць, дроў прынясуць, пасякуць. Усё сваё — каровы, сьвіньні, куры, сабачка Дзік...”

На дзяржаву спадзяваньняў няма, кажа гаспадыня.

Ларыса: “Дапамога на прыёмных дзяцей — 150 тысяч на чалавека. Канечне, памер невялікі — купіць абутак ці куртачку. А ў гэтым годзе ў мяне Жэня ды Слава выпускнікі, праз год дзяўчаты — а яны любяць прыбірацца.

Выкручваемся — і я, і гаспадар пазыкі ў банку бярэм. Гасім, ізноў бярэм. У іх чатыры прозьвішчы — Гасіны, Еляенкавы, Падаляк і Ціханавы. Кажу, трэба жыць кучкай. Нават калі мяне ня стане, трэба, каб вы адзін аднаго памяталі, ня кідалі, дапамагалі ў бядзе і ў радасьці.

Калі самы апошні выйдзе з хаты, палічу, што зрабіла добрую справу. Тады будзе ў нас адчуваньне, што жывем у слаўным горадзе, а не ў Прапойску...”

Перад ад’ездам п’ем са спадаром Шкірманковым гарбату зь лімонам, сарваным з дрэва, што расьце ў пакоі. На стале — вінаград зь цяпліцы, што не саступае смакам паўднёваму. Але з сэрца ідуць іншыя словы...

Шкірманкоў: “У мяне ад ранку да вечару не выходзіць з душы і галавы — ці пачуеце вы дзе-небудзь беларускае слова ў Слаўгарадзе?! Прайдзеце ў дзіцячыя садкі, школы, у любую ўстанову!

Аднойчы прыйшоў даць тэлеграму — павіншаваць Гілевіча з днём нараджэньня. Дык яны ў мяне не хацелі прыняць. Кажу: не, даражэнькія, гэта дзяржаўная і мая родная мова!”

Спадар Фэлікс кажа пра патаемнае:

Шкірманоў: “Ёсьць у мяне верш, прысьвечаны Слаўгараду. Я мару прачытаць яго ў дзень, калі адбудзецца, напэўна, апошняе вызваленьне ад таго, што маем сёньня, што завецца лукашызмам”.

Горад мой — я віншую са сьвятам і цябе, і тваіх жыхароў. Зычу шчасьця кватэрам і хатам, незасмучаным болем гадоў. Вызваленьня з надзеяй чакалі зь першым сьнегам, у першы мароз. За цябе сьмерць салдаты прымалі і крывавілі Проню і Сож... Ні вайна, ні Чарнобылю хмара не забілі цябе — не змаглі. Слаўгарад — сьветлая мара на няскоранай нашай зямлі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG