Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамэн belsat.by не прадаецца!


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава; Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва новага спадарожнікавага каналу “Белсат” паведаміла сёньня, што адпаведныя беларускія структуры адмовілі каналу ў набыцьці дамэну belsat.by, прычым фірма-пасярэднік, якая выступала ад імя “Белсату” заяўляе, што прычыны адмовы беларускі бок не патлумачыў.

“Белсат” зьвярнуўся да фірмы home.pl з запытам, ці можна набыць адрас belsat.by для інтэрнэт-старонкі каналу. Фірма спраўдзіла – гэты дамэн вольны, і запэўніла канал, што ён будзе набыты для “Белсату”.

Аднак празь некалькі дзён фірма home.pl паведаміла каналу, што беларускі бок адмовіўся прадаць дамэн belsat.by, ніяк не патлумачыўшы сваё рашэньне. Паводле прадстаўніка фірмы з такой сытуацыяй home.pl сустракаецца ўпершыню.

Вось як пракамэнтавала сытуацыю дырэктар каналу “Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы:

“Я ўвогуле не разумею гэтага кроку. Мне падаецца, што калі нам адмаўляюць у набыцьці дамэну, дык тыя, хто прыняў такое рашэньне, меркавалі, што там будзе зьмешчаная нейкая неадпаведная інфармацыя. Але гэта пакуль толькі дамэн, і ў ягонай назьве няма нічога, што магло кагосьці абурыць. Гэта мяне непакоіць, бо калі зарэгістраваць дамэн – гэта ўжо праблема, дык нічога добрага для свабоды слова ў Беларусі чакаць не выпадае. Калі назоў перашкаджае, дык што ўжо казаць пра зьмест”.

Паводле спадарыні Рамашэўскай, старонка “Белсату” ў інтэрнэце ўсё адно зьявіцца.

“Мы ўжо маем зарэгістраваныя дамэны – belsat.eu, belsat.com, так што з гэтым няма праблемаў – будзем разьмяшчаць нашую старонку там. Мы папросту хацелі, каб старонка каналу была таксама і на беларускім дамэне”.

***

Манапольнае права на рэгістрацыю інтэрнэт-адрасоў у зоне by мае кампанія “Адкрыты кантакт”. У абмежаванай колькасьці рэгіструе дамэн by інтэрнэт-правайдэр “Дзелавая сетка”, але ўрэшце ўсё роўна даводзіцца ўзгадняць працэдуру з “Адкрытым кантактам”.

На думку спэцыялістаў інтэрнэт-галіны, беларускія расцэнкі за згаданую паслугу непараўнальна вышэйшыя за аналягічныя па-за межамі Беларусі. Дый працэдура рэгістрацыі расьцягваецца ня меней, чым на тыдзень.

У “Адкрытым кантакце” патлумачылі, як пачаць афармленьне заяўкі на адрас у зоне by прыватнай асобе:

“Перадусім заяўка, паводле нашых правілаў, разглядаецца да пяці працоўных дзён. Далей залежыць ад таго, як хутка вы аплаціце паслугу, на гэта вам даецца 30 дзён. За першы год – гэта 130 тысяч рублёў. Другі і наступныя – па 95 тысяч”.

Расцэнкі на дамэн by для юрыдычных фірмаў істотна вышэйшыя.

Сытуацыю з адмовай у набыцьці дамэну belsat.by у “Адкрытым кантакце” камэнтаваць адмовіліся, спаслаўшыся на двухбаковы характар справы.

• Кіраўніцтва Польскага ТБ зацьвердзіла спадарожнікавы канал “Белсат”, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG